“Беларусь у сэрцы навекі”


Так прызнаўся ў сваёй любові Бацькаўшчыне і родным Пожарцам Віктар Ханяўка. Цяпер ён грамадзянін Расійскай Федэрацыі, жыве і працуе ў Екацярынбургу. Але не было таго года, каб не наведаўся на Пастаўшчыну, і кожная такая паездка для яго — як экзамен перад уласным сумленнем, які вытрымлівае з годнасцю. Напрыканцы свайго нядаўняга знаходжання на Пастаўшчыне Віктар Аркадзьевіч разам з жонкай Зояй Мар’янаўнай па маёй просьбе завіталі ў рэдакцыю.

— Віктар Аркадзьевіч, раскажыце пра сябе.

— Нарадзіўся ў Ралаўцах, дзяцінства прахо­дзіла ў Пожарцах. Закончыў Груздаўскую васьмігодку, затым — Лукашоўскую сярэднюю. Дарэчы, у Лукашоўскай школе мы і пазнаёміліся з Зояй. У 1981 годзе паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Адвучыўся чатыры курсы і перавёўся ў Куйбышаўскі медінстытут на ваенна-медыцынскі факультэт. Быць ваенным не збіраўся: мая дзіцячая мара — неба. Але загадзя папярэдзілі: не прайду камісію. Вось і падумаў: стану ваенным медыкам і дакажу ўсім, што і неба мне скарыцца. Скарылася: за плячыма 1167 скачкоў з парашутам.

Пасля заканчэння вучобы служыў у Днепрапятроўску, Кіеўскай вобласці, на Чукотцы і Камчатцы. У 1999 годзе аселі ў Екацярынбургу, дзе быў начальнікам медслужбы 5-й арміі ваенна-паветраных сіл супрацьпаветранай абароны. У 2009-ым у званні палкоўніка выйшаў у адстаўку. Некаторы час знаходзіўся на пасадзе намесніка начальніка шпіталя ветэранаў вайны. Цяпер працую ў Дэпартаменце сацыяльна-эканамічнай палітыкі Апарата паўнамоцнага прадстаўніка Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ва Уральскай федэральнай акрузе, курырую пытанні аховы здароўя. З жонкай выхавалі дзвюх дачок, абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю. Адна працуе ўрачом, другая — мікрабіёлагам.

— Вашы землякі ў захапленні ад таго, як вы любіце малую радзіму, бязмежна адданыя ёй. Што паўплывала на гэта?

— Гэта праўда: Беларусь у сэрцы навекі. Куды б ваенная служба ні закідвала, дзе б ні жылі, у водпуск адпраўляліся дамоў. Цяпер звычайна ездзім на машыне. І вось цуд! Мінаем Смаленскую вобласць, колы толькі дакрануцца да беларускай зямлі, на палях буслы ходзяць паважна — эмоцыі перапаўняюць. Радуемся і тлумачым сабе: птушкі нас вітаюць.

Мы з дзяцінства любілі сцежкі, па якіх хадзілі, кожнае дрэўца наталяла нас сілай. Змалку цанілі працу на зямлі, дапамагалі бацькам, любілі людзей, якія акружалі — вось усё гэта і сфарміравала нашы погляды на жыццё. І сваіх дзяцей выхоўвалі такімі ж. Раней у вёску мы і іх прывозілі. А цяпер дочкі замужам, у іх свае сем’і, свае жыццёвыя графікі. Зяці — расіяне, але Беларусь ведаюць, яе мы ім паказалі.

У Екацярынбургу беларускае слова з намі пастаянна. Ходзім на канцэрты беларускіх артыстаў.

— Можа, і самі спяваеце?

— Не, але артыстам быў. З трэцяга да дзявятага класа граў у Груздаўскім цымбальным аркестры. Ігралі таксама абодва мае браты і сястра. Калектывам тады кіраваў Пётр Пятровіч Рагіня. Аднойчы ездзілі выступаць у Віцебск на конкурс, у мяне бралі інтэрв’ю, і перадачу паказалі па тэлебачанні. Памятаю і школьную мастацкую самадзейнасць. Разам з настаўніцай Таісай Уладзіміраўнай Чарэнка ладзілі канцэрты ў школе, выязджалі ў суседнія вёскі. Жыццё вясковае віравала…

— А чым яшчэ яно запомнілася?

— Працай, адносінамі чалавека да таго, што належыць зрабіць. Бацька ў жніво працаваў камбайнерам. Работа гэта адказная, а дома — сенакос. Дык ён устане раненька, накосіць, а мы днём сушым. Некалькі гадоў быў у таты памочнікам на камбайне, дагэтуль  памятаю, як пахне спелае збожжа.

А яшчэ не забыў, як рыхтаваўся да ўступных экзаменаў у інстытут. Жнівень у той год для нашай сям’і быў па-сапраўднаму гарачым яшчэ і таму, што брат жаніўся.

— Цяпер вёска іншая…

— На жаль, старэйшае пакаленне пакідае гэты свет, і вёскі сірацеюць. Баліць душа, што закрыліся школы. І калі ў Лукашове жыццё яшчэ цепліцца, дык мае Пожарцы навяваюць сум. Няма ўжо таты, памерлі Зоіны бацькі. Але прыехаць ёсць да каго: жывуць мая мама, браты і сястра, жончыны браты. Калі цешча была жывая, жонка два разы на год старалася наведваць яе. І цяпер не можа не паехаць, да паездак рыхтуецца загадзя — так хочацца хутчэй ступіць на родную зямлю. Наш сёлетні адпачынак удвая прыемны, бо ўпершыню пабывалі на свяце вёскі Лукашова і іншых мерапрыемствах, сустрэ­ліся з аднакласнікамі. Столькі ўражанняў, эмоцый!

Вёскі цішэюць без людскіх галасоў, але іх прыродная прыгажосць не гасне. Аднойчы мы бралі водпуск спецыяльна ў канцы мая—пачатку чэрвеня, каб наслухацца салаў­іных спеваў, надыхацца чысцюткім паветрам, калі ідзеш у грыбы ці ягады, на возеры, у двары дома, робячы тую ці іншую работу.

— А хіба ў Екацярынбургу няма грыбоў і ягад?

— Ёсць. Але ж нашы растуць на нашай зямлі. Мы і гасцінцы адсюль вязём — вараныя і марынаваныя грыбочкі, і з такім гонарам іх дарым.

— Віктар Аркадзьевіч, Зоя Мар’янаўна, скажыце: што ў жыцці галоўнае?

— Жыццё, як кажуць, у палосачку — палоска белая, палоска чорная. Такога не бывае, каб усё толькі добра або толькі дрэнна. І ў нас усялякае здаралася, асабліва ў маладосці. Пажаніліся — сямейныя клопаты, быт, потым — дзеткі. А яшчэ пераезды… пераезды… Мы ўсе выпрабаванні вытрымалі, бо жылі адно за адным. Сям’я трымалася на даверы, каханні. І цяпер яно вядзе па жыцці, мы — адно цэлае. А галоўнае для ўсіх — здароўе, астатняе купім. Можа, таму, што жывём так далёка і побач няма родных, трымаемся разам: дзеці хоць і жывуць асобна, але бачымся часта, сазвоньваемся, дапамагаем выхоўваць унукаў. Дарэчы, 20 ліпеня, падчас нашага водпуску, нарадзіўся трэці ўнучак, а 22-га споўнілася 30 гадоў старэйшай дачцэ. Мы як бы нейкую віну адчувалі, маўляў, такія па­дзеі, а мы ў Беларусі. Але ж у нас і тут была шыкоўная нагода — 1 жніўня споўнілася 85 гадоў маме (маме Віктара Аркадзьевіча — аўт.). Яна такая працаўніца: была і звеннявой, і даяркай. Цяпер на пенсіі. Пажадалі ёй бадзёрасці, спакою.

— А што сказалі на развітанне землякам?

— Мы ўсіх любім, паважаем, даражым, дзякуем, што помняць нас, і жадаем, каб ім жылося добра. Захапляемся Паставамі, падабаюцца тутэйшы размераны рытм жыцця, адносіны паміж людзьмі, а таксама прадукцыя вашых прадпрыемстваў — па традыцыі самае смачнае павязём у Расію.

 Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.