Цяжкія гектары


 

Уладзімір Зарэцкі і Віктар Субач.

На 15 жніўня механізаваны атрад ільнозавода ўбраў даўгунец на 760 гектарах, што складае 41% планавай плошчы. На 174 гектарах, дзе траста вылежалася, яна запрасавана і звезена. Нарыхтаваны  432 тоны  сыравіны.

Дырэктар прадпрыемства Пётр Іванавіч Скурко, з якім у нядзелю пабывалі на розных участках, дзе вядуцца работы, тэмпамі не задаволены і лічыць, што пры спрыяльных умовах надвор’я лён маглі б ужо ўбраць на 85-90% планавай плошчы. Для гэтага ёсць дастатковая колькасць камбайнаў, церабілак, падборшчыкаў, абарачальнікаў і іншай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца для паскарэння ўборкі трасты, пагрузкі і дастаўкі яе на завод. Даўгунец падышоў да ўборкі практычна на ўсіх участках, якія сёлета арандавалі ў філіяле “Нафтазаводмантаж-агра”, СП “Дунілавічы-агра”, райаграсэвісе, СВК “Андроны”, ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Кураполле-агра”, “Янавіца-агра”, “Камайскі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”. З аднаго боку, такая раскіданасць пасяўных плошчаў стварае пэўныя цяжкасці для больш прадукцыйнага выкарыстання тэхнікі, а з іншага — дае магчымасць манеўраваць ёй, весці работы паэтапна, выбіраць найбольш прыдатныя землі для вырошчвання высакаякаснага насеннага матэрыялу. Але так арганізаваць работу   на заключным этапе сёлета пакуль не ўдаецца, бо на  ўсёй тэрыторыі раёна амаль кожны дзень ідуць дажджы. Спробы пераязджаць з адной гаспадаркі ў іншую не даюць жаданых вынікаў, бо практычна на ўсіх ільняных палетках глеба пераўвільготнена.

Мы пабывалі ва ўрочышчы Цешалава, дзе ў той дзень была сканцэнтравана асноўная сіла мехатрада — дзесяць ільноўборачных камбайнаў. Здалёк, калі па залацістым полі адразу рухалася столькі тэхнікі, карціна выглядала прыгожай. А на месцы аказалася, што на ўскрайку ўчастка, дзе нядаўна праходзілі камбайны, засталіся не толькі стужкі льняной саломкі, але і моцна парэзаная коламі зямля. На полі ў лагчынах стаяла вада. Пераадолець такія перашкоды камбайнерам дапамагае механізатар Станіслаў Гапон, які ўвесь час дзяжурыць на трактары “МТЗ-1221”.

Камбайнеры-механізатары і іх памочнікі: Андрэй Кукштэль, Аляксандр Навумец, Сяргей Студзянкоў, Анатолій Жук, Аляксей Вілейта, Аляксей Мусік, Георгій Раманчык, Юрый Клачкоў.

— Вельмі цяжкая сёлета ўборка, — адзначыла вядучы аграном мехатрада Раіса Сямёнаўна Гарлачова. — Няшмат было дзён, калі маглі працаваць у полі з ранку да позняга вечара. Вось і тут, ва ўрочышчы Цешалава, дзе даўгунец займае 162 гектары, пакуль не змаглі разгарнуцца як след. І толькі дзякуючы майстэрству меха­нізатараў, нястомнасці іх памочнікаў мы, хоць і з цяжкасцю, убіраем гектар за гектарам. У тым ліку тыя ўчасткі, дзе пасеяна супер­элітнае і элітнае насенне.

Камбайнеры Рыгор Труш­кін, Алег Вайткевіч, Юрый Салаўёў, Аляксандр Навумец, Руслан Жылевіч, Сяргей Студзянкоў, Алег Філістовіч, Андрэй Кукштэль, Аляксандр Аліноўскі, Уладзімір Арлоў і іх памочнікі жадаюць і ўмеюць працаваць. Радавала і сонца, усяляючы надзею, што і наступныя дні будуць такімі ж пагодлівымі.

У той дзень не давялося прастойваць і камбайнеру Дзмітрыю Скурацёнку, які на КЗС-10 абмалочвае галоўкі. Прычэпы з ільняным ворахам (на разгрузку аднаго затрачваецца ў сярэднім да 20 хвілін) пад’язджалі амаль бесперапынна. Таму поўніўся і прычэп трактара, на якім механізатар Анатолій Жук адвозіць намалочанае насенне на завод для далейшай дапрацоўкі.

Дажджы і вятры нанеслі нямала шкоды пасевам зерневых, у тым ліку і льну. Моцна паблытаны і палеглы даўгунец ва ўрочышчах Юнькі, Цівунцы, Ажуны, таму вырашылі ўбіраць яго церабілкамі. А каб не страціць насенне, у  работу ўключылі абарачальнікі-ачэсвальнікі. Але зноў жа самаходныя машыны Уладзіміра Зарэцкага і Віктара Субача на полі ў Юнькаўскім аддзяленні рухаліся з цяжкасцю. Пры патрэбе іх буксіраваў на трактары адказны за работу камбайнераў  механік Уладзімір Барысавіч Гіль. А вось у самых вопытных і падрыхтаваных механізатараў — Валерыя Пупкевіча, Віктара Пузана, Аляксандра Шыкуця, Яўгенія Райчонка і Івана Загурскага,  якія працуюць на церабілках, дзень не ўдаўся.  Глеба на полі аказалася настолькі пераўвільготненай, што работу давялося спыніць. Не пайшлі і прэс-падборшчыкі. А лён стаіць у полі яшчэ больш чым на тысячы гектараў…

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.