Умеем працаваць, умеем весяліцца


У рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” прайшоў традыцыйны раённы агляд-конкурс сельскіх падворкаў “Пастаўшчына гасцінная”. Яго пераможцамі выйшлі і занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы Валкоўскі, Казлоўшчынскі і Камайскі сельскія Саветы. Спецыяльнымі прызамі арганізацыйнага камітэта і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” узнагароджаны Варапаеўскі і Навасёлкаўскі сельскія Саветы.

Менш за гадзіну спатрэбілася для таго, каб на плошчы Леніна “вырасла” дзесяць (па колькасці сельскіх Саветаў) непадобных адна на другую па сваім афармленні сядзіб. Іх гаспадары паклапаціліся пра тое, каб паказаць адметнасць менавіта сваіх месцаў, расказаць пра калектывы і іх набыткі, пазнаёміць з захапленнямі сельскіх майстроў і іх разнастайнымі вырабамі, багаццем асабістых падворкаў. Кожны стараўся афор¬міць сваю экспазіцыю з фанта¬зіяй і любоўю, паказаць усё лепшае, чым багаты. А якімі прыгожымі, шчодрымі выглядалі сталы! Яны нагадвалі вялікую выставу, на якой у шырокім асартыменце былі прадстаўлены хатняя выпечка, прыгатаваныя па народных і сучасных арыгінальных рэцэптах стравы з мяса, агародніны і рыбы. Увішныя гаспадыні прапаноўвалі наварыстую юшку, сёлетні мёд, гарачыя бліны з розным начыннем, духмяны чай на зёлках, раўгеню, хатні квас і іншыя напоі. Была на падворках і жыўнасць: баранчык, маладняк птушкі

Тыя, хто любаваўся і частаваўся шчодрымі дарамі роднай зямлі, захапляўся майстэрствам сучасных вясковых жанчын, не мог не звярнуць увагі на стэнды з фотаздымкамі, мноства вырабаў з розных матэрыялаў. А самымі прывабнымі былі вышываныя дываны знакамітай майстрыхі з Навасёлак Ліліі Радзівонаўны Зарэцкай. На іх — сама гісторыя Беларусі, Пастаўшчыны, гарадоў-пабрацімаў, роду таленавітай жанчыны.

Усё ўбачанае раскрывала лепшыя рысы сапраўдных вяскоўцаў, якія славяцца сваёй працай, шчодрасцю, гасціннасцю, захоўваюць усё каштоўнае, што ім перадалі маці і бубулі, бацькі і дзядулі. А яшчэ на ўсіх сядзібах панавала весялосць, гучалі музыка і песні. Кожны Савет падрыхтаваў і паказаў невялікую тэматычную праграму, у аснову якой паклалі сучасныя гісторыі, жартоўныя замалёўкі з вясковага жыцця. Словам, усё адпавядала дэ¬візу “Паставы — культурная ста¬ліца, умеем працаваць, умеем весяліцца!”, які вызначылі для сябе ўдзельнікі конкурсу з Валкоў і які падтрымалі ўсе астатнія канкурсанты.

Сельскія падворкі наведалі шматлікія гараджане і госці фестывалю. У іх ліку намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілій Мечыслававіч Чэрнік, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзі¬міравіч Цярэнцьеў, афіцыйныя дэлегацыі з Літвы, Латвіі, Польшчы і Расіі.

Падводзячы вынікі, намеснік старшыні журы, дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська адзначыла, што сёлета ўсе Саветы творча і арыгінальна падышлі да афармлення экспазіцый, падрыхтавалі цікавыя забаўляльныя праграмы. Як заўсёды, пастараліся работнікі мясцовых устаноў культуры. Але пры ацэнцы падворкаў асаблівая ўвага звярталася на масавасць, шырокае прадстаўніцтва вяскоўцаў розных узростаў і прафесій. У гэтым кірунку асабліва выдзяляліся Саветы, якія і сталі пераможцамі. А ўвогуле добрых слоў заслугоўваюць усе, дзякуючы каму “Пастаўшчына гасцінная” паўстала ва ўсёй сваёй прыгажосці і багацці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 



1 комментарий по теме “Умеем працаваць, умеем весяліцца

  1. Як надвор’е няведама з чаго ні злавалася, а, засведчу, было і цёпла, і смачна, і весела!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Comments are closed.