Аздараўляюцца і трэніруюцца

Общество Спорт

На гэтым тыдні пачала работу другая змена аздараўленчага лагера дзённага знаходжання “Алімпіец”, які дзейнічае на базе дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”. Наперадзе ў адпачывальнікаў цікавыя экскурсіі і паездкі, разнастайныя трэніроўкі і гульні, яркія ўражанні і новыя знаёмствы.

— Першая змена працавала з 18 ліпеня па 4 жніўня, другая бу­дзе доўжыцца з 8 па 25 жніўня. Кожная з іх аб’яднала па 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 16 гадоў, якія займаюцца спор­там. Па сваім складзе абедзве змены практычна аднолькавыя, паколькі аздараўляюцца ў іх у асноўным адны і тыя ж дзеці, — паведаміў начальнік лагера Павел Аляксандравіч Вавінскі. — Як і ў папярэднія гады, хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца ў “Алімпійцы” 6 гадзін у дзень, для іх арганізавана  трохразовае харчаванне ў кафэ «Лагуна».

Сродкі на летняе аздараўленне дзяцей выдзелены ўпраўленнем спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Сёлета ў лагеры ажно чатыры атрады (летась іх было толькі два). Да двух традыцыйных валейбольных упершыню далучыліся лёгкаатлетычны і атрад агульнай фізічнай падрыхтоўкі і плавання. Займаюцца з “алімпійцамі” прафесійныя трэнеры. Майстэрству гульні ў валейбол хлопчыкаў вучыць Генадзь Генадзьевіч Савосін, дзяўчынак — Іна Леанідаўна Малец, лёгкай атлетыкай з юнымі спартсменамі займаецца Інга Алегаўна Роліч, агульнай фізічнай падрыхтоўкай і плаваннем — Аляксандр Аляксандравіч Бучнеў.

— Плаваннем займаюся другі год і ўжо маю трэці дарослы разрад. Трэнер сцвярджае, што ў мяне ёсць неабходныя фі­зічныя даныя для паступлення ў вучылішча алім­пійскага рэзерву і здачы нарматыву на кандыдата ў майстры спорту, — па­дзялілася сямікласніца Аляксандра Іванькова. — У “Алімпійцы” адпачываю другі год запар. Летась была ў валейбольным атрадзе, цяпер — у атрадзе агульнай фізічнай падрыхтоўкі і плавання. Нягле­дзячы на тое, што ўзрост яго ўдзельнікаў вельмі розны, у нас надзвычай дружная каманда аднадумцаў. Мы разам не толькі трэніруемся, але і весела бавім час.

Рэжым у лагеры скла­дзены так, што яго наведвальнікі трэніруюцца два разы ў дзень: на першым занятку адпрацоўваюцца тэхнічныя навыкі, на другім  падчас гульні атрыманыя веды замацоўваюцца. У асноўным валейбалісты гуляюць паміж сабой, але начальнік лагера спадзяецца, што выхаванцы Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы змогуць паспаборнічаць з аднагодкамі з Расіі, якія павінны прыехаць адпачываць у АДРАЦ «Ветразь». Таксама ў іх будзе магчымасць памерацца сіламі з валейбалістамі зборнай Беларусі 1999 года нараджэння, якія прыедуць у наш горад на зборы. Прыхільнікі лёгкай атлетыкі на адной трэніроўцы займаюцца ўсімі відамі, якія аб’ядноўвае каралева спорту, на другой — адшліфоўваюць майстэрства ў той дысцыпліне, за якую выступаюць на разнастайных спаборніцтвах. Таксама два разы ў ты­дзень яны бягуць крос у гарадскім парку, а паколькі гэта перасечаная мясцовасць, то і рухацца па ёй цяжэй, чым па бегавой дарожцы. Што да плыўцоў, то яны займаюцца агульнай фізічнай падрыхтоўкай, пры дапамозе спецыяльных трэнажораў адпрацоў­ваюць плавальныя практыкаванні спачатку ў гімнастычнай зале, а затым і ў басейне, дзе таксама адточваюць тэхніку і хуткасць у розных стылях плавання.

Яшчэ больш цікавым і насычаным адпачынак “алімпійцаў” робяць разнастайныя экскурсіі. Сёлета для наведвальнікаў лагера запланаваны паходы ў раённую арганізацыю РДГА “Таварыства выратавання на водах” і РАУС, а таксама паездкі ў плавальны басейн у курортным  пасёлку Нарач, у Мінск і на конны двор “Сіўка-бурка” ў Шыркі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.