“Уся вёска стаіць за яе гарой”


Ні журналісцкі абавязак, ні сумленне не дазваляюць мне не вынесці на старонкі газеты, а значыць, і на ваша абмеркаванне, гэту гісторыю.

На мінулым тыдні ў рэдакцыю прый­шла маладая жанчына. І прынесла пісьмо пад загалоўкам “Боль і  крык душы”. Вось пра што крычыць душа маладзіцы:

“Мы з мужам Андрэем пражылі 8 гадоў. У нас дзве дачушкі пяці і сямі гадоў. Андрэй шмат дзе працаваў, ездзіў на заробкі, больш я адна гадавала дзяцей. У канцы 2015 года ўладкаваўся на працу ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, на новую рабатызаваную ферму. Атрымаў трохпакаёвую кватэру з усімі выгодамі, і мы пераехалі жыць у Коўзаны. Здавалася, радасці і шчасцю не будзе канца, але ўсё раптам абарвалася, калі Андрэй звязаўся з жанчынай, якая таксама працуе на ферме. У яе сваіх трое дзяцей, неўзабаве бу­дзе бабуляй, жыве па суседстве. Андрэй падаў заяву аб скасаванні шлюбу, суд бу­дзе ў верасні. Але і гэтага мала — хоча адабраць у мяне дзяцей, каб не плаціць аліменты.

Справа ў тым, што я — інвалід ІІ групы, нідзе не працую. Цяпер Андрэй кожны дзень пагражае, што забярэ ўсю нажытую маёмасць і дзяцей, каб я памерла ў пустой кватэры. У адчаі я не ведаю, як мне быць. Дапамажыце, калі ласка!”

Чужая сям’я — поцемкі. Як разгле­дзець у іх сапраўдную карціну? Магчыма, Вераніка настолькі хворая, што не зможа справіцца з выхаваннем дзяцей? Ці, крый божа, улягла ў спіртное і забылася на свае мацярынскія абавязкі? Ні тое і ні другое. А трэцяе: яе муж Андрэй падаў заяву аб скасаванні шлюбу, перайшоў жыць да іншай жанчыны, а каб не плаціць аліменты, жадае забраць у новую “сям’ю” і дзяцей. З гэтай мэтай ён падаў у суд яшчэ адну заяву — аб вызначэнні месца жыхарства дзяцей з ім.

Некалькі дзён назад гэта заява разглядалася на папярэднім судовым пася­джэнні ў прысутнасці Веранікі і Андрэя, а таксама прадстаўніка органаў апекі. З дазволу суддзі папрысутнічала на пасяджэнні і я. З Андрэевых тлумачэнняў найбольш здзівіла, што ён да апошняга часу нібыта не ведаў, што Вераніка з’яўляецца інвалі­дам ІІ групы (і гэта пры васьмігадовым знаходжанні з ёй у шлюбе!), а факт стаў вядомы яму толькі нядаўна, калі дзядзька “выпадкова” знайшоў у сумачцы Веранікі яе пасведчанне. Няўжо паперка перавярнула ўсё ўверх дном? І хіба да гэтага Андрэй не заўважаў, што з фізічным станам Веранікі не ўсё добра? Але бачыў ён і іншае:  з усёй хатняй работай жонка спраўляецца, дзеці дагледжаныя, яна — сапраўдная гаспадыня. Усё яго задавальняла. А зараз — адны прэтэнзіі…

Зрэшты, хіба будзе любай жонка-інвалід, калі пад руку падвярнулася другая? 42-гадовая Ліля пераехала ў Коўзаны з іншай гаспадаркі. Працуе на той жа ферме, што і Андрэй. І іх кватэры па суседстве. Стала заходзіць усё часцей і часцей. Даверлівая і дабрадушная Вераніка ніякага падвоху ў гэтым не бачыла. Суседка прылашчвала іх дзяўчынак, іншы раз заплятала ім косы. Прылашчыла і іх тату. І ён, з галавой кінуўшыся ў вір новага кахання, нядаўна сышоў з сям’і.

Але аднаго нанесенага жорсткага ўдару па жонцы яму паказалася мала. Зараз пастаўлена мэта адабраць у Веранікі дзяцей, а потым можна і з кватэры выселіць…

— Кватэру атрымаў я, а не яна (быццам яму аднаму, а не сям’і выдзелена трохпакаёўка — аўт.), у гаспадарцы працую я, а не яна, — даводзіў.

— А куды вы плануеце забраць сваіх дзяцей? — пыталася суддзя ў Андрэя.

— Да сужыцелькі. У яе трохпакаёвая кватэра.

Але, па-першае, ён і сам жыве ў Лілінай кватэры на птушыных правах, а па-другое, насельнікаў на яе жылплошчы і без таго хапае — у жанчыны трое дзяцей, прычым дачка — цяжарная. Дык няўжо чужыя дзеці стануць ёй раднейшымі за сваіх? Ёсць у яе і двое былых мужоў — законны і грамадзянскі, якіх пакінула ў іншай вёсцы. Ці не напаткае такая доля ў будучым і чарговага абранніка?

Прынамсі, карыслівыя матывы прысутнічаюць ужо сёння. Сышоўшы з сям’і, Андрэй хуценька прадаў каня, старэнькія “Жыгулі”. Грашыма з жонкай не падзяліўся. Затое з гонарам возіць каханку на машыне, якую для яго сям’і купілі брат і сястра Веранікі (абое працуюць у Маскве і матэрыяльна дапамагаюць сястры).

— З-за свайго захворвання (у Веранікі  дзіцячы цэрэбральны параліч — аўт.) яна не справіцца з выхаваннем дзяцей, — даводзіў ісцец у судзе.

Але факты сцвярджаюць адваротнае — спраўляецца! Настаўнікі, аднавяскоўцы, прадстаўнікі органаў апекі сведчаць, што дзеці дагледжаныя і накормленыя, заўсёды акуратна апранутыя, у кватэры — парадак. Мама вельмі любіць сваіх дачушак, а яны — яе. “Уся вёска стаіць за Вераніку гарой, — прызнаўся ў судзе сам Андрэй. — На маю карысць можа пасведчыць толькі Ліля”. Так і хочацца ўдакладніць: хутчэй, на сваю.

Унікаючы ў сітуацыю, я пазваніла старэйшыне вёскі Васілеўшчына, у якой да пераезду ў Коўзаны жыла сям’я. І вось што пачула ад Сафіі Палачанінай: “Усё трымалася на Вераніцы. Здаралася, што Андрэй па два тыдні бываў у запоі, не выходзіў на работу. Захворванне Веранікі не перашкаджае ёй спраўляцца з усімі хатнімі справамі. Яны трымалі тут карову, каня, свіней, курэй. Столькі работы паспявала перавярнуць за дзень. І дзяцей даглядала так, што многім іншым мамам можна павучыцца”. Такое ж меркаванне і ў коўзанцаў. Даведаўшыся, што рыхтуецца матэрыял у газету, многія вяскоўцы самі тэлефанавалі ў рэдакцыю і прасілі абараніць жанчыну ад беспадстаўнай прэтэнзіі яе пакуль яшчэ мужа.

Апошнюю кропку ў гісторыі паставіць суд. Вельмі хочацца верыць, што на карысць маці і дзяцей. Але ёсць і яшчэ адзін суд — боскі. Аслеплены страсцю мужчына, напэўна, забыў пра гэта. Толькі рана ці позна, і да яго прыйдзе прасвятленне. Разбурыць сям’ю лёгка, вярнуць яе часцей за ўсё немагчыма.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



1 комментарий по теме ““Уся вёска стаіць за яе гарой”

  1. Артыкул прафесійны і моцны. Хочацца, верыць, што суд будзе на карысць маці і дзяцей!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.