Лукашова танцавала, як у 80-ыя


Танцавалі ўсе.

Суботнім надвячоркам 30 ліпеня вёска Лукашова, што ў Навасёлкаўскім сельсавеце, напоўнілася гулам аўтамабіляў і радаснымі воклічамі людзей, якія збіраліся на канцэрт вядомага спевака з райцэнтра Аляксандра Апанасевіча і дыскатэку ў стылі 80-ых.

Больш за трыццаць гадоў таму клуб у Лукашове быў невялікі і стары, але танцы ладзіліся цудоўныя. Сюды збіралася не толькі мясцовая моладзь — прыходзілі з суседніх Варон, Вештартаў, Сакалоў, Курдоў, Забалацця. У Савічах, Цешалаве клубы былі больш сучасныя і прасторныя, у Груздаве мелася танцпляцоўка, але ўсе ехалі ў Лукашова. Нават з Пастаў дабіраліся. Завязваліся знаёмствы, зара­джалася каханне, ствараліся сем’і.

Апошнім часам клуб размяшчаецца ў будынку Дома сацыяльных паслуг, разам з фельчарска-акушэрскім пунктам, бібліятэкай, магазінам. Загадчыца клуба Людміла Мелец з дапамогай самадзейных артыстаў ладзіць розныя святы. На гэты раз арганізавала канцэрт Аляксандра Апанасевіча і прапанавала землякам вярнуцца ў незабыўнае мінулае. “Сарафаннае радыё” хутка распаўсюдзіла запрашэнне.

Імправізаваная сцэна размясцілася на прыступках Дома сацыяльных паслуг, “глядзельная зала” — у засені дрэў, а танцавальнай пляцоўкай стала вясковая вуліца. Жаданне паслухаць добрыя песні, пагля­дзець на гасцей перамагло немач і хваробы ў старэйшых жыхароў, і яны сабраліся з сіламі і прыйшлі на свята. Падцягнулася і сярэдняе пакаленне, а прыбраныя вясковыя дзеткі занялі першыя рады. Нямала было і гасцей.

Выпускнікі 1980 года: Тамара Кокар, Уладзімір Казлоўскі, Уладзімір Дашчынскі, Жанна Рослік, Святлана Рослік і Аляксандр Танана.

— Калі даведаліся пра канцэрт, вырашылі ў чарговы раз сабрацца класам, — расказвалі Жанна Рослік, Святлана Рослік, Тамара Кокар, Уладзімір Казлоўскі, Уладзімір Дашчынскі і Аляксандр Танана, для якіх апошні школьны званок празвінеў у 1980 годзе. —  Песні ў выкананні Аляксандра Апанасевіча навеялі ўспаміны пра цікавыя школьныя вечары і танцы ў мясцовым клубе. Шкада, што закрыта школа. Некаторыя аднаклас­нікі перапісваюцца праз сацыяльныя сеткі. Інтэрнэт — гэта здорава! Але эмоцыі ад жывых зносін зусім іншыя, іх нічым не заменіш.

— Школьная дружба самая моцная, — лічаць выпускнікі 1981 года Павел Шакола і Віктар Ханяўка. — Лёс раскідаў нас па свеце, з’явіліся новыя сябры і знаёмыя. Але Лукашова — асаблівае месца: тут мы спаткалі адзінае на ўсё жыццё каханне, ажаніўшыся з мясцовымі дзяўчатамі. Святлана і Зоя —  нашы верныя спадарожні­цы. Заўсёды прыемна сустракацца з аднакласніцай Аленай Антух. Яна была лідарам у класе і цяпер застаецца для нас аўтарытэтам.

Дарэчы, другая песня з канцэртнай праграмы прагучала асабіста для Алены Леанідаўны, у якой якраз тады быў дзень нараджэння. Колькі цёплых слоў сказалі ёй як Аляксандр Апанасевіч, так і прысутныя! У свой час А. Л. Антух працавала старшынёй Навасёлкаўскага сельскага Савета, шмат праблем дапамагла вырашыць вяскоўцам. Да яе і цяпер ідуць па параду, і для кожнага яна знаходзіць час, умее падтрымаць, падбадзёрыць.

Алена Антух з аднакласнікамі Паўлам Шаколам і Віктарам Ханяўкам.

У той дзень у Віктара і Зоі Ханяўка ў далёкім Екацярынбургу нарадзіўся ўнучак, і Павел Шакола павіншаваў сяброў песняй у сваім выкананні. Россыпы свайго вакальнага таленту прысутным дарылі таксама Сяргей Зелянкевіч, Дзяніс Круглоў, Андрэй Марціновіч.

— Мы прыхільнікі творчасці Аляксандра Апанасевіча, — гаварылі Куляшовы з Пастаў. — Даведаўшыся пра канцэрт, уключылі навігатар і паехалі шукаць Лукашова. Атрымліваем задавальненне, танцуем, адпачываем.

У  сям’і Віктара і Аляксандры Глушаковых у той дзень была значная падзея — маладыя ўзялі шлюб, ахрысцілі дачушку. З гэтай нагоды сабраліся госці. Канцэрт пад вокнамі бацькоўскай кватэры стаў сапраўдным падарункам. Выйшлі з-за святочнага стала, весяліліся.

Аляксандр Апанасевіч.

— Выбрацца ў райцэнтр на які-небудзь канцэрт няпроста, а тут такі харошы артыст прыехаў да нас, — гаварылі мясцовыя жыхары Галіна і Уладзімір Буравы. — Дзякуй Людміле Мелец за яе работу, выдатныя арганізатарскія здоль­­насці. Цікава было сустрэць тых, каго даўно не бачылі. Глядзелі на маладзейшых за нас прыезджых — і стараліся ўспом­ніць іх школьнікамі. Час мяняе людзей знешне, але большасць тых, хто завітаў на свята, засталіся адкрытымі, шчырымі, нягледзячы на высокія пасады, якія займаюць, не ганарыстыя, простыя ў зносінах. Прыемна было сустрэцца з ўраджэнцамі Сіманаў, Дашчынак, Кавалёў.

— Ідэю канцэрта Аляксандра Апанасевіча мне “падкінулі” на свяце вёскі Лукашова, якое прайшло нядаўна, — расказвала Людміла Мелец. — Дзякуй Сашу, што адклікнуўся на маю просьбу, падарыў некалькі гадзін радасці і непаўторных эмоцый. Удзячна ўсім, хто прыехаў да нас на свята.

Шмат з кім давялося размаўляць у той вечар. Ніхто не пашкадаваў, што прыехаў на канцэрт, сустрэўся з даўнімі знаёмымі і на адзін вечар вярнуўся ў чароўную пару маладосці.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.