Цэлыя класы ад спонсараў

Образование

Ю. І. Іговін і М. В. Жук з сертыфікатам на камп’ютарны клас.

Цудоўныя падарункі атрымалі напярэдадні новага навучальнага года Варапаеўская і Камайская СШ. Сталічная кампанія “IBA Group”, якая з’яўляецца рэзідэнтам Беларускага Парка высокіх тэхналогій, прывезла ім камп’ютарныя класы.

Урачыста перадаць камп’ютары ў Варапаеўскую школу прыехалі намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій А. М. Марцінкевіч, намеснік генеральнага дырэктара “IBA Group” Ю. І. Іговін і дырэктар ТАА “Озеро”, якое ўваходзіць у названую вышэй групу кампаній, С. В. Маскалёў. Гэта падзея сабрала ў сценах навучальнай установы не толькі дзяцей і педагогаў, завіталі таксама намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын.

Як адзначыў, прывітаўшы гасцей, дырэктар школы В. М. Жук, ужо шмат гадоў назад стала зразумела, што без інфармацыйных тэхналогій няма будучыні і якасць адукацыі напрамую залежыць ад таго, наколькі навучэнцы і настаўнікі могуць і ўмеюць іх выкарыстоўваць. Варапаеўская СШ даўно вядзе мэтанакіраваную работу па павышэнні інфармацыйнай культуры і выкарыстанні новых тэхналогій. Яшчэ ў 90-ыя гады адны з першых камп’ютараў школе падарылі сябры з Германіі, дзякуючы чаму тут змаглі прадаставіць кожнаму школьніку на ўроках інфарматыкі сваё рабочае месца. Але з цягам часу тая тэхніка маральна састарэла, і ў 2006 годзе раённы ад­дзел адукацыі выдзеліў навучальнай установе новы камп’ютарны клас. Сёння аднаго яго ўжо недастаткова. Выйсце знайшлі ў набыцці за пазабюджэтныя сродкі трох мультымедыйных праектараў, карысталіся ноўтбукамі, перанаснымі экранамі. І вось нечакана такі вялікі падарунак ад спонсараў!

Віктар Мікалаевіч шчыра падзякаваў за яго сталічным гасцям, а таксама за тое, што разам з 12 камп’ютарамі школа атрымала зручную мэблю для абсталявання кабінета інфармацыйных тэхналогій. “IBA Group” праплаціла і работу па пракладцы сеткі.

Чаму адзін з камп’ютарных класаў падарылі менавіта Варапаеўскай СШ? Адказ на гэта пытанне даў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў:

— На працягу апошніх гадоў школа дэманструе вялікія поспехі ў навучанні дзяцей. Летась стала лідарам сярод устаноў адукацыі раёна па колькасці заваяваных дыпломаў на абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды. Лічу, дапамагаць трэба ў першую чаргу тым, хто імкнецца дасягнуць высокіх вынікаў і мэтанакіравана над гэтым працуе.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч таксама выказаў вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву Парка высокіх тэхналогій і кампаніі “IBA Group” за спонсарскую дапамогу і прызнаўся: хацелася б, каб гэта акцыя перарасла ў доўгатэрміновую праграму супрацоўніцтва Парка з сельскімі школамі. Тады ў глыбінцы з’явілася б магчымасць выхавання будучых добрых праграмістаў.

Намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій А. М. Марцінкевіч.

— З сістэмай адукацыі Парк высокіх тэхналогій супрацоўнічае ўжо 10 гадоў, — зазначыў у сваім выступленні намеснік дырэктара Парка А. М. Марцінкевіч. — Поспехі ў ІТ-галіне, якія мы маем, дасягнуты дзякуючы адукаваным выпускнікам універсітэтаў, атрымаўшым дастатковы ўзровень ведаў у школах. Таму мы дапамагалі і будзем дапамагаць сістэме адукацыі. У нас дзейнічае спецыяльная праграма, у рамках якой у пачатку навучальнага года буйнейшыя кампаніі-рэзідэнты Парка аказваюць дапамогу навучальным установам. Акрамя таго, сёлета сумесна з Міністэрствам адукацыі краіны мы запусцілі новы адукацыйны праект і з другога класа ўвялі ў школах факультатыўныя заняткі па праграмаванні. Упэўнены, што сёння веданне асноў праграмавання з’яўляецца другой пісьменнасцю, паколькі з кожным годам інфармацыйныя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у наша жыццё і ўсё больш рэчаў у свеце падключаецца да інтэрнэту.

Аляксандр Міхайлавіч пажадаў настаўнікам і навучэнцам не марнаваць час і хутчэй авалодваць інфармацыйнымі тэхналогіямі, паабяцаўшы падтрымліваць усе ініцыятывы ў гэтым плане, якія будуць зыходзіць ад Міністэрства адукацыі, школ і педагогаў-наватараў.

Як ужо гаварылася вышэй, Парк высокіх тэхналогій аб’ядноўвае шэраг кампаній. Адной з іх з’яўляецца “IBA Group”, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, мае прадстаўніцтвы больш чым у 15 краінах свету і амаль 4 тысячы супрацоўнікаў. Пра гэта, а таксама пра работу з рознымі навучальнымі ўстановамі — ад школ да ўніверсітэтаў, дзе адкрыты лабараторыі кампаніі, — прысутным расказаў намеснік генеральнага дырэктара Юрый Іванавіч Іговін.

— Прымаючы рашэнне аб перадачы вашым школам камп’ютарных класаў, мы ў першую чаргу хацелі, каб яны спрыялі яшчэ лепшаму навучанню дзяцей, — сказаў ён. — Спадзяёмся таксама, што гэтыя класы дапамогуць школьнікам у далейшым зрабіць правільны прафесійны выбар. Шчыра будзем рады, калі выпускнікі з Варапаева, закончыўшы ўніверсітэты, прыйдуць працаваць у нашу кампанію, Парк высокіх тэхналогій або іншыя месцы, прыносячы карысць і развіваючы інфармацыйныя тэхналогіі.

Пад апладысменты прысутных Ю. І. Іговін уручыў дырэктару школы В. М. Жуку падарачны сертыфі­кат на камп’ютарны клас, слоганам для якога выбрана красамоўная фраза “Веды для будучыні”, настаўніцы інфарматыкі М. І. Пусько — канцылярскія тавары для вучняў з сімволікай кампаніі. А затым разам з пераможцай раённай алім­піяды па інфарматыцы Кацярынай Беляковай перарэзаў чырвоную стужку на ўваходзе ў клас. Гаспадары са свайго боку падарылі гасцям кнігі “Чароўны край — Пастаўшчына”, фотаальбомы “Паставы”, сувеніры, зробленыя рукамі дзяцей, а таксама невялікія музычныя віншаванні.

Алена ШАПАВАЛАВА.

                                                                                              Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.