Адны працавалі, іншыя адпачывалі

Общество

Дзяжурны па станцыі Варапаева Дзмітрый Дзмітрыевіч Балай.

Да пачатку ўрачыстасцей, прысвечаных Дню чыгуначніка, заставаўся  час, і мы завіталі на чыгуначную станцыю Варапаева. Як заўсёды, яе тэрыторыя вызначалася ідэальнай чысцінёй і парадкам. Нягледзячы на свята, тут панавала звычайная рабочая абстаноўка. Білетны касір Валянціна Эдуардаўна Гінько абслугоўвала пасажыраў, дзяжурны па станцыі Д. Д. Балай рыхтаваўся да сустрэчы цягніка рэгіянальнай лініі эканом-класа “Паставы—Полацк”. Настрой у Дзміт­рыя Дзмітрыевіча быў прыўзняты. Напярэдадні за дасягнутыя поспехі ў працы, своечасовае і якаснае выкананне вытворчых заданняў і ў сувязі з прафесійным святам яму была ўручана Падзяка начальніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Гэта не першая ўзнагарода дзяжурнага па станцыі, які працуе ў га­ліне амаль 40 гадоў.

Начальнік дыстанцыі Аляксандр Юр’евіч Кандыбін і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Вера Яўгеньеўна Ушкур віншуюць машыніста ВПР-02 Антона Мар’янавіча Сакалоўскага з занясеннем яго фотаздымка на Дошку гонару.

Шмат ветэранаў сабралася ў гарпарку, дзе ўшаноўвалі былых і сённяшніх работнікаў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. На свята прыйшлі не толькі віноўнікі ўрачыстасці, але і дзясяткі жыхароў гарпасёлка і навакольных вёсак.

Усіх прысутных  віталі начальнік дыстанцыі Аляксандр Юр’евіч Кандыбін, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Вера Яўгеньеўна Ушкур, старшыня сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч. Вялікай групе работнікаў сталёвых магістраляў яны ўручылі Ганаровыя граматы і Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта, пасведчанні перадавікам аб занясенні іх фотаздымкаў на Дошку гонару дыстанцыі. Былі адзначаны прызёры і пераможцы турніраў па валейболе і шашках, якія традыцыйна праводзяцца ў Дзень чыгуначніка.

Салісты ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Папавалаў, Ганна Сцепанкова, Кацярына Лазука і Аляксей Грыневіч.

Шквал апладысментаў выклікалі выступленні салістаў Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Яны ўпершыню завіталі з музычнай праграмай да чыгуначнікаў і вельмі парадавалі ўсіх.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.