Цёплая сустрэча аднадумцаў

Общество

Гэтага дня з нецярпеннем чакалі ўдзельнікі як народнага клуба ветэранаў “Маналіт” з Глыбокага, так і народнага хору ветэранаў нашага раёна пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні. І ён настаў — на гасціннай пастаўскай зямлі адбылася сустрэча аднадумцаў, аматараў песні, людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Глыбачан першымі віталі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая і старшыня раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч. Менавіта па ініцыятыве старшынь саветаў ветэранаў і прафсаюзаў двух раёнаў аналагічная сустрэча прайшла ў мінулым годзе ў Глыбокім. На гэты раз суседзі прыехалі ў Паставы. Для іх была арганізавана экскурсія па горадзе.

Спачатку наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гасцям тут было цікава ўсё. Яны засталі­ся ў захапленні ад работ таленавітай майстрыхі Таццяны Сабецкай, некаторыя апрабавалі трэнажоры, распытвалі пра водныя працэдуры, паслугі масажу, фітатэрапіі, касметычныя, якія аказваюць у аддзяленні людзям пенсійнага ўзросту. У актавай зале была магчымасць пакаштаваць прысмакаў, прыгатаваных наведвальнікамі і супрацоўнікамі аддзялення, пачаставацца чаем.

Наступным прыпынкам стала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН, якое размешчана ў мікрараёне будаўнікоў (МСО). Выйшаўшы з аўтобуса, многія ўсклікнулі: “Як у Швейцарыі!” Зачаравала добраўпарадкаваная тэрыторыя аддзялення з мноствам кветак, высаджаных з густам, малымі архітэктурнымі формамі, незвычайнымі альтанкамі. У кожным прыгожым і непаўторным куточку госці шмат фатаграфаваліся. Не менш станоўчых эмоцый выклікалі і ўмовы, створаныя для насельнікаў аддзялення. Для іх “маналітаўцы” выканалі некалькі песень, якія вярнулі бабуль у маладосць. А гаспадары пачаставалі гасцей выпечкай. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская расказала пра работу цэнтра, а глыбачане засыпалі яе пытаннямі па развіцці сацыяльнай сферы ў нашым раёне.

З інтарэсам госці пабывалі на экскурсіі ў філіяле раённага краязнаўчага музея, размешчанага ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў, якую правёў яго супрацоўнік Вадзім Шышко.

А на прыступках кафэ “Лагуна” глыбачан су        стракалі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы на чале з П. П. Рагінем. Павел Пятровіч уручыў кіраўніку народнага клуба ветэранаў “Маналіт” Тамары Данілаўне Калантай каравай. Глыбачане шчыра віталі гаспадароў песняй. Сустрэча прадоўжылася за святочна накрытымі сталамі. Вядучай была пастаўчанка Марына Вавілаўна Ніканава. Ветэранам было пра што пагаварыць. А падчас канцэртнай праграмы ўдзельнікі хароў прадэманстравалі свае таленты. Абодва калектывы — пастаянныя ўдзельнікі абласнога конкурсу ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», неаднаразовыя яго лаўрэаты і дыпламанты. Іх аснову складаюць таленавітыя, з моцнымі, прыгожымі галасамі выканаўцы. І пастаўчанам, і глыбачанам пашанцавала з кіраўнікамі. Павел Пятровіч Рагіня і Тамара Данілаўна Калантай — прафесі­яналы сваёй справы, апантаныя музыкай і песняй.

Сённяшнія ўдзельнікі ветэранскіх клубаў у мінулым былі медыкамі, работнікамі гандлю, настаўнікамі, дзяржслужачымі, рабочымі, і ўсе сябравалі з песняй. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, мастацкай сама­дзейнасцю захапіліся па-сапраўднаму. Яна іх яднае. У хоры ёсць часцінка душы кожнага.

— Нам няма калі прыслухоў­вацца да хвароб, старэць душой, — гаварыў старшыня Глыбоцкага раённага савета ветэранаў Уладзімір Браніслававіч Развадоўскі. — Маем шмат новых ідэй, мы мэтанакіраваныя, цікаўныя. Не лічым сваіх гадоў, жывём справамі і задумамі, любім падарожнічаць, заводзіць новыя знаёмствы.

— “Маналіт” напоўніў наша жыццё новым зместам і сэнсам, — расказвалі ўдзельнікі клуба. — Нам зусім не хочацца здавацца ў палон старасці, няцерпіцца самарэалізоўвацца далей. Без нашага выступлення не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, нас з радасцю сустракаюць у розных куточках раёна і за яго межамі. А такія сустрэчы з калегамі ў нашым узросце вельмі патрэбныя.

— Людзі, якія вялі актыўны лад жыцця ў маладыя і больш сталыя гады, не могуць быць пасіўнымі і на пенсіі, — адзначыла старшыня Пастаўскага раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч. — Іх цікавіць усё, што адбываецца навокал, яны па-ранейшаму ініцыятыўныя, поўныя жыццёвай энергіі, бадзёрасці, як і раней, лёгкія на пад’ём, ахвотна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, самі шмат чаго прапануюць. Іх актыўнасці можна толькі пазайздросціць.

І гэта пацвердзілі танцы. Якімі ж заліхвацкімі яны былі! Глядзела на людзей залатога ўзросту, і не верылася, што многім танцорам далёка за 70. Менавіта на іх павінна раўняцца сённяшняе пакаленне, вучыцца ўласцівай ім невычэрпнай энергіі, веры ў лепшае і бязмежнай любові да бліжняга. Іх жыццёвы вопыт, аптымізм, веды даражэй за любое багацце.

Чалавек старэе тады, калі жыве толькі          ўспамінамі, — гаварылі ўдзельнікі сустрэчы. — У нас шмат планаў, ідэй, задум. Развітваемся акрыленыя, натхнёныя. Няўрымслівасць, уменне радавацца жыццю адыгрываюць не апошнюю ролю ў тым, што адчуваем сябе маладымі і шчаслівымі. Душой не пастарэем ніколі. Аптымізм дапамагае нам у розных сітуацыях.

— Бязмежна ўдзячны пастаўчанам за цёплы прыём, — сказала, развітваючыся, адказны сакратар Глыбоцкага раённага савета ветэранаў Алена Мікалаеўна Зібарава. — Нам спадабалася ўсё. Эмоцыі не перадаць словамі. Дзякуй старшыням аб’яднанняў прафсаюзаў нашага і вашага раёнаў Веры Міхайлаўне Цяліца і Іне Аляксееўне Далецкай, якія дапамаглі саветам ветэранаў у арганізацыі сустрэчы. На развітанне кажам: “Да спаткання!” Спадзяюся, што сустрэчы стануць традыцыйнымі, а магчыма, і сумесны фестываль арганізуем.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.