Бум — па выхадных

Образование

 

Усяго два тыдні засталіся да новага навучальнага года ў школах. Самы час бацькам праверыць гатоўнасць сваіх дзяцей да пачатку або працягу падарожжа ў краіну ведаў і дакупіць неабходнае для вучобы. У магазінах такой парой павінен быць сапраўдны ажыятаж. Але…

Самы вялікі прамтаварны магазін горада — універмаг “Амега” — сустрэў мяне шырокім асартыментам школьнага адзення. Касцюмы для хлопчыкаў і дзяўчынак, сарафаны, блузкі, кашулі, спадніцы, штаны на любы густ і кашалёк. Ад іх колькасці разбягаюцца вочы. Адных толькі сарафанаў налічыла 10 мадэляў, цана — ад 370 да 655 тысяч недэнамінаваных рублёў. Яшчэ большы выбар блузак розных вытворцаў.

Рэкламу тавару ствараюць яркія надпісы на вешалах “Школьны бум”, якія здалёк прыцягваюць позірк. Толькі буму ва ўнівермагу не было. Па словах прадаўца аддзела гатовага адзення Жанны Ніка­дзімаўны Пяткевіч, асаблівай пакупніцкай актыўнасці ў буднія дні не назіраецца. Найбольш бацькоў з дзець­мі школьнага ўзросту ў суботу і нядзелю, калі ў магазіне дзейнічаюць 15-працэнтныя скідкі і ў Паставы прыязджаюць жыхары раёна, а таксама суседзі з Браслава, Мядзела, Нарачы.

Менавіта мядзельцаў сустрэла, калі завітала ў магазін. Франц Вітольдавіч і Крысціна Мечыславаўна Абодзіч падбіралі касцюм унуку Паўлу, які пойдзе ў 9 клас. У Паставы яны прыязджаюць, каб сабраць хлопца ў школу, ужо не першы год. Кажуць, тут выбар школьнага адзення большы, чым у Мядзеле.

 

Аналагічная сітуацыя ў суседніх “Культтаварах”.

— Адчуваецца, што ідзе падрыхтоўка да школы. Але такога ажыятажу, які быў гады два-тры назад, калі ў жніўні ля прылаўка нярэдка ўтвараліся чэргі, цяпер няма, — гаварыла загадчыца крамы Ірына Эдвардаўна Есьман. — Пакупнікі пакрыху ідуць на працягу ўсяго лета. Спачатку купяць адно, праз некалькі тыдняў — іншае. Прычына, хутчэй за ўсё, у фінансах: у людзей не хапае грошай, каб набыць усё неабходнае адразу.

Пастаўчанка Вікторыя Трацяк і яе дачка-шасцікласніца Дзіяна выбіралі ў “Культтаварах” тэматычныя сшыткі. Як прызналася жанчына, збірацца ў школу яны толькі пачынаюць, бо дзяўчынка спачатку адпачывала на моры, потым — у бабулі. Таму ў бліжэйшых планах пакупка не толькі школьна-пісьмовых прылад, але і формы, абутку.

Самае бойкае месца ў горадзе, дзе можна “экіпіравацца” ў школу, — гэта школьны павільён перад універмагам, які працуе з 1 жніўня. Тут у адрозненне ад іншых крам амаль заўсёды можна застаць пакупнікоў, а ў суботу і нядзелю наогул аншлагі. Так, у мінулыя выхадныя работнікі прылаўка нагандлявалі ажно 10 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Асаблівым попытам у гараджан і гасцей горада карыстаюцца школьна-пісьмовыя прылады. Актыўна купляюць таксама школьную форму, спартыўныя касцюмы, джэмперы і іншае. Выбар тавараў, канешне, не такі вялікі, як у магазінах, але штодзённыя 15-працэнтныя скідкі вельмі прывабліваюць пакупнікоў. Да таго ж таварны рад пастаянна папаўняецца.

Тавары для школьнікаў прапануюць не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя магазіны, індывідуальныя прадпрымальнікі на рынках. Так, напрыклад, у фірменным магазіне ТАА “Ініта” па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры ў дастаткова шырокім асартыменце прадстаўлены кашулі для хлопчыкаў фабрыкі “Эліз” па цане ад 240 да 300 тысяч рублёў, дзіцячыя гальштукі (звычайныя і бабачкі), штаны і камізэлькі ўласнай вытворчасці. Камплекты са штаноў і камізэлькі — ад 28 да 42 размеру, каштуюць каля 400-450 тысяч рублёў, што на парадак танней, чым у дзяржаўных крамах. Іх таксама прадаюць паасобку. А вось дзіцячыя касцюмы (штаны і пінжак) шыюць толькі на заказ, і сярэдняя цана складае 860 тысяч.

Думаецца, збіраючы сына або ўнука ў школу, варта зазірнуць і ў гэту краму.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.