“Умець бачыць прыгожае”


Мікалай Мікалаевіч Яльчык, старшыня Курапольскага сельскага Савета.

— Як бы вы самі прадставілі сябе чытачам раёнкі?

— Патрыёт роднай Беларусі, які гатовы служыць яе інтарэсам на працягу ўсяго свайго жыцця.

— А якім было ваша першае жыццёвае выпрабаванне?

— Паступленне ў Кіеўскае вышэйшае ваеннае інжынерна-авіяцыйнае вучылішча. Паверце, гэта было даволі няпроста. Патрабаваліся моцнае здароўе, спартыўная падрыхтоўка, трывалыя веды. Ды і конкурс быў вялікі — пяць чалавек на месца.

— Чалавек з пагонамі афіцэра — гэта…

— Эталон дзяржавы, які мае найлепшыя якасці: дысцыплінаванасць, адказнасць, сумленнасць, прынцыповасць, веру ў свае сілы, гэта ідэал для падначаленых.

— Хто ў сям’і вырашае, што набыць, як адпачыць, на што патраціць грошы?

— Вырашаем сумесна, але ініцыятыва часта ідзе ад жонкі Зоі. З яе прапановамі амаль заўсёды пагаджаюся.

— Дзе навучыліся так цудоўна касіць?

— Навыкі перадала старэйшая сястра Таццяна, ды і было вялікае жаданне ні ў чым не саступаць братам. Нарадзіўся ў вёсцы Заракуша Глускага раёна, што на Магілёўшчыне. У бацькоў нас пяцёра: тры сыны і дзве дачкі. Трымалі дзвюх кароў. Сена для іх нарыхтоўвалі на заліўных лугах каля ракі Пціч. Рабілі ўсё гэта ўручную.

— Любімая тэлеперадача?

— Аддаю перавагу інфармацыйна-аналітычным праграмам. Па магчымасці сачу за падзеямі ў спартыўным жыцці. Тут на першым месцы трансляцыі хакейных і футбольных матчаў, спаборніцтваў па біятлоне. А самая любімая — “Што? Дзе? Калі?”. Яна дапамагае праверыць свой інтэлектуальны ўзровень, успомніць забытае.

— Калі ў апошні раз лічылі зоркі на небе?

— Нядаўна, у час палявання. Колькі налічыў? Каля 200. Увогуле, зорнае неба і ў цэлым астраномія — мая слабасць.

— Ваш любімы музычны твор?

— Люблю шансон, бо гэта адкрытыя, душэўныя, праўдзівыя песні. А яшчэ гатовы бясконца слухаць “Траву у дома” групы “Земляне”.

— Як ставіцеся да экстрыму?

— Да сарака гадоў не раз скакаў з парашутам. А вось цяпер — з вялікай перасцярогай. Проста спрацоў­вае інстынкт самазахоў­вання, бо ёсць шмат прыкладаў, калі экстрым заканчваўся трагедыяй.

— Ці згодны з выказваннем, што прыгажосць выратуе свет?

— Згодны. Прыгажосць — лакаматыў жыцця. Толькі трэба ўмець бачыць прыгожае. Раней людзі ўмелі добра працаваць і цудоўна весяліцца. Цяпер інакш, бо з цягам часу многае змянілася. Такое адчуванне, быццам сучаснай моладзі нічога, акрамя камп’ютара і піва, не трэба.

Гутарыў Юрый КАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.