Горад і віртуальнасць — не для яго

Общество

Завяршыўшы тэрмін салдацкай службы, Генадзь Кухальскі на сваё ранейшае месца работы ў СВК “Андроны” не вярнуўся — захацелася паспытаць іншага хлеба. Паспытаў — “шабашыў” на прыватных будоўлях у Мінску. Рубель атрымліваў, канешне, “даўжэйшы”, але задавальнення праца не прыносіла. Пратрымаўся год — і вярнуўся ў сельгаскааператыў на трактар.

— Выконваць будаўнічыя работы ўмею, але мне гэта не падабаецца, — прызнаўся ў размове са мной Генадзь. — Зусім іншая справа — тэхніка. Да яе цягнула з маленства. Невыпадкова ж і вучыцца паступіў у Пастаўскі каледж, атрымаў спецыяльнасць трактарыста.

Любоў да прафесіі, напэўна, перадалася ад айчыма Валянціна Расціслававіча Кундры (ён да гэтага года працаваў у Андронах трактарыстам, зараз на пенсіі), які замяніў хлопчыку тату. Тата трагічна загінуў у аўтааварыі, калі Гену споўніўся ўсяго годзік, а яго мама, Алена Браніславаўна, была цяжарная другім дзіцем. Вось такія выпрабаванні лёсу.

Гена рос працавітым і цікаўным. Такім ён застаецца і цяпер. “Залаты хлопец”, — пачула я ад дыспетчара ў майстэрні. “Выдатны працаўнік. З любой работай спраўляецца. Арэ, барануе, культывуе, перавозіць зялёную масу. Заслугоўвае толькі пахвалы”, — адзначыў выконваючы абавязкі старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Уладзімір Ула­дзіміравіч Балай.

— А якая ў цябе самая любімая справа? — пытаюся ў Генадзя.

— Круціць гайкі, — чую ў адказ. — Мне цікава займацца рамонтам як трактара, так і машыны, бытавой тэхнікі, да ўсяго дайсці сваёй галавой і рукамі. У дзяцінстве заўсёды хацелася паруліць, разабраць, сабраць, адрэгуляваць. Як цікава і карысна праводзілі мы, школьнікі, вольны час! Не ў камп’ютары “сядзелі”, а збіралі грыбы, ягады, лавілі рыбу, гулялі ў футбол, а зімой — лыжы, санкі, хакей.

— А зараз камп’ютар не паланіў?

— Не, — усміхаецца хлопец. — Віртуальныя забавы не для мяне. Я люблю займацца канкрэтнымі справамі.

А іх у вёсцы хапае. Падчас такіх напружаных кампаній, як пасяўная або жніво, механізатары працуюць без выхадных. Кадраў у СВК “Андроны” не хапае. Некаторыя пакінулі сельгаскааператыў і перайшлі працаваць у эканамічна мацнейшыя гаспадаркі. Генадзь Кухальскі з месца не зрываецца, кажа, што зараз цяжкасцей усюды хапае.

Ён незаменны памочнік і дома. Хатняя гаспадарка вялікая: дзве каровы, цялушка, свінні, куры. А з ужо дарослых траіх дзяцей толькі ён застаўся на месцы. Сястра выйшла замуж, жыве ў Лынтупах. Малодшы брат вучыцца ў каледжы ў Наваполацку. Ну а ён, Гена, трывала прапісаўся на родных прасторах і атрымлівае задавальненне ад усяго, што акружае.

— Учора ўсяго на гадзіну схадзіў у лес, і бачыце, які “ўра­джай” прынёс, — паказвае мне ў мабільніку здымак, на якім два вядры адборных баравікоў, і каменціруе: — А ў горадзе што знойдзеш? Не, горад не для мяне.

Развітаўшыся з Генадзем Кухальскім, успомніла нядаўнюю размову са знаёмай, якая жыве ў Паставах.

— Такая праблема ў мяне, — бедавала жанчына. — Сыну пад трыццаць (Гену столькі ж — аўт.), а не можа затрымацца ні на якой рабоце. Ночы праседжвае за камп’ютарам, а днямі адсыпаецца. Я ж высільваюся на дзвюх работах. Не ведаю, чым усё гэта скончыцца…

Адчуваеце розніцу паміж віртуальным і рэальным жыццём равеснікаў?

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.