Атрымалі дыпломы і прэміі


Пераможцы спаборніцтва Дзмітрый Лысёнак і Віктар Давыдаў.

У раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падведзены вынікі працоўнага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў з першага ўкосу траў.

На касьбе першае месца заняў механізатар ААТ “Блакітныя азёры-агра” Раман Панкрашоў. У сваёй і суседняй гаспадарцы “Янавіца-агра”  на КЗР-10 ён скасіў травы на 810 гектарах, выканаў 81 норма-змену пры сярэдняй дзённай выпрацоўцы 324%.

На зграбанні зялёнай масы найвышэйшы паказчык у Зянона Жэймы з ААТ “Хацілы-агра”. На трактары “МТЗ-82” з граблямі “ГВЦ-6,6”  ён адпрацаваў 33 дні і выканаў работу на 1105 гектарах.

Больш за ўсіх запрасаваў сянажнай масы ў рулонах — 1516 тон — механізатар ААТ “Камайскі-агра” Алік Смільгін. Штодзень ён перавыконваў норму выпрацоўкі больш чым у тры разы.

Сярод механізатараў, якія працавалі на КВК-800, найлепшы вынік у Дзмітрыя Лысёнка з ААТ “Кураполле-агра”. За 22 дні ён здрабніў 9513 тон зялёнай масы, выканаў за гэты час 126,8 норма-змен. Другое месца з паказчыкам 7157 тон прысу­джана механізатару ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыю Гваздову. Ён працаваў на «Ягуары-850» і за 32 дні выканаў 114,8 норма-змены.

На адвозцы зялёнай масы лепш за іншых спорылася работа ў Віктара Давыдава з ААТ “Кураполле-агра”. Ён адзі­ны ў раёне, хто на трактары “МТЗ-3022” з ПІМ-40 перавёз сёлета з першага ўкосу траў 3013 тон кармоў. На другое месца на МАЗе-555 выйшаў Вальдэмар Мацур з ААТ “Навасёлкі-Лучай”, на асабістым рахунку якога 2472 тоны перавезенай масы.

З дасягнутымі высокімі вынікамі на нарыхтоўцы кармоў пераможцаў і прызёраў спаборніцтва павіншаваў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка. Ён уручыў ім дыпломы і грашовыя прэміі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.