“У нас няма выпадковых людзей”

Общество

У аддзяленні Дзярж­аўтаінспекцыі Пастаўскага РАУС працуе 12 чалавек. Многія з багатым вопытам, добрасумленна выконваюць свае служ­бовыя абавязкі. Сярод іх старшы дзяржаўны аўтаінспектар Андрэй Іванавіч Цымбалюк і старшы інспектар дарожна-патрульнай службы Валерый Вальдэмаравіч Лапыр (на здымку).

Пасля заканчэння Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў лейтэнант Андрэй Цымбалюк пачаў міліцэйскую службу на пасадзе ўчастковага інспектара ў родным Глыбокім. Тры гады працаваў з насельніцтвам аднаго з мікрараёнаў горада. Потым стаў старшым інспектарам па адміністрацыйных правапарушэннях Дзяржаўтаінспекцыі.

— Працаваў з паперамі і камп’ютарам, — успамінае. — Мяне ж больш цікавіла “жывая” работа з людзьмі, цягнула на дарогі. Калі ажаніўся з пастаўчанкай, уладкаваўся ў ДАІ Мядзела, каб было бліжэй дабірацца на работу (у Паставах на той час месца ў РАУС не было). Два гады адслужыў інспектарам дарожна-патрульнай службы, а ў 2010-м перавёўся ў Паставы. Задаволены калектывам. Удзячны за падтрымку, практычныя навыкі, якімі ахвотна дзяліліся начальнік Дзмітрый Мікалаевіч Андрон, а таксама Аляксей Міхайлавіч Залатускі, Валерый Вальдэмаравіч Лапыр, Алег Данатавіч Януш, Андрэй Дзмітрыевіч Ціхановіч. У нас няма выпадковых людзей. Хто прыйшоў у дарожна-патрульную службу, той і працуе з адпаведнай адказнасцю. Гэта датычыць і Віктара Аляксандравіча Гутара, Алега Алегавіча Мацура, Аляксея Аляксеевіча Кандрашэнкі, Андрэя Сяргеевіча Сеніна. Удала ўліліся ў рады ДАІстаў Дзмітрый Жук, Аляксандр Статута.

Гутарыць з Андрэем Цымбалюком прыемна. Ураўнаважаны, кампетэнтны. Расказваючы пра сваю работу, адзначыў, што самае складанае ў супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі — заставацца спакойным і разважлівым у любой сітуацыі, памятаць пра тое, што ты — прадстаўнік дзяржаўнай улады.  А сітуацыі здараюцца розныя. І ў кожнай трэба быць прынцыповым, строгім, справядлівым і ў той жа час чалавечным.

Старшы інспектар дарожна-патрульнай службы Валерый Лапыр — ураджэнец Браслаўшчыны. З дзяцінства марыў стаць мараком. Па прыкладзе старэйшага брата закончыў Кранштацкае мараходнае вучылішча, пяць гадоў хадзіў у мора. Але з пачаткам развалу Савецкага Саюза вымушаны быў вярнуцца на радзіму. У званні сяржанта ўладкаваўся ў Пастаўскі раённы аддзел унутраных спраў, у патрульна-паставую службу. І вось ужо на працягу 18 гадоў адказвае за парадак на дарогах нашага раёна. Завочна закончыў Магілёўскую школу міліцыі. Цяпер ён маёр, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы, у яго падпарадкаванні 8 інспектараў.

— Работа няпростая і вельмі адказная, — гаварыў В. В. Лапыр. — Спраў на дарогах хапае. Асабліва ў выхадныя і святочныя дні, калі ўзрастае паток транспарту. Трапляюцца і недысцыплінаваныя вадзіцелі. Некаторыя часам не хочуць прызнаваць факт правапарушэння. Але патрульныя машыны ДАІ аснашчаны рэгістратарамі, на многіх участках устаноўлены фотафіксатары. Сучаснае абсталяванне і дапамагае ў рабоце. Вялікую ўвагу надаём прафілактычнай рабоце, выступаем перад школьнікамі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Аддзяленне ДАІ — адно з найбольш публічных падраздзяленняў міліцыі. Яго інспектараў з жэзламі жыхары раёна, асабліва аўтааматары, добра ведаюць. Нясём службу і падчас культурна-масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе.

Андрэй Іванавіч Цымбалюк і Валерый Вальдэмаравіч Лапыр сталі сапраўднымі прафесіяналамі. Патрабавальнасцю да парушальнікаў правілаў дарожнага руху, прынцыповасцю ў вырашэнні службовых задач, пачуццём справядлівасці заваявалі аўтарытэт у кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў, калег, павагу сярод аўтамабілістаў Пастаўшчыны.

— Служба ДАІ нашага раёна ўкамплектавана вопытнымі, кваліфікаванымі супрацоўнікамі, — гаварыў начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Дзмітрый Мікалаевіч Андрон. — У нашым аддзяленні пастаянна служылі і служаць прафесіяналы. Іх вопыт, традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Трэцяга ліпеня 1936 года лічыцца днём заснавання Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі. Пастаўскае аддзяленне ў гэтыя дні адзначае сваё 60-годдзе. З гэтай нагоды шчырыя віншаванні адрасую найперш ДАІстам-ветэранам, а таксама ўсім супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі, іх сем’ям. Жадаю моцнага здароўя, спакойных дзяжурстваў на дарогах, дабрабыту.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.