Кожны дзень — у радасць


Не сакрэт, што ў пажылым узросце трэба ўжо збаўляць тэмп, больш адпачываць, не абцяжарваючы сябе работай. Але ў жыцці так не атрымліваецца. Пакуль трымаюць рукі іголку і кручок, з вялікай ахвотай займаюся любімай справай — вышываю і вяжу. Бывае, на хвілінку прысяду адпачыць — а тут быццам хтосьці ў бок штурхае, маўляў, падымайся і бяры іголку. А я ж яе практычна не выпускаю са сваіх напрацаваных рук, быццам спяшаюся нагнаць упушчанае ў мінулыя гады, калі на ўсё не хапала часу.

Жыву, люблю сонейка. Сумую, калі яго засланяюць хмары. Нярэдка выходжу на балкон. Цешуся лагодным ветрыкам. Раней не было калі яго заўважаць і адчуваць: процьма працы, клопат пра пецярых дзяцей, хатнія справы… А жыццё вунь як павярнулася! У маладосці хацелася, каб гадзіннік запаволіў ход, не спяшаліся стрэлкі, давалі даўжэй паспаць. Цяпер жа лягу — не спіцца. Нарэшце засну — тут жа прачнуся. А гадзіннік быццам “захварэе”, і стрэлкі застынуць. На душы ў такія моманты маркотна. Пад раніцу весялею: хутка настане новы дзень! Радуюся, калі дні становяцца даўжэйшымі. На жаль, на календары жнівень, значыць, хутка нудная і дажджлівая восень.

Але ўсё роўна мне кожнае імгненне ў радасць. Нават і не ведаю, як аддзякаваць Богу за тое, што дае сілы, каб магла пасля сябе пакінуць памяць дзецям, унукам, праўнукам, усім родным і знаёмым.

Л. ЗАРЭЦКАЯ, в. Навасёлкі-І.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.