У конкурсе малюнкаў перамог пастаўчанін


Фестывальны дзень “Славянскага базару ў Віцебску”, 16 ліпеня, прысвячаўся моладзі. У афіцыйную дэлегацыю нашага раёна ўвайшлі я, другі сакратар райкама ГА “БРСМ” Верані­ка Казлоўская, сакратар пярвічкі малочнага завода Таццяна Падрэз, інспектар па кадрах філіяла “ДЭУ-33 Віцебскаблаўтадар” Сяргей Падрэз і трое актывістаў школьнага жыцця: Кацярына Мацюшонак, Улад Касцень і Улад Антановіч. А ў дзень адкрыцця фестывалю ў святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел нашы барабаншчыцы-мажарэткі і музыканты духавога аркестра каледжа. Такім чынам прадстаўніцтва маладых пастаўчан было даволі шырокім.

Што тычыцца непасрэдна Дня моладзі, то ўражанні ад яго самыя яркія. Пачаўся ён з маляўнічага арт-парада “Белая Русь у Сэрцы Маім”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных субкультур і аб’яднанняў — велатрэалісты, джамперы, скейтбардысты, роллеры, хадулісты, артысты маладзёжных тэатраў і аркестраў, рэтра-аўтамабілісты і байкеры.

На плошчы Перамогі моладзь віталі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. У праграме Дня былі акцыя “Мы памятаем і ганарымся”, фестывалі маладзёжных субкультур, фарбаў холі, “Агонь танца”, “Бітва дзіджэяў”, калейдаскоп гумару і многае іншае.

У ліку мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў рамках фестывальнага Дня моладзі, быў і конкурс 3D-малюнкаў “Мая Беларусь — мой выбар”. Дык вось, першае месца ў ім сярод удзельнікаў ад усіх абласцей краіны заняў інспектар па кадрах ДЭУ-33 Сяргей Падрэз. Конкурс праводзіўся ў два этапы: першы быў адборачны абласны, другі — фінальны. На першым этапе эскізы работ удзельнікаў падаваліся ў аддзел праектнай дзейнасці ЦК ГА “БРСМ”. На другім этапе тыя, хто прайшоў у фінал, крэйдай малявалі свае работы на асфальце, дакладней, на тратуарнай плітцы. Малюнак пастаўчаніна журы прызнала найлепшым. Работу Сяргея Падрэза і самога пераможцу вы бачыце на гэтых здымках. Віншуем і ганарымся нашым таленавітым земляком. А яшчэ дзякуем начальніку філіяла “ДЭУ-33” Алегу Пятровічу Крукоўскаму за арганізацыю дастаўкі мала­дзёжнай дэлегацыі раёна ў Віцебск.

І. КАРАЛЁВА, першы сакратар райкама ГА “БРСМ”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.