Летнія турніры

Спорт

 

У Браславе адбыўся VII міжнародны шахматны турнір.  У каторы раз пастаўская дружына не заявіла мацнейшых. Гулялі ў асноўным выхаванцы шахматнага клуба “Віцязь”. Школьнікі выступілі па меры сваіх сіл, а самае галоўнае — набраліся вопыту.

Вызначалі свайго пераможцу і ветэраны, чый узрост 60 і больш гадоў. Прыемна, што пры даволі моцным складзе ўдзельнікаў наш 68-гадовы Віктар Шастакоў (ДА “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”) заняў другое месца.

* * *

Эдуард Трафімавіч Сіроткін, Уладзімір Рыгоравіч Рабенка і Мікалай Аляксандравіч Капціловіч шмат зрабілі для адра­джэння ў нашым раёне шахматных спаборніцтваў. На жаль, гэтых энтузіястаў шахматнага руху ўжо няма  сярод нас. А вось турнір, прысвечаны іх памяці, стаў традыцыйным і праводзіцца штогод. Не стаў выключэннем і сёлетні сезон.

Спаборніцтвы парадавалі цікавымі і змястоўнымі партыямі, але масавасцю не вызначаліся. Як і звычайна, гулялі сем тураў па швейцарскай сістэме.  Даволі нечакана найлепшы вынік паказаў настаўнік гісторыі СШ №2 Іван Паўлавіч Троцкі, які працяглы час шахматамі актыўна не займаўся. І вось першы пасля перапынку турнір — і перамога. Што і казаць, прыемна. Індывідуальны прадпрымальнік Дзмі­трый Стахоўскі, які заўсёды дэманструе стабільную гульню, паказаў другі вынік. Тройку мацнейшых замкнуў Уладзімір Пляшак (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы працы). 4,5 ачка набраў і Аляксандр Мурзо (ПМЦ), але ў асабістай гульні саступіў трэцяму прызёру.

   * * *

Розыгрыш Кубка “Паазер’е-2016” па хуткіх шахматах праходзіў у юбілейны, дзясяты раз. Турнір не быў прадстаўнічым.

На спаборніцтвах дзейнічаў фактар “імгненнай смерці”, калі за немагчымы ход залічвалася паражэнне. У такіх гульнях на выжыванне на кожную партыю адводзіцца па пяць хвілін кожнаму ўдзельніку.

Лідарства адразу захапіў Дзмітрый Стахоўскі, які не прайграў ніводнай партыі і набраў сем ачкоў з сямі магчымых. Ён і стаў уладальнікам Кубка. 6 ачкоў і другое месца ў Івана Троцкага. Трэці вынік паказаў Віктар Лекарэвіч (ЗАТ “Спорт-пары). Следам фінішаваў аўтар гэтых радкоў, які па лепшых дадатковых паказчыках абышоў Віктара Шастакова. Сярод школьнікаў найлепшы вынік паказала Жэня Ліпская з СШ №1.

Ю. КАТОВІЧ,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.