Калі б не перашкаджалі дажджы


Штогод спорыцца праца на жніве ў камбайнера Мікалая Пабядзінскага. А памочнікам у яго выпускнік СШ №3, актыўны член раённай арганізацыі БРСМ Сяргей Семянас. На камбайне “КЗС-1218” экіпаж убраў зерневыя на 52 гектарах і намалаціў 214 тон зерня.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Хацілы-агра” ўборку зерневых пачалі ў нядзелю, 24 ліпеня. Разам з іншымі вывеў у поле камбайн “КЗС-10” і мінулагодні прызёр абласнога спаборніцтва, удзельнік  “Дажынак” у Талачыне Мікалай Чашун. Але здарылася непрадбачанае: падчас  намалоту другога бункера зерня ва ўборачнай машыне адламалася задняе кола. Вядома, такі пачатак работы сапсаваў настрой аднаму з самых вопытных камбайнераў гаспадаркі і яго памочніку, будучаму навучэнцу  Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Антону Міхневічу. Але разгубленасць і збянтэжанасць прайшлі хутка.  Дзякуючы аператыўным дзеянням кіраўніцтва і работнікаў рамонтнай службы, паломка была ліквідавана прама ў полі, і да канца дня экіпаж паспеў намалаціць яшчэ адзін бункер зерня.

— Дзявяты сезон працую на КЗС-10, — расказваў пры сустрэчы Мікалай Чашун. — Рознае здаралася за гэты час, але такога, каб не вытрымаў метал,  не памятаю. Спадзяюся, што ў далейшым будзем працаваць без здарэнняў. Вось толькі як след разгарнуцца ў рабоце перашкаджае дождж.  На мінулым тыдні не было такога дня, каб маглі ўбіраць збажыну з ранку да вечара.

— Сёлета з-за пераўвільготненасці глебы вельмі складанай выдалася веснавая сяўба, — адзначыў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Іван Машлякевіч. — Падобная сітуацыя складваецца і цяпер. У гэту нядзелю, напрыклад, убіралі азімую пшаніцу  на арандаваных землях у СВК “Андроны”. Ураджайнасць — больш за 50 цэнтнераў з гектара. Камбайнеры працавалі  ахвотна, а вось вывозіць зерне на ўтамашынах з поля даводзілася з дапамогай “Амкадора”.

З першых дзён лідзіруюць на адвозцы збожжа ад камбайнаў маладыя ва-дзіцелі Андрэй Галубоўскі і Уладзімір Усаценка. На аўтамашынах “МАЗ-555” яны даставілі з поля адпаведна 353 і 414 тон зерня. На пачатку жніва працаваў у полі і Віктар Галубоўскі (на здымку ў цэнтры). Цяпер ён на САЗ-3507 перавозіць зерне на сушыльным комплексе ў Целяках.

ААТ “Хацілы-агра”  спецыялізуецца на насенняводстве зерневых культур. У гэтай рабоце не  можа быць паспешлівасці, патрэбны індывідуальны падыход да кожнага поля. Але сёлета нягледзячы на тое, што зерневыя ўжо абмалочаны больш чым на трэцяй частцы планавай плошчы, кіраўніцтва і спецыялісты тэмпамі не задаволены. Тэхнічныя магчымасці, сушыльная гаспадарка, забяспечанасць палівам, наяўнасць падрыхтаваных кадраў дазваляюць намалочваць і  дапра­цоўваць за дзень намнога больш збажыны.

Такой думкі прытрымліваюцца і самі механізатары, вадзіцелі.  З кім бы ні размаўляў, усе наракалі на неспрыяльнае надвор’е. Летась, напрыклад, са жнівом управіліся за тры тыдні. Сёлета яно даецца з вялікай цяжкасцю. Тым не менш, дзякуючы майстэрству і прафесіяналізму экіпажаў, хацілаўцы ў ліку лепшых у раёне. Лідзіруюць  мінулагоднія пераможцы — старшы камбайнер Валерый Ярашэвіч і яго памочнік Антон Міхалевіч. Іх маладзёжны экіпаж намалаціў ужо больш за 300 тон зерня.  Прырастаюць асабістыя рахункі  Мікалая Чашуна, Андрэя Калінскага, Віктара Кобзіка, Дзмітрыя Браздаўскаса, Мікалая Пабядзінскага і астатніх камбайнераў. У лідарах і вадзі­целі Уладзімір Усаценка, Андрэй Галубоўскі.

Калі з-за дажджоў работы ў полі стрымліваюцца, то на зернесушыльных таках яны вядуцца пастаянна. У Хацілах за­дзейнічаны сучасны комплекс “КЗСВ-30” і механізаваная зернеачышчальная лінія, у целякоўскім аддзяленні  надзейна служыць старэнькая М-819.  Аператары рыхтуюць насенне, харчовае збожжа на продаж.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.