Эксклюзіўныя рэчы Машы Маслюк

Личности Общество

Работы Машы Маслюк выпадкова ўбачыла ў сацыяльных сетках. Мяккія цацкі (кот, сабачка, зайцы, снегавік, Дзед Мароз, чарапаха, божая кароўка, курыца і іншае) — вачэй не адвесці, падасінавікі, баравікі, лісічкі, сыраежкі не адрозніць ад тых, што растуць у лесе, вазачкі, калядны вянок, ігольніца, букеты кветак — удалае дапаўненне любога інтэр’ера. Усе рэчы звязаны кручком.

Маша — дзесяцікласніца СШ №3.       Жыве ў вёсцы Целякі. Па натуры сціплая, разважлівая, цярплівая. Упершыню ўзяла ў рукі кручок яшчэ ў малодшых класах. Першыя пяцелькі рабіла з дапамогай бабулі Ганны Уладзіміраўны — вялікай аматаркі ручных вырабаў. А затым “зацягнула”…  Паступова асвойвала новыя ўзоры сурвэтак і віды цацак.

— Той, хто пачынае вязаць, ведае, якой непасільнай здаецца гэта справа спачатку, — расказвала Маша. — Але пятля за пятлёй, радок за радочкам… І рукі прывыкаюць, прыходзіць захапленне. Навучыцца вязаць — не праблема. Было б жаданне.

А яго Машы не пазычаць. Надумаецца звязаць якую-небудзь цацку — паглядзіць у інтэрнэце (ён для дзяўчыны вялікі памочнік), параіцца з бабуляй ці сяброўкамі, астатняе дадумвае сама. Кожны выраб — у адным экзэмпляры. Свае арыгінальныя эксклюзіўныя рэчы з задавальненнем дорыць родным і блізкім.

— Часам хтосьці просіць што-небудзь звязаць, — дзялілася. — Ахвотна выконваю любую просьбу. Нядаўна звярнулася знаёмая, якой быў патрэбны вязаны Міньён. Пастаралася — і папулярны мультфільмаўскі персанаж атрымаўся сімпатычным. Мае работы ў якасці падарункаў  раз’­ехаліся ў многія краіны свету. І я гэтаму рада. Крыўдна, калі здараецца, што рэч бяруць без дазволу. Для прыкладу, у школе напярэдадні бацькоўскіх сходаў або да свят арганізуюцца выставы ручных вырабаў. Дык вось аднойчы з яе прапалі падасінавікі. Папрасілі б — я падарыла б. Ствараць прыгажосць сваімі рукамі — справа цікавая і карысная: узнікаюць новыя пазітыўныя эмоцыі, з’яўляецца свежы погляд на звыклыя прадметы інтэр’ера.

Захапленне дачкі падтрымліваюць і бацькі Людміла Яўгеньеўна і Лянгін Браніслававіч. Не шкадуюць грошай на набыццё неабходных нітак, сінтэпона для напаўнення цацак. Дзяўчына любіць заходзіць у магазін “Прыгажуня”. Прадаўцы добра ведаюць пастаянную пакупніцу і заўсёды параяць, што лепш выбраць.

— А яшчэ я ўдзячна настаўніцы Марыне Эдуардаўне Баразна, — расказвала Маша. — Яе ўрокі працы праходзяць цікава і з карысцю. Вязаннем кручком захапляецца таксама мая аднакласніца Лера Курыловіч. З ёй абменьваемся ўзорамі, адна адной падказваем, як звязаць тую ці іншую рэч. Ёсць аднадумцы сярод дзяўчат-суседак, напрыклад Лена Січкар. З ёй разам бавім вольны час, хаця ў вясковых дзяцей яго не так і шмат: стараемся дапамагаць бацькам па гаспадарцы, папалоць градкі, клумбы. А з пачаткам навучальнага года з’явіцца асноўны клопат — падрыхтоўка ўрокаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.