Ёсць арыенціры для дзеянняў


Гледачы на адкрытай пляцоўцы.

15 ліпеня ў аграгарадку Навасёлкі прайшло традыцыйнае свята працы. На гэты раз яно ладзілася ў скверы, які  становіцца ўсё больш добраўпарадкаваным. Спецыяльна да ўрачыстасці гэта месца ўпрыгожылі рознакаляровымі флажкамі, прыбралі сцэну, на бачным месцы размясцілі расцяжку з віншаваннем, адрасаваным вяскоўцам. Побач працавалі гульнёвыя пляцоўкі і атракцыёны для дзяцей, свой тавар прапаноўвалі прадпрымальнікі. Шмат жадаючых было пачаставацца рыбгасаўскай юшкай,  шашлыкамі, каўбаскамі, смажанай свінінай, іншай  фірменнай прадукцыяй сельгаспрадпрыемства. Была падрыхтавана вялікая канцэртная праграма з удзелам вядомых выканаўцаў з нашага і Міёрскага раёнаў. Завяршылася ўрачыстасць дыскатэкай і святочным феерверкам.

Неяк пры сустрэчы дырэктар ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрый Францішкавіч Шымчык адзначыў, што свята ў Навасёлках будзе праводзіцца пры ўмове росту колькасных і якасных паказчыкаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця. На працягу апошніх гадоў такія падставы ёсць. Тым больш сёлета, калі гаспадарка ўключылася ў выкананне рэспубліканскай праграмы развіцця аграбізнесу, мае дакладныя арыенціры, вызначаныя на V Усебеларускім народным сходзе на 2016-2020 гады. З аналізу гаспадарчай дзейнасці і пачаў сваё выступленне кіраўнік сельгаспрадпрыемства.

За шэсць месяцаў выкананы асноўны паказчык па тэмпах росту валавой прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ён склаў 115,5%. Атрымана 47 мільярдаў недэнамінаваных рублёў выручкі, у тым ліку 31 мільярд дала прадукцыя ферм і 16 — падсобныя цэхі і раслінаводства. Прыбытак ад рэалізацыі склаў 985 мільёнаў рублёў. На 166 тысяч узрасла сярэднямесячная заработная плата і склала 4 мільёны 581 тысячу рублёў.

Пераможцы раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах Віктар Маркоўскі і Сяргей Гіль.

Якія складальнікі такіх вынікаў? 66% выручкі прыпадае на жывёлагадоўлю. У першым паўгоддзі атрымана 3988 тон малака і рэалізавана 3590, што больш, чым летась, адпаведна на 638 і 618 тон. 87,4% ад агульнага аб’ёму малочнай прадукцыі рэалізавана сортам “экстра”. Гэта самы высокі паказчык у раёне.

Сельгаспрадпрыемства па-ранейшаму займае вядучае месца па вытворчасці мяса. За паўгода вырашчана 750 тон буйной рагатай жывёлы і свіней, што на 62 тоны больш, чым за такі час летась. Буйная рагатая жывёла рэалізуецца ў асноўным вышэйшай укормленасцю.

ААТ “Навасёлкі-Лучай” — адна з нямногіх на Пастаўшчыне гаспадарак, дзе, нягледзячы на ўсе цяжкасці, не спыняюцца будаўнічыя работы. У Коўзанах узведзена сучасная робатызаваная малочнатаварная ферма. Здадзены ў эксплуатацыю два дамы на восем кватэр з газавым ацяпленнем, водазабеспячэннем і каналізацыяй. Вялікі аб’ём рамонтных работ выконваецца гаспадарчым спосабам.

Ю. Ф. Шымчык віншуе вадзіцеля Тадэвуша Праліча.

Высокую ацэнку зробленаму ў сельгаспрадпрыемстве даў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў, які прысутнічаў на свяце. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Сёння ААТ “Навасёлкі-Лучай” з’яўляецца флагманам развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы. Да вас едуць па вывучэнне вопыту круглагадовага вырошчвання буйной рагатай жывёлы ў палявых умовах, укаранення найноўшых тэхналогій у малочнай жывёлагадоўлі, вырашэння шэрага пытанняў сацыяльнай сферы. За ўсім гэтым стаіць прадуманая, мэтанакіраваная работа кіраўніцтва, спецыялістаў, у цэлым калектыву.

Тое, што ў гаспадарцы цэняць прафесія       налізм і майстэрства людзей працы, пацвердзіла цырымонія ўзнагароджвання лепшых з лепшых. Ушаноўванне пачалося ветэранаў-спецыялістаў — былых галоўнага ветэрынарнага ўрача Аляксандра Аляксандравіча Міхалевіча і загадчыка рамонтных майстэрань Мікалая Мікалаевіча Саковіча, якія аддалі сельскагаспадарчай вытворчасці не адзін дзясятак гадоў, актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Ім былі ўручаны адпаведна Ганаровая грамата райвыканкама і Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта.

Выступае сямейны ансамбль Філіпавых з Міёр.

 

Высокім прызнаннем заслуг работнікаў самых розных прафесій з’яўляецца занясенне іх фотаздымкаў на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства. Па выніках работы за мінулы год такога права ўдастоены намеснік галоўнага бухгалтара Ганна Буката, жывёлаводы Вікторыя Вартазаран, Вольга Варашкевіч, Алена Ермаковіч, Аляксандр Жыдковіч, Марыя Марціновіч, Наталля Мацур, Рыма Нейфельд, Ніна Хоміч, тэхнік-электрык Міхаіл Еўдакімаў, механізатары Андрэй Жалейка, Міхаіл Лашук, Сяргей Салонінка, Юрый Татарчук, вадзіцель Тадэвуш Праліч. Яны атрымалі Ганаровыя граматы дырэкцыі і прэміі ў памеры 1 мільёна рублёў кожны.

Першая палова года з’яўляецца вызначальнай у стварэнні асновы будучага ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў. З усім комплексам работ механізатары ўправіліся ў аптымальныя тэрміны і заслужана былі заахвочаны. У іх ліку Руслан Шымко, Аляксандр Федаронак, Яніс Вішнеўскі, Вальдэмар Лешчык, Аляксандр Муляронак, Аляксандр Мацур, Юрый Гваздоў, Вальдэмар Мацур і многія іншыя. Па заслугах адзначана таксама праца жывёлаводаў, будаўнікоў, рамонтнікаў.

Некалькі дыпломаў і грашовых прэмій перадавікам вытворчасці ўручыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка. А загадчык робатызаванай фермы «Коўзаны» Леанід Дунец атрымаў ажно тры дыпломы з грашовымі прэміямі абкама прафсаюза работнікаў АПК, якіх удастоены калектыў за найвышэйшыя ў вобласці паказчыкі па надоях і якасці малака на працягу трох апошніх месяцаў.

Парадавалі шашлыкамі.

Свята ў Навасёлках адметнае тым, што на ім         адзначаюцца ўсе, хто мае дачыненне да пра  цы на палях і фермах, паказвае прыклад, стараецца, каб як мага вышэйшымі былі канчатковыя вынікі. Вось і на гэты раз не былі абыдзены ўвагай работнікі сушыльнай гаспадаркі, сталовай, развозчыкі і раздатчыкі абедаў, эканамісты, бухгалтары, дыспетчары і іншыя члены вялікай і дружнай хлебаробскай сям’і. А яшчэ на ўрачыстасці прагучала калектыўнае віншаванне, адрасаванае былому старшыні калгаса, Герою Сацыялістычнай Працы Алегу Адольфавічу Валодзьку, якому 17 ліпеня споўнілася 70 гадоў.

Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае ў той дзень надвор’е, настрой у людзей быў прыўзняты. Задаволены ўрачыстасцю застаўся і дырэктар сельгаспрадпрыемства Ю. Ф. Шымчык.

— Людзі чакаюць, рыхтуюцца да гэтага свята, — адзначыў Юрый Францішкавіч. — Глыбока перакананы, што, адпрацаваўшы паўгода, яны заслужылі добрае ўзнагароджанне і такі ж адпачынак. Сёння ўсе сілы сканцэнтраваны на ўборцы. А ўвогуле, галоўным было і застаецца павелічэнне вытворчасці і якасці прадукцыі, зніжэнне яе сабекошту, затрат на кожным рабочым месцы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.