Ёсць агульныя інтарэсы


Дэлегацыя са Швянчоніса ў Паставах.

 

У рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” наш горад наведала афіцыйная дэлегацыя са Швянчоніса ў складзе мэра раённага самакіравання Рымантаса Кліпчуса, загадчыка аддзела стратэгічнага планавання і інвестыцый Вайды Бабраўскіене, члена савета раённага самакіравання Даруса Вялічкі, дырэктара закрытага акцыянернага таварыства “Вэлга-Вілнюс” Юзафаса Федаравічуса.

З суседняга літоўскага горада ў конкурснай праграме фестывалю прымаў удзел ансамбль народных песень і танцаў “Аўкштайція” пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Аўрымаса Балюко¬ніса.

За два дні знаходжання ў Паставах швянчонцы наведалі шэраг фестывальных мерапрыемстваў, прынялі ўдзел у дзелавой сустрэчы дэлегацый замежных краін, арганізаванай у раённым выканаўчым камітэце. Госці падзяліліся сваімі ўражаннямі ад знаходжання на беларускай зямлі, падкрэслілі, што паездка атрымалася карыснай як у культурным плане, так і ў дзелавым. Абодва бакі выказалі зацікаўленасць у наладжванні эканамічных сувязей. Справа гэта няпростая, але першыя захады ўжо зроблены. Неўзабаве ў гарадскім пасёлку Лынтупы з’явіцца невялікая вытворчасць па зборцы электраабсталявання. Пакуль будзе створана нямногім больш за 10 рабочых месцаў. Але інвестар, наш зямляк Юзафас Федаравічус, які жыве ў Швянчонісе, перакананы: калі ёсць пачатак, то будзе і працяг.

Увогуле, як адзначыў падчас размовы мэр Рымантас Кліпчус, у Швянчонскага і нашага раёнаў шмат агульнай гісторыі, роднасных і іншых сувязей, якія існуюць па сённяшні дзень. Была выказана зацікаўленасць ажыццявіць пэўныя праекты ў сацыяльнай і спартыўнай сферах, ёсць іншыя напрацоўкі. Яны будуць абмеркаваны і ў гэтыя выхадныя, толькі ўжо на літоўскай зямлі. Сёння і заўтра наша дэлегацыя прыме ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 530-годдзю Швянчоніса.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.