У раёне пачалося жніво

Местная власть

Першымі на Пастаўшчыне да ўборкі зерневых і зернебабовых прыступілі камбайнеры адкрытых акцыянерных таварыстваў “Кураполле-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Хацілы-агра”, “Ярэва-агра”, “Янавіца-агра” і філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”. За тры дні азімыя і яравыя скошаны на 648 гектарах пры плане 18490 га. Намалочана 2247 тон зерня, сярэдняя ўра­джайнасць — 34,7 цэнтнера з гектара.

Калі больш за два тыдні назад у многіх сельгаспрадпрыемствах яшчэ вяліся работы па падрыхтоўцы камбайнаў і сушыльнай гаспадаркі да жніва, то ў ААТ “Кураполле-агра”  ўжо ўбіралі насеннікі шматгадовых траў, на вырошчванні якіх спецыялізуецца гаспадарка. Сёлета толькі злакавыя тут займалі 200 гектараў. Іх абмалот практычна завершаны. Разам  з дапрацоўкай вядзецца  рэалізацыя насення траў. Камбайнеры тым часам цалкам пераключыліся на ўборку зерневых.

— Азімыя і яравыя вырошчвалі сёлета на 1450 гектарах, — расказваў галоўны аграном Сяргей Уладзіміравіч Астапчук. — Зерневыя ўбраны на першай сотні.  Кожны гектар дае ў сярэднім каля 38 цэнтнераў збожжа. Усяго ў полі будуць працаваць 7 камбайнаў. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е.

На здымку: выдатна папрацавалі на абмалоце траў, а цяпер актыўна ўключыліся ва ўборку зерневых камбайнеры Анатолій Чарэнка, Юрый Усовіч і сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Мікалая і Валерыя Адынцоў.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.