Узрост велапрагулцы не перашкода


18 ліпеня праз наш раён пралёг маршрут групы веласіпедыстаў з Чашнікаў. Перасесці з двухколавага транспартнага сродку ў мікрааўтобус, які іх суправаджаў, падарожнікаў не прымусіла нават дажджлівае надвор’е.

Прыхільнікаў здаровага і актыўнага ладу жыцця на ўездзе ў Паставы сустракалі генеральны дырэктар ГА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Мікалай Рамейка, старшыня раённай арганізацыйнай структуры «ДТСААФ» Валерый Лушчык і патрульны экіпаж Дзяржаўтаінспекцыі, якія пасля знаёмства і ўручэння сувеніраў суправаджалі веласіпедыстаў па вуліцах райцэнтра.

Дваццаць пяць удзель­ні­каў велапрабегу пад кіраўніцтвам дырэктара Чашніцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Скіна» Леаніда Паўлавіча Барадаўкі выехалі ў падарожжа 14 ліпеня. Для іх гэта ўжо шостая працяглая паездка. Раней пабывалі ў Пскове, Смаленску, Магілёве і двойчы ў Браславе. Зараз шлях таксама пралягаў да сэрца беларускага Паа­зер’я — Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Праз наш горад і гарадскі пасёлак Відзы веласіпедысты ехалі ўпершыню. Свой выбар растлумачылі проста: для іх мае значэнне не толькі актыўны адпачынак, але і знаёмства з выдатнымі мяс­цінамі. Падчас паездак наведваюць храмы, музеі і іншыя цікавыя месцы.

— Колы, палатка, вогнішча, экскурсіі, возера альбо рака — вось і ўсё, што патрэбна для актыўнага і насычанага ўражаннямі адпачынку, успаміны пра які неаднойчы будуць грэць душу, — упэўнены Леанід Барадаўка. — Для бяспекі выбіраем дарогі з менш ажыўленым рухам, паколькі ў веласіпеднай вандроўцы ўдзельнічаюць не толькі дарослыя, але і дзеці.

Ды якія! Самаму маленькаму — тры з паловай гады. Яго бацькі Аляксандр і Марыя Грунда ўдзельнічаюць у веласіпедных падарожжах фіз­культурна-спартыўнага клуба «Скіна» з моманту іх правядзення, для Яна гэта першая маштабная веласіпедная «прагулка» ў спецыяльным веласіпедным крэсле.

— Дарогу наш сын пераносіць добра, не капры­зіць, — расказваў А. Грунда. — Браслаўшчына — мая малая радзіма, там жывуць бацькі, сястра і іншыя родныя. Сваім прыездам зробім для іх сюрпрыз.

Чашніцкія веласіпедысты пераадолелі 800 кіламетраў і фінішавалі да месца старту 22 ліпеня.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.