Балота — і сенакос, і футбольнае поле

Общество

13 жніўня аматары ручной касьбы з усёй Беларусі з’ехаліся ў вёску Высокае Бярозаўскага раёна, каб паўдзельнічаць у традыцыйным чэмпіянаце па кашэнні нізінных балот «Спораўскія сенакосы». У іх ліку і прадстаўнікі нашага, Полацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, якіх трывала аб’яднала вёска Жылінскія, дзе на працягу апошніх пяці гадоў праходзіць чэмпіянат па касьбе.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуліся старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Чыж, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута і намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Кацярына Паніклава. Яны адзначылі, што экалагічны фестываль — гэта не толькі відовішчнае культурна-масавае мерапрыемства, якое дае магчымасць паказаць сваю сілу і ўменне выкарыстоўваць ручную касу, але і даніна традыцыям, а таксама неацэнная дапамога прыродзе па захаванні біялагічнай разнастайнасці балот. І перш за ўсё — візітнай карткі заказніка «Спораўскі» — чарацянкі вяртлявай (тут 30% яе сусветнай папуляцыі). Гэтая птушка прывыкла сяліцца ў нізкай траве, таму, калі перастаць абкошваць балоты, яна можа знік­нуць, зрэшты, як і каля сарака відаў жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Сёлета сіламі мераліся 22 дуэты касцоў, яшчэ адзін тандэм — леташняя каманда-пераможца «Картузіяне» — дэманстраваў сваё ўменне ўпраўляцца з касой па-за конкурсам. Каб атрымаць верх у камандным заліку, удзельнікам трэба было як мага хутчэй і якасней скасіць стометровую паласу шырынёй тры метры. Найлепш гэта ўдалося зрабіць «Какорыцкім асілкам» з Драгічынскага раёна, крыху адстала ад іх каманда «Заказнік «Званец» (Драгічын), на трэцім месцы — прадстаўнікі нашай дэлегацыі Аляксандр Ан­дзілеўка і Аляксандр Рубан, якія адстойвалі гонар каманды «Полацкія хлябцы». Дуэт Мікалая Яльчыка і Валерыя Каліцкага («Жылінскія»), які летась быў другім, на гэты раз не змог прарвацца ў тройку лідараў і заняў пяты радок. На 13-ым месцы «Паставы-гарадок» у складзе Пятра Караля і Рамана Іванова.

Шчыруе Аляксандр Андзілеўка.

Заўзятары, якія сачылі за ходам сенакосных баталій, адзначылі, што стыль касьбы Аляксандра Андзілеўкі вельмі падобны на якуцкі (як валодаюць вясковым інструментам прадстаўнікі названага народа, многія бачылі на мінулых фестывалях). Не прайшло і тыдня, як ён вярнуўся з Якуціі, дзе прабыў адзінаццаць дзён і ўдзельнічаў у раённых спаборніцтвах Мягіна-Кангаласкага ўлуса, а затым у складзе каманды названага раёна выступаў на рэспубліканскіх. І вельмі паспяхова — каманда заняла першае месца і стала ўладальніцай 80% шчодрага прызавога фонду, які складаў 400 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.

— Нашы косы не здольныя справіцца з жорсткай, як дрот, якуцкай травой, таму і іх прыйшлося кляпаць па-асабліваму, і самому прыстасоўвацца касіць у паўсагнутым стане, як гэта робяць мясцовыя жыхары, — дзяліўся Аляксандр. — Уразіла рака Лена, шырыня якой складае 15 кіламетраў. Нязвыкла было назіраць, як хатняя жывёла пасвіцца ў тайзе без нагляду, а затым сама вяртаецца ў стойла. Давялося пакаштаваць мясцовых страў і паназіраць за рытуалам пакланення духам агню: мужчыны і жанчыны ў нацыянальных касцюмах кідалі ў вогнішча аладкі і вадзілі вакол яго карагоды.

Захапіла беларуса і музейная экспазіцыя «Скарбы рэспублікі Саха»: розных форм і памераў алмазы, золата, плаціна, велізарны шкілет маманта і іншыя экспанаты.

Пётр Кароль і Валерый Каліцкі ў Славакіі разам з арганізатарам турніра касцоў Лукашакам Яношкам (у цэнтры).

Не менш уражанняў ад нядаўняй паездкі на спаборніцтвы па касьбе ў Славакію, дзе яны занялі шостае і чацвёртае месцы адпаведна, у Пятра Караля і Валерыя Каліцкага. Што датычыць непасрэдна касьбы, кажуць, пагарэлі на тым, што не ўлічылі адной асаблівасці — пачынаць касіць трэба было з гары, а не наадварот. Па-другое, даўжыня стандартнай беларускай касы не дазваляла рабіць больш шырокія пракосы.

Але вернемся на «Спораўскія сенакосы», дзе, акрамя каманднага, праходзіла і асабістае першынство. У ім за права стаць пераможцам спрачаліся дзесяць касцоў, якія паказалі найлепшы вынік у камандным заліку. Для гэтага ім неабходна было зрабіць пракос даўжынёй сто метраў і шырынёй — паўтара. Роўных тут не было пастаўчаніну Мікалаю Яльчыку, які зрабіў гэта за 6 хвілін 4 секунды. На другім месцы — Аляксандр Шыкула, на трэцім — Георгій Равенька, які апярэдзіў Аляксандра Рубана на 7 секунд і пазбавіў апошняга магчымасці ўвайсці ў тройку прызёраў.

Падарунак Мікалаю Яльчыку ўручае Андрэй Каўхута.

— Да гэтай перамогі я ішоў тры гады і нарэшце свайго дамогся, — не хаваў радасці М. Яльчык. — Вельмі дапамог Валера Каліцкі, які ішоў за мной і падказваў, дзе трэба ўзмахнуць касой шырэй, а дзе — складаць траву ніжэй. Прыемна было ўбачыць тых, з кім пазнаёміўся тут у папярэднія гады. Стаўлюся да іх не як да сапернікаў, а як да аднадумцаў, таму што паважаю працавітых людзей — гультай касу ў рукі не возьме.

Пераможцы атрымалі ў якасці падарункаў мабільныя тэлефоны, планшэты, пыласосы, набор ключоў, а ўсе ўдзельнікі — заахвочвальныя прызы — карціны.

Пільная ўвага гледачоў і прэсы на экалагічным фестывалі была прыкавана да адзінага жаночага дуэта — прадстаўніц нашага раёна Ванды Купран і Алены Хмылко. На працягу ўсяго чэмпіянату журналісты не пераставалі браць у іх інтэрв’ю, астатнія не скупіліся на словы пахвалы, бачачы, як па-майстэрску жанчыны валодаюць інструментам і якія роўныя пакідаюць за сабой пракосы.

Віншаванні прымае Яраслаў Архіпаў.

Яшчэ адна зорка «Спораўскіх сенакосаў» — 11-гадовы Яраслаў Архіпаў з вёскі Лучай. Хлопчык выступаў па-за конкурсам, але прыцягнуў да сабе ўвагі больш, чым некаторыя паўнапраўныя ўдзельнікі. Адны гледачы шчыра захапляліся юным касцом, іншыя раілі не высільвацца і сыходзіць з дыстанцыі. Але Яраслаў дайшоў да канца стометроўкі, сарваўшы тым самым буру авацый.

У рамках фестывалю таксама праходзіў адкрыты чэмпіянат Беларусі па футболе на балоце. Упершыню ўдзел у ім прынялі і пастаўчане Валянцін Абрамчук, Раман Іваноў, Васілій Іваноў, Яўгеній Рогвас, Іван Дзергач, Аляксандр Танана і Аляксей Рапалаў. Хлопцам неаднойчы ўдавалася  ствараць вострыя моманты каля варот сапернікаў, але ў асноўным прыходзілася весці абарончую гульню. І вельмі ўдала — асноўны час завяршыўся без адзінага гола з абодвух бакоў. Зыход паядынку вырашыла серыя пенальці, якая завяршылася з лікам 0:1 на карысць каманды «Кобрын».

Акрамя гэтага, усе жадаючыя маглі прайсціся па экалагічнай, выбрукаванай па балоце, сцежцы, узняцца на назіральную вышку. Быў арганізаваны выязны гандаль, праходзіла выстава-продаж сувеніраў і вырабаў рамеснікаў. На працягу ўсяго мерапрыемства свае творчыя нумары прысутным дарылі розныя калектывы Брэстчыны. Сярод самадзейных артыстаў быў і знакаміты сямейны дуэт Зоі і Валеры. Сястра з братам некалькі гадоў таму «ўзарвалі» інтэрнэт сваім каверам на песню Алены Ваенгі «Куру» і сталі героямі газет, радыё і тэлебачання.

P.S. За спонсарскую дапамогу ўдзельнікі паездкі дзякуюць Пастаўскаму райвыканкаму, дзяржаўнаму аб’яднанню «Фі­зічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», калектывам ААТ «Пастаўскі малочны завод» і ТАА «Вікінг».

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.