Эксперыменты, а не стандарты

Личности Общество

Заўсёды прыемна сустрэць земляка ў далёкіх ад дома мясці­нах. Тым больш, калі гэта творчы чалавек. Нарадзілася Кацярына Аліхвер у  Варапаеве.  Скончыла мясцовыя сярэднюю і дзіцячую музычную школы. Грала  на акардэоне і фартэпіяна, пасля авалодала гітарай, пачала выконваць свае песні. Яшчэ ў школе быў гурт, дзе грала на бас-гітары і спявала вядомыя рок-хіты, у 1999 годзе нават выступалі на пастаўскім рок-фестывалі. Пасля ўсе раз’ехаліся вучыцца. Будучы ў Мінску, паспела пайграць з рознымі таленавітымі, хоць і не вельмі вядомымі, музыкантамі. З некаторымі з іх дзяўчына знаёмілася літаральна ў пераходах і па аб’явах у «Музычнай газеце». Гэта быў доўгі перыяд творчага станаўлення, так бы мовіць, школа жыцця. Вывучала  мовы ў лінгвістычным універсітэце і ўвесь час спявала і пісала вершы, грала на музычных інструментах.

У 2011 годзе патрэбныя планеты сталі ў рад, і з’явілася група “Ілюжан”. З таго часу так і павялося: натхненне, сумесная творчасць, эксперыменты, гарачыя спрэчкі, мудрагелістыя і не вельмі імправізацыі, часам вельмі ўдалыя экспромты на выступленнях. “Мы проста спрабуем рабіць разам тое, што падабаецца кожнаму з нас. Імкнёмся да лепшага і памятаем, што лепшае — у душы. Сваёй творчасцю мы хочам пераканаць слухачоў, што шчырасць — гэта прыгожа, радасць — гэта натуральна, каханне — гэта безумоўна”, — кажуць музыкі. На сённяшні дзень гурт складаецца з 7 чалавек. Я паразмаўляла з Кацяй, якая адказвае за вакал і аранжыроўку.

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях да музыкі? Як пачаліся гэта любоў і еднасць?

— Музыка заварожвала, колькі сябе памятаю, асабліва тое, што можна было прыдумваць. Да школы я літаральна спявала пра тое, што бачыла. У сям’і ўсе любяць музыку і спевы, толькі вясковае жыццё не надта спрыяе творчаму раскрыццю. Еднасць асабліва адчуваецца ў моманты адмаўлення. Усе навокал папярэджваюць і нагадваюць аб тым, які гэта нялёгкі шлях. Доўгі час падтрымкі ў гэтым сэнсе не было ніякай. Але калі прызналася сама сабе, што не магу без музыкі, стала лягчэй.

— Нагадайце, калі ласка, гісторыю гурта, і як трапілі ў яго?

— Убачыла аб’яву ў сацсетках, прыйшла на кастынг, і высветлілася, што мы з рабятамі выдатна разумеем адно аднаго. Паімправізавалі, я прынесла свае тэксты, і склалася песня “Татачка”, якая дагэтуль гучыць у нашым рэпертуары і ўвайшла ў першую частку нашага альбома-трылогіі. На той час гурт складаўся з гітарыста, басіста, віяланчэлісткі і перкусіяніста і граў выключна ў акустыцы. Захопленыя творчасцю, мы запрашалі розных музыкантаў, доўга шукалі ўдарніка, пасля далучыліся кларнетыст, новы перкусіяніст, скрыпач і клавішнік. На буйныя канцэрты клічам бэк-вакалістак. Такім чынам пакрысе наш гурт ператварыўся з акустычнага праекта ў поўнафарматны бэнд з разнастайным рэпертуарам. Мы разам пішам песні, выкарыстоў­ваючы мае тэксты, кожны музыкант актыўна ўдзельнічае ў стварэнні музыкі, дадае  гучанню свой настрой і бачанне.

А дзе праходзяць выступленні? Можа, ёсць аблюбаваныя месцы?

— Яны часам праходзяць у самых нечаканых месцах: даводзілася граць і пад залевай у салдацкай палатцы ля возера, і ў “Піратах” у поўнай цемры пры свечках, і на лужку прыватнага дзіцячага садка. Мы рады дзяліцца музыкай з усімі, хто паважліва ставіцца да мастацтва і цікавіцца сучаснай непапулярнай музыкай. З задавальненнем іграем у рок-клубе “ТNТ”, па-хатняму душэўныя акустычныя выступленні ладзіліся на летняй тэрасе кафэ “Лондан”, вельмі даспадобы гомельскі клуб “Кватэрнік”, дзе мы ўжо неаднаразова бывалі з канцэртамі, ездзілі і ў Віцебск, і ў Брэст. Самая вялікая цяжкасць — няздольнасць большасці клубаў выканаць наш тэхнічны райдэр, некаторыя пляцоўкі проста не адважваюцца на супрацоўніцтва з-за таго, што мы не лічымся “раскручаным” гуртом.

На якую публіку разлічана ваша творчасць?

— На меламанаў і аматараў інавацыйнасці — тых, каго эксперыменты цікавяць больш, чым стандарты. А ўвогуле — на людзей, якія любяць душэўную музыку з сэнсам.

— Сапраўды, ваша музыка «чапляе». Хочацца пажадаць творчага натхнення гурту і ўзаемнасці слухачоў.

Алена ВІТКО, студэнтка Інстытута

 журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.