Увага найдаражэй

Личности

Дырэктар ААТ “Курапольскі-агра” Аляксандр Віктаравіч Пяткевіч дзякуе за працу.

12 ліпеня да дома Васілія Пятровіча Рамановіча ў Кураполлі накіравалася цэлая «дэлегацыя»: сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Г. А. Лапушынская, старшыня Курапольскага сельскага Савета М. М. Яльчык, работнікі мясцовага клуба М. А. Смулько і В. У. Міхалевіч, а старэйшына вёскі М. М. Мацюшчанка захапіў яшчэ і баян.

Усе яны шчыра віншавалі гаспадара з 95-годдзем з дня нараджэння, жадалі бадзёрасці, даўгалецця, дзякавалі за старанную, руплівую працу. Гучалі музыка і песні. Юбіляр нават сумеўся ад такой павагі. Ён і падумаць не мог, што пра яго юбілей будуць памятаць не толькі сын, нявестка, унукі, праўнукі, але і кіраўнікі адпаведных службаў.

— Маім выхавальнікам было жыццё, — расказваў Васіль Пятровіч. — Стараўся сумленна працаваць, з людзьмі ладзіць. Лёс мяне не песціў: не было бацькоўскага пляча, усяго дабіваўся сам і стараўся даказаць, што не горшы за іншых. А колькі гора прынесла вайна!

Вясной 1943-га ён ажаніўся, а восенню пачалася блакада. Маладую пару ў ліку іншых вяскоўцаў забралі на прымусовыя работы ў Германію.

Юбіляра віншуе сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Г. А. Лапушынская.

— Нельга перадаць словамі ўсе пакуты ад той дарогі на чужыну, — дрыжыць ад успамінаў голас чалавека. — Было холадна, голадна і страшна. Жыццё трымалася на валаску: адзін няправільны крок — і маглі расстраляць. Працаваць накіравалі на завод, жылі ў бараках, елі баланду. Мяне прахапіла скразняком і скруціла. Доўгі час не падымаўся з нараў. Тады мая Соня пазнаёмілася з немкай, напрасілася да яе пасля асноўнай работы ў памочніцы па гаспадарцы. Прыносіла мне ежу, немка прыслала доктара, які і падлячыў.

Сяк-так дачакаліся вызвалення. Працяглая хвароба, голад, цяжкая праца цалкам падкасілі здароўе. На месца жыхарства можна было выбіраць Амерыку, Аўстралію, іншыя краіны Еўропы. Але Рамановічы рваліся дадому. І пачалася доўгая дарога вяртання: дзе цягніком, дзе пехатой разам з такімі ж стомленымі пакутнікамі яны набліжаліся да Беларусі. Радзіма сустрэла голадам і разрухай. Адступаючы, захопнікі спалілі хаты, забралі жывёлу і рэшткі хлеба. На выпаленай пустэчы распачалі пасляваеннае жыццё.

Сілы давала мірнае неба. Адолеўшы страшную вайну, не выпадала здавацца часовым цяжкасцям. Рамановічаў прытуліла Васілёва сястра. Харчаваліся крапівай, грыбамі ды ягадамі. Працавалі ад цямна да цямна, жылі дружна. Васіль не пакладаючы рук адбудоўваў хату. Ды не паспелі абжыцца, як выйшла пастанова — з хутароў перабірацца ў вёску. Зноў з нуля пачаў узводзіць дом.

М. А. Смулько, В. У. Міхалевіч і М. М. Мацюшчанка.

У калгасе Рамановічы былі перадавікамі. Васіль Пятровіч доўгі час з’яўляўся звеннявым па вырошчванні льну. М. М. Мацюшчанка, які ў той час працаваў галоўным аграномам гаспадаркі, дзякаваў В. П. Рамановічу за старанную працу на льняных палетках і давядзенне даўгунцу на продаж. Знайшоў час, каб завітаць да ветэрана і сказаць добрае слова малады кіраўнік — дырэктар ААТ “Курапольскі-агра” Аляксандр Віктаравіч Пяткевіч. Для пажылых людзей вельмі важны ўвага і павага.

За плячыма Васілія Пятровіча дастойны жыццёвы шлях. А яго старасць — спакойная і забяспечаная: атрымлівае неблагую пенсію, штодня наведваюць сын і нявестка, якія жывуць непадалёк. Не абмінаюць хату ўнукі і праўнукі, акружаюць дзядулю сваёй цеплынёй і любоўю. Сам ён яшчэ даглядае невялікі агародзік перад веснічкамі, гатуе сабе сняданак. На юбілеі ўсе наказвалі ветэрану дажыць да ста гадоў. Няхай так і будзе!

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.