Два розныя таймы

Спорт

ФК “Міёры” — “Паставы-ПМЦ” — 4:1

У стартавай гульні другога круга абласнога першынства пастаўчане зноў мелі кадравыя цяжкасці — па розных прычынах адсутнічаў шэраг вядучых ігракоў. У гэтым сезоне за іх згулялі ўжо 25 футбалі­стаў, што толькі пацвярджае праблемы з укамплектаваннем каманды. У гэтым важным матчы ўскладніў барацьбу на полі мокры з-за дажджу газон. Да няпростых умоў надвор’я хутчэй прыстасава­ліся гаспадары. Асаблівую небяспеку неслі іх фланговыя хуткасныя атакі, пасля адной з якіх ужо на 6-й хвіліне мяч прасвісцеў над перакладзінай варот ПМЦ. Неўзабаве нападаючы міёрцаў, лепшы бамбардзір нашай зоны Віталь Смалякоў адкрыў лік ударам з блізкай адлегласці.

Акрылены сапернік прадоўжыў свой націск, і хутка Віталь прыгожым ударам  з ходу замацаваў поспех сваёй каманды. У сярэдзіне тайма гульня пастаўчан карэнным чынам памянялася ў лепшы бок. Госці ўзялі мяч пад свой кантроль, пайшлі наперад і на 21-й хвіліне Ігар Павініч, які гуляў на пазіцыі адзінага нападаючага, паўторным ударам скараціў розніцу ў ліку. У наступным эпізодзе зноў І. Павініч абыграў варатара міёрцаў, але, на жаль, з вострага вугла на хуткасці прамахнуўся ўжо па пустых варотах.

Перад свістком на перапынак сапернік сур’­ёзна патрывожыў гасцей, але варатар Руслан Казаравец выручыў сваіх таварышаў ад непрыемнасцей. У другім тайме пастаўчане гулялі яшчэ і супраць моцнага бакавога ветру, стаміліся, іх атакі сталі рэдкімі. А вось міёрцы правялі серыю замен, у канцоўцы прыкметна актывізаваліся і пасля няўзгодненых дзеянняў абаронцаў гасцей змаглі яшчэ двойчы вызначыцца намаганнямі Д. Лукасіка і Р. Чубрэвіча. Засмучанымі пакінулі поле ігракі ПМЦ Казаравец, Міснік (Бубноўскі), Альсевіч, Дубін, Амбразевіч (Міхалевіч), Танана (В. Жылевіч), Пучынскі, Зелянкевіч, Ясюковіч (Д. Павініч), Карага (к), І. Павініч.

У гэтым туры ў лідары зноў выйшла каманда Глыбокага, якая дома за тры хвіліны да канца матча зраўняла лік у гульні з “Полацк­газам”, а потым вырвала перамогу з лікам 4:3. У барацьбу за ўваходжанне ў тройку лепшых уключыўся ФК “Шуміліна”, які на выез­дзе ў Шаркаўшчыне дабіўся буйной перамогі з лікам 4:1. 21 жніўня ў 14 гадзін пастаўчане на сваім полі памераюцца сіламі з глыбачанамі, а 27-га згуляюць з суседзямі з Шаркаўшчыны.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.