Кветкі жыццё падаўжаюць

Общество

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрыта ў мікрараёне будаўнікоў дванаццаць гадоў таму. Тут створаны камфортныя ўмовы для пажылых людзей, якія не могуць пражываць самастойна. Клапоцяцца яго работнікі і пра прыгажосць прылеглай тэрыторыі.

Мне здаецца, што кожны чалавек стараецца, каб у тым месцы, дзе ён працуе, было ўтульна і прыгожа, — гаварыла загадчыца аддзялення Юлія Чалей. — А мы ў дадатак стараемся і для насельнікаў, каб маглі выйсці на вуліцу і атрымаць асалоду ад чароўнага водару кветак, палюбавацца імі, падыхаць чыстым паветрам, прысесці адпачыць у цяньку прыгожай альтанкі. Звычайныя аксаміткі палымнеюць да маразоў. Увесь сезон раскашуюць герань і петунія. Усе ў захапленні ад розных сартоў руж і лілей. Гарманічна “прапісаліся” тут астры, агератумы, ірысы і іншыя. Непрыгожых кветак не бывае, кожная прываблівае па-свойму. Праведаць пастаяльцаў прыязджаюць іх родныя, бывае ў нас і шмат гасцей, таму імкнёмся трымаць марку. І многія кажуць, што ў нас маленькая Швейцарыя.

Кожны год у аддзяленні з’яўляецца штосьці новае: то дрэўца, то кусцік, то малая архітэктурная форма, то кветачка. З густам добраўпарадкаваная тэрыторыя радуе вока. Галоўны натхняльнік — дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская. А генератар ідэй — сацыяльны работнік Валянціна Іванаўна Русак. Яна ўсё прадумае, прааналізуе і выносіць на суд калектыву. Потым наступае асноўны этап — рэалізацыя задуманага.

І тут ужо задзейнічаны ўсе работнікі: напрыклад, адзін адказвае за распрацоўку ўчастка пад клумбу, другі — за расаду, трэці — за дэкаратыўныя саджанцы. Працуюць разам, весела і дружна. Прыкладам з’яўляецца сама загадчыца, якая таксама ўдзельнічае ў суботніках па добраўпарадкаванні. А яны пачынаюцца адразу пасля таго, як сыдзе снег. Нават бабулі, у якіх здароўе мацнейшае, любяць вясной пакапацца ў зямлі, летам прапалоць клумбу. А пастаялец Серафім Сяргеевіч Кейзік папрасіўся ўвесці ў яго абавязкі паліў кветак і агародніны. Клумбы замацаваны за малодшым медыцынскім персаналам. Падкошвае газон, зграбае траву і, калі трэба, штосьці падрамантуе, падмалюе рабочы па абслугоўванні будынкаў і памяшканняў Алег Анатольевіч Міхалевіч.

На тэрыторыі аддзялення ёсць імправізаваная беларуская хатка. Яе інтэр’ер нагадвае вясковы побыт, прывычны для тых, хто па волі лёсу вымушаны быў перабрацца ў аддзяленне. Многія заходзяць палюбавацца саматканым дываном, ажурнымі сурвэткамі, паглядзець на іншыя дарагія сэрцу рэчы са свайго мінулага. Каля «хаткі» — штучныя калодзеж з жураўлём, з другога боку — буслінае гняздо на дрэве і воз пад ім, змайстраваныя сёлета, “сцеражэ” двор вялікі цацачны сабака.

Спёкай можна пасядзець у альтанцы, якую абвіў дзікі вінаград, ці адпачыць яшчэ ў адной. Вечназялёныя дрэвы і кусты, акуратныя лавачкі, тратуарныя сцежкі — усё зроблена з душой і фантазіяй, да ўсяго прыкладзены клапатлівыя рукі. Невялікая тэрыторыя дзякуючы мноству кветак пераўтворана ў сапраўдны шэдэўр.

— Кветкі валодаюць магутнай пазітыўнай энергетыкай, — сцвярджала Юлія Чалей. — Яны супакойваюць, падбадзёрваюць, ствараюць добры настрой, нават здольны вылечваць некаторыя хваробы і падаўжаць жыццё. Гэта менавіта тое, што асабліва неабходна людзям, якія пражываюць у нашым аддзяленні. Таму мы, яго работнікі, робім усё для таго, каб нашы падапечныя адчувалі сябе тут утульна, менш хварэлі і жылі доўга.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.