Адзін з многіх

Общество

У музеі баявой і працоўнай славы СШ №2 ёсць раздзел “Дзеці вайны”, па якім мы праводзім аднайменныя экскурсіі. Гэта даволі складана, бо нават самі па сабе словы “дзеці” і “вайна” — несумяшчальныя. У іх ліку і мой брат Іван Норбертавіч Ластоўскі.

Нарадзіўся 17 жніўня 1943 года. Пра той      час ён, вядома ж,         нічога не памятае, але ведае з расказаў нашай мамы. Яна ўзгадвала, што праз два дні, 19 жніўня, фашысты бамбілі Груздава. Хто мог гарантаваць, што заўтра такое не здарыцца і ў нашых Савічах? Маці звязала ў вузлы пажыткі із немаўляці на руках разам з аднавяскоўцамі  рушыла далей ад вёскі…

У дзень вызвалення Савіч падраздзяленнямі 235-й стралковай дывізіі 4 ліпеня 1944 года хлопцы і маладыя мужчыны схаваліся ў боцьвінскім лесе, бо кананада абвяшчала пра тое, што набліжаецца фронт, а немцы пры адступленні ў першую чаргу забівалі мужчын. У той дзень да нас зайшлі два нямецкія салдаты. Старшы па чыне застаўся на дварышчы, а другі ўзлез на страху хлява, устанавіў кулямёт, ствол якога накіраваў у бок лесу — варожыя салдаты разгледзелі ў біноклі, дзе схаваліся мужчыны. Матуля заплакала, праз слёзы тлумачыла, што там не партызаны, а мірныя жыхары. Размаўляла яна па-польску, бо добра ведала мову, а старшы аказаўся палякам. Ён усё зразумеў і загадаў салдату, які ўвесь час маўчаў,  усяляючы жах, не страляць. Можна толькі ўявіць, што адчувала маладая жанчына з дзіцем на руках, якому яшчэ і годзіка не было.

Старэйшаму пакаленню добра вядома, які страшны голад быў у пасляваенны перыяд. Даводзілася гатаваць ежу, дамешваючы траву.

Узгадала матуля і такі эпізод. Нашы суседзі займаліся зборам смятаны. За яе лішак давалі лепшыя прадукты. Аднаго разу трохгадовы Янак і накіраваўся да іх. Тыя пачаставалі хлопчыка пшанічнымі блінцамі са смятанай. Якімі  ж смачнымі яны былі! У дарогу паклалі малому на сподачак яшчэ некалькі блінцоў. Ён нёс іх асцярожна, бо так хацелася пачаставаць бацькоў і бабулю. І трэба ж было такому здарыцца, што, як толькі ён выйшаў на дарогу, аднекуль выскачыла машына (а малы баяўся нават яе гулу). Уцякаючы ад “страшыдлы”, заблытаўся ў траве, упаў і растрос гасцінец. Дадому прыйшоў заплаканы, са сподачкам блін­цоў, выкачаных у пяску. Усё-такі сабраў іх і данёс!

Іван скончыў Смаленскі педінстытут, працаваў настаўнікам геаграфіі ў Савіцкай, Сергаўскай, Юнькаўскай базавых школах. Мае двух сыноў, двух унукаў, праўнука Артура.

Сёння майму брату споўнілася 73 гады. Я віншую яго з днём нараджэння, шчыра жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і радасці ад усіх, хто яго акружае.

Рэгіна ЛАСТОЎСКАЯ, в. Савічы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.