З улікам задач Усебеларускага сходу


Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Несцяронак уручае Падзяку вадзіцелю В. А. Лашчотку.

29 чэрвеня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыўся сход прадстаўнікоў усіх падраздзяленняў раённага спажывецкага таварыства, прысвечаны  Дню кааперацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму дню кааперацыі. Яго ўдзельнікаў віталі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Іванаўна Несцяронак і старшыня праўлення спажывецкага таварыства Рыгор Арсенцьевіч Леўкавец. Вялікай групе спецыялістаў, работнікаў масавых прафесій былі ўручаны ўзнагароды Белкаапсаюза, аблспажыўсаюза, раённага выканаўчага камітэта і раённага спажывецкага таварыства.

Падводзячы вынікі,  Р. А. Леўкавец адзначыў, што кааператары Пастаўшчыны маюць разгалінаваную сетку прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак і прамысловасці, уласныя будаўнічую і транспартную арганізацыі. У Паставах створаны лепшы ў сістэме спажыўкааперацыі краіны нарыхтоўча-перапрацоўчы комплекс. Усё гэта дазваляе мець самыя высокія паказчыкі ў вобласці. У агульных аб’ёмах абласнога спажывецкага таварыства ўдзельная вага пастаўчан складае: па платных паслугах — 8,5%, рознічным тавараабароце — 8,8%, закупе сельгаспрадукцыі і сыравіны — 10,2%, аб’ёме прамысловай прадукцыі — 19,6%. За пяць месяцаў 2016 года кааператары раёна маюць станоўчую дынаміку росту па ўсіх кірунках сваёй дзейнасці за выключэннем рознічнага тавараабароту гандлю.

У сістэме працуюць каля 700 прадаўцоў, повараў, кандытараў, пекараў, вадзіцеляў, нарыхтоўшчыкаў і іншых работнікаў масавых прафесій. Іх вопыт і веды, высокі прафесіяналізм, сумленнасць і працавітасць з’яўляюцца асновай паляпшэння гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, выканання даведзеных заданняў. Радуе і акрыляе той факт, што пастаўскія майстры Святлана Карандашова і Галіна Зямчонак маюць шэраг прафесійных дасягненняў на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, асабіста атрымалі высокую ацэнку  ад Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі.

Пастаўскія кулінары, кандытары, прадаўцы — нязменныя пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх конкурсаў “Лепшы па прафесіі”. Вось і на схо­дзе  дружнымі апладысментамі і кветкамі віталі яшчэ адну ўзыходзячую зорачку — прадаўца ўніверсама “Цэнтральны” Ірыну Брэхун, якая нядаўна заняла другое месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства прадаўцоў магазінаў.

Прыведзеныя на сходзе прыклады і факты пацвярджаюць, што кааператары раёна, як і ўсёй краіны, займаюць важнае месца ў эканоміцы і сацыяльным развіцці. Райспажыўтаварыства  з’яўляецца таксама членам Міжнароднага кааператыўнага альянса, што дазваляе пастаянна пашыраць сувязі з замежнымі партнёрамі, у прыватнасці з нямецкай фірмай “Ирекс” і польскай — “Инвестпол”, шэрагам спажыўцоў у Расійскай Федэрацыі.

За дзень да ўрачыстасці ў Паставах кіраўнік кааператараў раёна Р. А. Леўкавец прысутнічаў на селектарнай нарадзе ў Белкаапсаюзе, якая праходзіла ў форме відэарэжыму.

— Галоўным пытаннем на ёй значыліся вынікі пятага Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся ў сталіцы 22—23 чэрвеня, — адзначыў Рыгор Арсенць­евіч. — Усю сваю далейшую работу мы будзем будаваць у святле задач, якія пастаўлены на ім перад спажывецкай кааперацыяй. Неабходная база для гэтага ёсць. У Белкаапсаюзе распрацавана ўласная канцэпцыя развіцця на 2016—2020 гады. У яе аснове — аптымізацыя існуючых структур, укараненне інтэграванай сістэмы актыўнага кіравання матэрыяльнымі і інфармацыйнымі патокамі. Самая пільная ўвага бу­дзе звернута на рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, зніжэнне затрат на транспарт, павышэнне прадукцыйнасці працы. Прадоўжыцца работа па апты­мізацыі гандлёвай сеткі ў малых населеных пунктах і г. д. Усе вызначаныя на пяцігодку задачы павінны забяспечыць рэнтабельную работу. З гэтага і будзем зыходзіць у сваёй паўсядзённай дзейнасці.

На сходзе ўшанаваны ветэраны працы, усе яго ўдзельнікі атрымалі музычныя падарункі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.