Адпачынак, напоўнены драйвам

Местная власть

13 жніўня ў прыгарадзе Пастаў — маляўнічым урочышчы Азёркі — адбылося адкрыццё “вяровачнага гарадка”, якое стала сапраўдным святам для дзяцей і дарослых.

Калісьці тут на працягу многіх гадоў працаваў летні лагер      для школьнікаў, затым размяшчалася сядзіба пастаў        скага Дзеда Мароза. Пасля таго, як Зюзя Паазерскі змяніў прапіску, на турыстычнай базе праводзіліся разавыя мерапрыемствы.

— Выбіраючы пад “гарадок” гэта месца, мы найперш зыходзілі з таго, што тут прыгожы лес, чыстае паветра, размешчанае побач маляўнічае возера павінны і далей прывабліваць людзей, — сказаў на адкрыцці новай спартыўнай пляцоўкі старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў. — Так нарадзілася ідэя стварэння “вяровачнага гарадка”, якую ўдалося ажыццявіць сёлета. Для набыцця і мантажу абсталявання былі выкарыстаны сродкі, заробленыя на раённым суботніку. У далейшым плануецца аднавіць бытавыя памяшканні, абсталяваць валейбольную і баскетбольную пляцоўкі, абуладкаваць берагавую тэрыторыю. Дарэчы, тут ужо ўстаноўлены адзін з самых доўгіх у краіне спуск троляў (скорасны спуск па нахіленай вяроўцы). Упэўнены, што ў “вяровачным гарадку” і ў далейшым будзе, як сёння, шмат жадаючых далучыцца да арыгінальнага адпачынку, стаць удзельнікамі вясёлых прыгод, пастраляць у ціры, для якога райвыканкам набыў вінтоўку і пісталет.

З адкрыццём новага аб’екта прысутных павіншаваў начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта В. А. Захарэвіч. Ва­сілій Аляксеевіч адзначыў, што свой уклад у абуладкаванне турыстычнай ба­зы ўнясе прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Віцебской вобласці, якое ён узначальвае. У прыватнасці, будзе выдзелена спартыўнае абсталяванне, што дазволіць яшчэ больш разнастаіць адпачынак дарослых і дзяцей.

Са словамі падзякі кіраўніцтву раёна і асабіста В. С. Гутараву выступіў дырэктар Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Станіслаў Уладзіміравіч Чымбург.

Затым адбылося ўрачыстае адкрыццё. Але паколькі “гарадок” незвычайны, то традыцыйныя стужка і нажніцы былі заменены вяроўкай і тапарамі, з дапамогай якіх В. С. Гутараў, В. А. Захарэвіч і С. У. Чымбург “адчынілі” яго “дзверы”. Першых наведвальнікаў цікавіла, што ўяўляюць сабой комплекс “Вяровачны парк” і спуск троляў. Гэты ўнікальны трэнажор складаецца з замацаваных на дрэвах платформ. Паміж імі на вышыні 2 і 7 метраў над узроўнем зямлі размяшчаюцца розныя па форме і складанасці перашкоды, якія трэба пераадолець тым, хто выйшаў на трасу. Вяровачны парк — гэта актыўны, здаровы, экстрэмальны адпачынак, напоўнены драйвам, для любога чалавека — як з мінімальнай фізічнай падрыхтоўкай, так і для больш падрыхтаванага. Ён дае магчымасць выпрабаваць свае сілы, вынослівасць, праявіць спрыт і навучыцца пераадольваць усялякага роду страх і боязь вышыні.

Вяровачны парк з’яўляецца цудоўным месцам для ак     тыўнага сямейнага або карпаратыўнага адпачынку. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі спаборніцтваў “Прафсаюзная вяроўка”. Яны праводзіліся па ініцыятыве раённага аб’яднання прафсаюзаў і дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”. У іх удзельнічалі: Аляксандр, Святлана і Дар’я Лявікіны, Ігар, Алена і Таццяна Гуданец, Алег, Алена і Паліна Кузьміч, Аляксандр, Святлана і Наташа Субач, Аляксандр, Людміла і Ксенія Зарэцкія. Сем’і, аб’яднаныя ў каманды, прадстаўлялі адпаведна завод “Беліт”, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, філіял “Пастаўскае ДРБУ-132” і малаказавод. На першым этапе “Прафсаюзнай вяроўкі” кожная з каманд прадставіла сваю візітную картку, пазнаёміла з сям’ёй, яе жыццём і захапленнямі. А яшчэ трэба было прапанаваць і абараніць свой варыянт назвы “вяровачнага гарадка”. У ліку іншых прагучалі наступныя: “Лабірынт прыгод”, “Сцяжынка Маўглі”, “Чарадзейнае павуцінне”.

На другім этапе сем’ям — удзельнікам спаборніцтваў — выпала першым афіцыйна апрабаваць вяровачныя лабірынты, паказаць, што пры жаданні і захопленасці нават на вышыні можна пераадолець любыя перашкоды. Без праблем прайшлі трасы першага і другога ўзроўняў як бацькі, так і дзеці, дарэчы, усе дзяўчынкі.

Дзеянні канкурсантаў умела накіроўвалі не толькі інструктары, але і вядучыя — члены маладзёжнага савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Бірук і Ірына Маланчук. За праходжаннем па трасе сямейных каманд уважліва сачыла журы ў складзе старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Аляксееўны Далецкай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Мікалаевіча Герасіменкі, дырэктара Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Станіслава Уладзіміравіча Чымбурга і начальніка аддзела маркетынгу санаторыя “Нарачанскі бераг” Святланы Канстанцінаўны Шальц. Менавіта санаторый “Нарачанскі бераг” з’яўляўся галоўным спонсарам спаборніцтваў.

Перамагла каманда сям’і Кузьміч. Ёй і ўручана бясплатная сямейная пуцёўка ў “Нарачанскі бераг” на тры дні. Астатнія атрымалі салодкія прызы — тарты — і шмат віншаванняў і кветак ад калег, знаёмых і родных.

У праграме адкрыцця “вяровачнага гарадка” значылася яшчэ адно мерапрыемства — чэмпіянат паўзункоў, адным з арганізатараў якога стала член маладзёжнага савета райаб’яднання прафсаюзаў, другі сакратар РК БРСМ Вераніка Казлоўская.У ім прымалі ўдзел дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 1 года. Разам з мамамі, а хто і з татамі, стартавалі прыгожанькія дзяўчынкі Арына Кім, Паліна Шалугіна, Арына Капралюс, Мілана Чашун і Валерыя Канчаніна. На спецыяльна падрыхтаванай пляцоўцы кожнай маленькай канкурсантцы трэба было паўзком пераадолець сваю дарожку даўжынёй 7,2 метра. З дапамогай мам, брацікаў і сястрычак яны справіліся з дыстанцыяй і ўпершыню за свае “спартыўныя” дасягненні атрымалі падарункі. Пра іх, а таксама іншую спонсарскую дапамогу паклапаціліся гаспадары прыватных магазінаў «Домик» (Ігар Міхайлавіч Хаткевіч), «У Маруси» (Марына Уладзіміраўна Варабей), «Белоснежка» (Ала Алегаўна Белая) і дырэктар ільнозавода Пётр Іванавіч Скурко. Удзячны арганізатары мерапрыемства і індывідуальнаму прадпрымальніку Алене Мікалаеўне Зубко. Дзякуючы ёй і яе супрацоўнікам была абсталявана прыгожая фотазона, дзяцей весялілі клоўны, героі мультфільмаў.

Было праведзена некалькі майстар-класаў, у тым ліку па скандынаўскай хадзьбе, якая даўно заваявала папулярнасць у заходнееўрапейскіх краінах і мае шмат прыхільнікаў у Беларусі. Верыцца, што пасля таго, як пра гэты від спорту расказала Наталля Міхайлаўна Літвін, а жанчыны прадэманстравалі некалькі практыкаванняў з палкамі, у іх з’явіцца яшчэ больш прыхільнікаў.

А вось дырэктар Дома рамёстваў, выдатны спецыяліст Таццяна Мікалаеўна Петух разам з іншымі майстрамі вучыла жадаючых не толькі бачыць, але і ствараць з розных матэрыялаў прыгажосць. З азамі малявання пяском (пясочнай тэрапіяй) знаёміла Кацярына Андрэеўна Ярмолава.

Працавалі гандаль, дзіцячая пляцоўка, цір. З канцэртнай праграмай выступілі маладыя выканаўцы цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. Словам, усе, хто знайшоў час, каб у суботу наведацца ў Азёркі, ніколькі не шкадавалі пра гэта. Верыцца, што “вяровачны гарадок”, які ў выніку атрымаў назву “Сцяжынка Маўглі”, стане любімым месцам актыўнага і, што вельмі важна, бяспечнага адпачынку. Наведвальнікаў тут чакаюць ва ўсе дні тыдня (акрамя панядзелка): у аўторак-пятніцу — з 14 да 20, суботу і нядзелю — з 12 да 20 гадзін.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.