Ізумрудныя, залатыя, каралавыя, жамчужныя


2016 год выдаўся багатым на сямейныя юбілеі. Такія даты раней людзі заўсёды адзначалі дома, сярод родных і блізкіх. А сёлета мы вырашылі ўшанаваць юбіляраў яшчэ і на вясковых святах, каб як мага большая колькасць гасцей мела дачыненне да ўрачыстасцей.

Старшыня сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы віншавала кожную сямейную пару і жадала здароўя, бадзёрасці і аптымізму, цёплай і камфортнай восені жыцця, дзякавала за актыўны ўдзел у грамадскіх справах. Віноўнікам урачыстасці ўручалі паштоўкі, кветкі, памятныя падарункі. Ад прысутных у свой адрас яны атрымлівалі апладысменты, а ад артыстаў — музычныя нумары. Такая ўвага ўсіх вяртала ў маладосць.

Леаніда Яўстаф’еўна Анкуд у свой час выкладала ў Валкоўскай школе хімію і біялогію, яе муж Іван Васільевіч працаваў на грэйдары ў дарожнай арганізацыі. Разам пражылі 50 гадоў. Цяпер абое на пенсіі, але ні дня не бываюць без спраў. На ся­дзібе парадак. Частыя госці ў доме дзеці і ўнукі.

На свяце ў Валках былі адзначаны і Алі­на Мінаўна і Леанід Уладзіміравіч Сечка, таксама залатыя юбіляры. Аліна Мінаўна шчыравала ў паляводстве, яе муж — былы механізатар тагачаснага калгаса “Чырвоны сцяг”. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, праяўляюць актыўнасць. Напрыклад, без іх удзелу не абыходзяцца суботнікі па добраўпарадкаванні могілак у Ласіцы, тэрыторый каля крыніц Грамякі і Верхаўё, сочаць за парадкам вакол мясцовай царквы і ў самім храме.

35 гадоў разам (каралавае вяселле) — такі сямейны стаж у Міхаіла Паўлавіча і Марыі Іванаўны Вітко з вёскі Янчукі. Ён — пенсіянер, да нядаўняга часу працаваў жывёлаводам у СП “Дунілавічы-агра”, яна — сацыяльны работнік. У юбіляраў тры дачкі, двое ўнукаў. Ёсць агарод, трымаюць жыўнасць.

Не засталіся без увагі Павел Іванавіч і Марыя Эдмундаўна Сварцэвіч, якія адзначылі жамчужнае вяселле (пражылі ў шлюбе 30 гадоў), Франц Іванавіч і Марыя Пятроўна Сварцэвіч (на здымку) — ізумрудныя юбіляры (разам 55 гадоў). Выгадавалі дзяцей, маюць унукаў, якія дапамагаюць управіцца на прысядзібных участках. Гаспадары сочаць за парадкам каля дамоў. Старанныя, шчырыя, добразычлівыя — чым не прыклад для маладых?

А. МЯНЧЫНСКАЯ, кіраўнік спраў Валкоўскага сельвыканкама.