Двое з кагорты герояў

Общество

3 ліпеня Беларусь адзначыла 72-ую гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Святочнымі шэсцямі, мітынгамі і салютам былі ўшанаваны воіны і партызаны, усе, хто набліжаў Перамогу. У іх ліку і Героі Савецкага Саюза, чые прозвішчы значацца на мемарыяльных плітах у скверы на плошчы Імя Леніна ў Паставах. Пра двух з іх хачу расказаць сёння.

Мікалай Пятровіч Красільнікаў нарадзіўся ў 1901 годзе ў горадзе Бійску Алтайскага краю. Да вайны працаваў ляснічым у мясцовым лясгасе. У 1942-ім прызваны ў армію. 306-ая стралковая дывізія, у якой служыў малодшы лейтэнант Красільнікаў, у складзе 43-яй арміі прымала ўдзел у вызваленні Віцебска. 25 чэрвеня 1944 года першым да Заходняй Дзвіны выйшаў 938-ы стралковы полк. М. Красільнікаў сабраў байцоў свайго ўзвода і паведаміў пра тое, што загадана пераправіцца праз раку, захапіць плацдарм, утрымаць яго і што ад рашучасці дзеянняў будзе залежаць поспех пераправы ўсяго палка.

І вось сцямнела. Першая група стралкоў адчаліла ад берага. Неўзабаве праціўнік адкрыў моцны кулямётны агонь. У лодцы з’явіліся прабоіны, але байцы затыкалі іх спецыяльнымі коркамі. Красільнікаў выскачыў на бераг і павёў байцоў у атаку на штурм варожых умацаванняў. Траншэі захоплены! Гітлераўцы спрабуюць вярнуць свае пазіцыі. Дарэмна! Камандаванне часці накіравала пісьмо бацькам Красільнікава, у якім падзякавала за выхаванне такога палымянага патрыёта, сапраўднага героя.

У гэтым баі малодшы лейтэнант Красільнікаў быў паранены, але ад лячэння ў тылавым шпіталі адмовіўся, бо не хацеў пакідаць фронт у разгар пераможных баёў з ворагам. 8 ліпеня 1944-га ў час налёту варожай авіяцыі на Лынтупы загінуў. Пахаваны ў брацкай магіле ў гарадскім пасёлку. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, яго імем названа вуліца ў Лынтупах, ёсць яна і ў Бійску. Там жа, у скверы каля Вечнага агню, М. П. Красільнікаву ўстаноўлены бюст.

У брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах пахаваны яшчэ адзін герой — стралок 938-га стралковага палка 306-ай стралковай дывізіі 43-яй арміі радавы Васіль Паўлавіч Кірычук. Нарадзіўся 16 студзеня 1924 года ў Валынскай вобласці (Украіна). Закончыў сельскую школу, працаваў у калгасе. У чэрвені 1944-га прызваны ў армію. 25 чэрвеня пад моцным кулямётным і артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка ў ліку першых пераадолеў Заходнюю Дзвіну на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, уступіў у бой з праціўнікам і са сваім падраздзяленнем забяспечыў утрыманне плацдарма. Быў цяжка паранены, 13 ліпеня 1944 года памёр ад ран у пастаўскім шпіталі. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

P.S. Пры падрыхтоўцы матэрыялу я выкарыстоўвала звесткі, прадастаўленыя дырэктарам Юнькаўскай ЯСБШ А. І. Кузняцовым, за што яму вельмі ўдзячна. Са школьных гадоў памятаю, што Аляксандр Іванавіч актыўна займаецца пошукам архіўнай інфармацыі пра наш раён, у тым ліку і той, што датычыць Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Дзіяна ЛІТВІНОВІЧ, студэнтка Віцебскага

дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.