Выпрабаванням не скарылася


 

Н. П. Андрэйчык гутарыць са старшынёй Варапаеўскага сельскага Савета Н. М. Седзюкевіч.

З дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіянай Іванаўнай Пякарскай і старшынёй Варапаеўскага сельскага Савета Наталляй Мікалаеўнай Седзюкевіч накіраваліся да Ніны Пятроўны Андрэйчык, якая пражывае ў гарпасёлку па вуліцы Пралетарскай. Нагода? 95-годдзе гаспадыні.

Акуратны невялікі домік, памаляваны ў прыемны зялёны колер, акружаюць яркія кветкі, дагле¬джаныя градкі. На парозе сустракае дачка юбіляркі Святлана Міленцьеўна. Гаспадыня і ўзрадавалася гасцям, і ўстрывожылася. Д. І. Пякарская і Н. М. Се¬дзюкевіч шчыра павіншавалі Ніну Пятроўну з юбілеем, падзякавалі за яе ўклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, добрасумленную працу ў школе, пажадалі аптымізму, спакою. А калі папрасілі расказаць пра мінулае, імянінніца расплакалася. Шмат пабачыла яна за сваё жыццё, і многія ўспаміны і праз дзесяцігоддзі балюча вярэдзяць душу.

Нарадзілася ў Расонскім раёне ў сялянскай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей. Закончыла 4 класы. Беднай сям’і жылося вельмі цяжка, і дзяўчына два гады пасвіла кароў па найме. А вучыцца вельмі хацелася, і ўрэшце скончыла сямігодку, затым — Полацкі педагагічны тэхнікум. 21 чэрвеня 1941 года атрымала дыплом і накіраванне на работу ў Гродзенскую вобласць. Вяртаючыся раніцай з выпускнога балю, даведалася, што пачалася вайна. Калі ў вёсцы з’явіліся партызаны, яна ўступіла ў іх рады, удзельнічала ў разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, у “рэйкавай” вайне.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ніну Пятроўну накіравалі на партыйныя курсы, дзе рыхтавалі кіруючых работнікаў для раёнаў былой Заходняй Беларусі. Месцам работы стаў Докшыцкі раён. Два гады адпрацавала на паса¬дзе сакратара райкама камсамола. Кіраўніцтва прыкмеціла здольную дзяўчыну і перавяло сакратаром абкама камсамола.

Твар Ніны Пятроўны святлее пры ўспамінах пра Пятра Міронавіча Машэрава, разам з якім вучылася ў школе. Адзываецца пра яго як пра добрасумленнага, чулага, простага чалавека. Іх дарогі перасякаліся неаднаразова.

У 1947 годзе Н. П. Андрэйчык пакінула камсамольскую работу і стала настаўнічаць у Дунілавіцкім раёне. Стаяла ля вытокаў стварэння Белькаўскай сямі¬гадовай школы, да 1952 года была яе дырэктарам. Затым перабралася ў Варапаева, дзе да выхаду на заслужаны адпачынак працавала настаўніцай пачатковых класаў. Большасць яе вучняў самі даўно пенсіянеры, але добра памятаюць пра тыя каштоўнасці, якія перадавала ім першая настаўніца: сумленнасць, любоў да бліжняга і Радзімы.

Лёс прадвызначыў Н. П. Андрэйчык доўгі і складаны жыццёвы шлях. Было на ім усё: работа, клопаты, ваеннае ліхалецце, радасці і засмучэнні. Ніна Пятроўна заўсёды вызначалася цвёрдым характарам, строгасцю і патрабавальнасцю да сябе. Жанчына мае шмат узнагарод як за подзвіг у гады вайны, так і за старанную працу ў мірны час. Цяпер яна жыве з дачкой, якая таксама стала настаўніцай. Яе пяшчота, дабрыня, сардэчнасць і клапатлівыя рукі саграваюць 95-гадовую матулю. Нягледзячы на ўзрост, тая мае выключную памяць, светлы розум. Шматлікія выпрабаванні не скарылі жанчыну, а, наадварот, загартавалі. Н. П. Андрэйчык была заўсёды сумленнай, працавітай, мэтанакіраванай. А пра сваё жыццё кажа, што проста ваявала, працавала, кахала.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.