Дома і сцены дапамагаюць

Правовое поле

Алег Ромель і Андрэй Шэйна.

Каля кантрольна-прапускнога пункта сустракае намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце першага радыётэхнічнага цэнтра маёр Дзмітрый Дзевятоўскі. Але нават у яго суправаджэнні трапіць на тэрыторыю закрытага аб’екта не так проста: днявальны па гаражы старанна правярае дакументы, затым выпісвае пропуск у двух экзэмплярах. Нарэшце ўсе фармальнасці выкананы — і я на тэрыторыі цэнтра.

Праз адчыненыя дзверы гаража відаць, як вайскоўцы «чаруюць» над аўтамабільнай тэхнікай: рамантуюць, фарбуюць, наладжваюць. Ля казармы ідзе пастраенне асабовага складу, крыху далей круцяцца радыёлакацыйныя станцыі, а гэта значыць, што разведка паветранай прасторы не спыняецца ні на хвіліну.

— У падраздзяленне 15 ліпеня прыбыло новае папаўненне, таму яшчэ больш інтэнсіўна, чым звычайна, займаемся баявой падрыхтоўкай і навучаннем асабовага складу, — уводзіць у курс справы Дзмітрый Дзевятоўскі. — Аформілі неабходныя дакументы, выпісалі допускі, і ўжо на гэтым тыдні навабранцы заступілі на сваё першае самастойнае баявое дзяжурства. Гэта тым больш сімвалічна, што 1 жніўня сваё 84-годдзе адзначыла найстарэйшае падраздзяленне Узброеных Сіл Беларусі — 49-ая радыётэхнічная брыгада, у склад якой уваходзіць і наша падраздзяленне.

Пасля курсу маладога байца і прыняцця прысягі ў першы радыётэхнічны цэнтр накіраваны прызыўнікі з Мінска, Віцебска, Шумілінскага раёна і Пастаў. З’яднаны калектыў аказвае сяброўскую падтрымку хлопцам, дапамагае адаптавацца да новых умоў. Пасля прыбыцця салдатам тэрміновай службы ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі асабістую зброю. Адбылося ўжо і размеркаванне на воінскія пасады. Так, нашаму земляку Алегу Ромелю, які бу­дзе камандаваць аддзяленнем комплексу сродкаў аўтаматызацыі, у бліжэйшы час прысвояць воінскае званне «сяржант». У яго падначаленні будуць не толькі вайскоўцы тэрміновай службы, але і кантрактнікі. Другі пастаўчанін — Андрэй Шэйна — будзе праходзіць службу ў якасці вадзіцеля-электрыка. Падчас манёўраў яму давядзецца перавозіць тэхніку, у астатні час — забяспечваць токам радыёлакацыйную станцыю.

Абодва хлопцы маюць вышэйшую адукацыю і зусім не тыповы для салдат тэрміновай службы ўзрост: аднаму 26 гадоў, другому — 25. Гэта выгадна адрознівае іх ад многіх прызыўнікоў у плане адказнасці, самастойнасці, дысцыплінаванасці. Алег працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях у адной мінскай прыватнай структуры, але, нягледзячы на гэта, не пабаяўся на бліжэйшы год кардынальна змяніць сваё жыццё. І не пашкадаваў: спадабалася ўсё, пачынаючы ад харчавання і заканчваючы калектывам, а больш за ўсё — назіраць за рухам паветранага транспарту.

— Да службы ў войску я  стаўлюся станоўча, паколькі лічу, што гэта абавязак кожнага грамадзяніна, да таго ж і карысны вопыт, — расказваў вайсковец. — Калі направілі служыць у 49-ую радыётэхнічную брыгаду, абрадаваўся, бо ведаў, што яе падраздзяленне ёсць і ў родным горадзе. Чуў пра яго шмат станоўчых водгукаў, ды і дома нават сцены дапамагаюць. У выніку ўсё аказалася нават лепш, чым чакаў.

Цалкам згодны са сваім саслужыўцам і Андрэй, хоць і прызнаўся, што не гарэў жаданнем змяніць цывільную форму на ваенную. Тым не менш ухіляцца ад службы не стаў. Не супраць прызыву сына ў войска і бацькі. Тата Андрэя ў свой час служыў у Чэхаславакіі, а мама спадзяецца, што сын у арміі стане больш арганізаваным.

Убачыць у вайсковай часці Алега і Андрэя і пагутарыць з імі мне было ўдвая цікава, бо прысутнічала пры тым, як 24 мая каля райваенкамата іх праводзілі ў армію бацькі і сябры. Можа, значных змен за гэты час і не адбылося, але вуха адразу ловіць, як  яшчэ зусім нядаўна цывільныя людзі на любое ўдакладняючае пытанне зараз адказваюць: «Так точно» альбо «Никак нет». Дысцыпліна…

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.