Каб бяспечнымі былі перавозкі

Общество

Ад манцёра пуці да майстра 7-га акалодка прайшоў шлях Сяргей Крукаў (на здымку ў цэнтры). Калектыў, які ён узначальвае, абслугоўвае больш за 41 кіламетр чыгункі ад Ляхаўшчыны да Жафарава і ад Варапаева да Белек. У ліку іншых выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі манцёры Барыс Бараноўскі, Віктар Кухальскі, Часлаў Ясінскі і Віктар Зямчонак.

У эканоміцы і рэалізацыі сацыяльна значных паслуг па-ранейшаму вялікая роля належыць чыгуначнаму транспарту. Як сведчыць статыстыка, на яго долю прыпадае больш за 75% груза­абароту і 40% пасажырскіх перавозак у краіне. Яны забяспечваюцца дзякуючы пуцявой гаспадарцы, у якой, у сваю чаргу,  сканцэнтравана больш за 55% усіх асноўных сродкаў чыгункі і каля 20% агульнай колькасці работнікаў чыгуначнага транспарту.

У ліку іншых да такіх калектываў  адносіцца і Варапаеўская дыстанцыя пуці. Яе поле дзейнасці распаўсюджваецца па трох кірунках: Полацк—Маладзечна, Крулеўшчына — Лынтупы і Варапаева—Друя.  А гэта  396,6 кіламетра разгорнутага пуці, 237 стрэлачных пераводаў, 375 штучных збудаванняў і 95 чыгуначных пераездаў. Для  ўтрымання такой гаспадаркі і выканання шэрага іншых работ дзейнічаюць 18 розных падраздзяленняў, сярод якіх 11 акалодкаў, участкі па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў; дэфектаскапіі;  рамонце штучных збудаванняў;  утрыманні і ўборцы памяшканняў і збудаванняў і іншыя. Кожны вырашае свае задачы, а мэта ва ўсіх адна — забяспечваць бяспеку руху транспарту і перавозак. Дасягаецца гэта ў першую чаргу дзякуючы  бягучаму  ўтрыманню і планаваму правядзенню сярэдняга і капітальнага рамонту пуці. У апошнія гады выканана вялікая работа па ўмацаванні яго верхняй будовы шляхам замены рэек на больш цяжкі тып і драўлянай асновы на жалезабетонную. Абнаўляюцца стрэлачныя пераводы, чыгуначныя пераезды. Сёлета на гэтыя мэты ўжо выкарыстаны 1 мільярд 400 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Меры, якія прымаюцца, забяспечваюць надзейнасць і бяспечнасць руху цягнікоў пры перавозцы грузаў і пасажыраў, садзейнічаюць змяншэнню працоўных затрат па далейшым утрыманні верхняй будовы пуці ў тэхнічна спраўным стане. Пра гэта красамоўна сведчыць і адзін з асноўных паказчыкаў, які характарызуе дзейнасць дыстанцыі ў цэлым, — гэта бальнасць пуці. Яна вызначаецца два разы ў месяц пры праходжанні спецыяльнага вагона-вымяральніка. Варапаеўскія чыгуначнікі могуць ганарыцца: за  першае паўгоддзе іх работа  ацэнена высока, а ў ліпені бальнасць пуці прызнана выдатнай.

Вялікі аб’ём работ выконвае калектыў участка па ўтрыманні і ўборцы памяшканняў і збудаванняў. Сярод іншых у ім вызначаюцца рабочыя Ігар Варабей, Андрэй Саўчанка, Андрэй Зямчонак, Ганна Цымбалюк і Васілій Казаровец.

Не спыняюцца работы па паляпшэнні ўмоў працы і быту. У прыватнасці, непазнавальна змянілася памяшканне рамонтнай майстэрні, якая атрымала назву — участак па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў і адпавядае самым высокім сучасным патрабаванням. Выдатныя ўмовы створаны ў зборным памяшканні 7-га акалодка. У дыстанцыі па меры магчымасці ўкараняюцца прагрэсіўныя энерга- і рэсурсазберагальныя  тэхналогіі, выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва і аднаўляльныя крыніцы энергіі. Выконваюцца заданні па энергазберажэнні, росце прадукцыйнасці працы, заработнай платы і іншых паказчыках.

Вынікі гаспадарчай дзейнасці былі ўсебакова прааналіза       ваны напярэдадні прафесійнага свята — Дня чыгуначніка. Лепшыя ўзяты за аснову пры вызначэнні пераможцаў спаборніцтва за першае паўгоддзе. Сярод падраздзяленняў у ліку іншых імі сталі: 8-ы акалодак, участкі дэфекта­скапіі і па ўтрыманні і ўборцы памяшканняў і збудаванняў, якія ўзначальваюць майстры Анатолій Кузьміноў, Андрэй Шорац і Леанід Міхалевіч.

За шматгадовую  добрасумленную працу 18 чалавек — прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў  — атрымаюць грашовыя ўзнагароджанні і пасведчанні аб занясенні іх фотаздымкаў  на Дошку гонару дыстанцыі. Такую высокую ацэнку атрымалі манцёры Іван Бондар, Рыгор Лаўрыновіч, Дзмітрый Юрэвіч, Пётр Карабко, Аляксандр Андрыеўскі, Дзмітрый Ананіч, Ігар Рубанік, Віктар Лоўкіс, Дзмітрый Петух, брыга­дзіры Мікалай Юркевіч, Уладзімір Скробут, Іван Мацяёнак, тэхнік Алена Шпіляк, машыніст Антон Сакалоўскі, наладчык Уладзімір Болт, рамонтнік Алег Разумоўскі, рабочы Андрэй Саўчанка, аператар Дзмітрый Балай.

Сапраўдным прафесіяналам зарэкамендаваў сябе на ўчастку па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў слесар Алег Варабей.

А першымі надыход свята адчулі ўдзельнікі ўрачыстых сходаў, якія прайшлі на гэтым тыдні ў Віцебскім аддзяленні  і ва ўпраўленні  Беларускай чыгункі. Прадстаўнічая дэлегацыя работнікаў Варапаеўскай дыстанцыі пуці была запрошана ў абласны цэнтр. Многія вярнуліся з узнагародамі. Падзяка начальніка Беларускай чыгункі ўручана начальніку дыстанцыі пуці Аляксандру Кандыбіну. Ганаровымі граматамі ўпраўлення Беларускай чыгункі адзначаны майстар Ула­дзімір Хілько і брыгадзір Віктар Пупін. Уладальнікам нагруднага знака “За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы” III ступені стаў брыгадзір Пётр Бабышка. Брыгадзіру Уладзіміру Літвіну ўручана пасведчанне аб занясенні яго фотаздымка на Дошку гонару абласнога аддзялення.

Чыгуначнікі не толькі выдатна працуюць, але і знаходзяць час для творчасці, заняцця спортам. Вызначаюцца актыўнасцю грамадскія фарміраванні, дзейнасць якіх накіравана на выкананне калектыўнага дагавора, комплекснай праграмы “Клопат”, арганізацыю і ўдзел у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах, прапаганду здаровага ладу жыцця. Дзень чыгуначніка стане святочным не толькі для 340 сённяшніх работнікаў дыстанцыі,  але і для ветэранаў-пуцейцаў. 157 пенсіянераў, якія не працуюць, атрымаюць грашовыя ўзнагароджанні.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.