Cтараюцца ўсе: і вопытныя, і маладыя

Местная власть

Камбайнер Сяргей Шарко.

У ліку першых у раёне ААТ “Ярэва-агра” выканала дзяржзаказ па продажы харчовай пшаніцы. На Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства яе дастаўлена 350 тон. Амаль усю гэту колькасць  зерня перавёз малады вадзіцель Яраслаў Скіпар. З ганаровым заданнем ён справіўся выдатна і з не меншым стараннем прадаўжае працаваць у полі.

— Усяго на ўборцы зерневых і зернебабовых, якія займаюць 870 гектараў, у нас задзейнічаны чатыры камбайны, — расказваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Р. Э. Вырвіч. — Нагрузка на кожны — каля 220 гектараў.  Азімыя абмалочаны ўжо амаль на 46% планавай  плошчы. Пры спрыяльных умовах  мы можам убіраць за дзень да 70 гектараў збажыны. Дабівацца такой выпрацоўкі сёлета перашкаджаюць дажджы.

Бясспрэчнымі лідарамі з’яўляюцца Леанід Нагановіч і Сяргей Шарко, у якіх камбайны “КЗС-1218”.  Леанід Ксаверавіч — адзін з нямногіх у раёне, хто на працягу трох дзясяткаў гадоў працуе на ўборцы і кожны сезон дабіваецца добрай выпрацоўкі. Не пазычаць майстэрства і Сяргею Аляксеевічу. Яны намалацілі ўжо адпаведна 305 і 285 тон зерня. Стараюцца таксама Алег Нагановіч і малады механізатар Ігар Пучынскі, які на камбайне другі сезон.

Сваімі сіламі абыхо­дзяцца ў гаспадарцы  і на адвозцы зерня з поля на ток. Акрамя Яраслава Скіпара, на гэтай рабоце заняты Уладзімір Трыфанаў, Андрэй Купран, Генадзій Гінько. А вось на дапрацоўцы  збожжа, як і ў папярэднія гады,  разам з Чаславам Міхалевічам  і Анатоліем  Тарасевічам, якія адказваюць за работу дзвюх напольных сушылак, і аператарамі  Мікалаем  Тарасевічам і Валерыем Ківатыцкім (яны абслугоўваюць дзве СЗК-10) працуюць восем столінцаў і мясцовыя жыхары. У іх ліку работнікі Ярэўскай базавай школы  Уладзіслава Тарасевіч, Ала Шаняўская, навучэнцы каледжаў Валерый Шаняўскі і Уладзіслаў Турла. Хапае клопатаў і вадзіцелю Вадзіму Шаняўскаму, машыністу “Амкадора” Вячаславу Вілейту. Апошні пры патрэбе яшчэ і тэхніку буксіруе ў полі. Зладжаную арганізацыю работ па дапрацоўцы збожжа забяспечвае загадчыца склада Ала Міхалевіч.

Па-ранейшаму шмат клопатаў у галоўнага агранома Ларысы Шастаковіч. Важнейшым застаецца жніво. Адначасова вя­дзецца падрыхтоўка да сяўбы азімых. Каб правесці яе ў аптымальныя тэрміны, трэба падрыхтаваць глебу, насенне. Нельга адкладваць і церабленне льну, уборку саломы з палёў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.