Маці-Зямля ўзрасціла


Даўным-даўно на нашай шматпакутнай зямлі жыў воін Ян, абаронца яе заходняй граніцы. Здарылася так, што доўгі час ён не мог наведацца ў свой дом. Жонка і сын непакоіліся. А калі вярнуўся — не ўзрадаваліся, бо на руках у яго быў слабенькі, са светлымі валасамі і вялікімі блакітнымі вачыма хлопчык. Жонка абвінаваціла мужа ў здрадзе. Ніякіх яго тлумачэнняў, што падабраў знясіленае дзі­цятка, вяртаючыся на радзі­му, і назваў яго Раманок, прымаць не хацела. Але з часам змірылася, а хлопчыкі пасябравалі. І ўсё ж Раманок адчуваў, што гаспадыня яго недалюблівае.

Калі абаронца сваёй зямлі адыходзіў на заходнія рубяжы, то станавіўся перад парогам хаты на калені, цалаваў зямлю, просячы, каб берагла яго парог і сям’ю.

— Тата, чаму ты называеш зямлю “маці”?

— Зямля — маці ўсяму жывому: яна корміць, апранае, сагравае, клапоціцца пра птушак, жывёл, насякомых, дрэвы, кветкі і травы. Зямлю, як родную маці, трэба шанаваць і паважаць.

Пакуль воін абараняў заходнія граніцы, на яго краіну з паўднёвага ўсходу наваліліся жорсткія і бязлітасныя грабежнікі-заваёўнікі. Зямля палала, стагнала, плакала і залівалася крывёй сваіх дзяцей.

Ішлі гады. Заваёўнікі як набеглі, так і сышлі, пакінуўшы спустошаную краіну. Вярнуўшыся, Ян не знайшоў ні адной жывой душы. На месцы яго спаленай хаты буялі невядомыя яму дагэтуль травы, а пасярод поля расло магутнае дрэва.

Упаў знясілены воін і заплакаў:

— Маці-Зямля! Я любіў цябе больш за сваё жыццё, абараняў ад чужынцаў, страціў сілы і здароўе. А цяпер не маю дзе прыхіліць сівую галаву. Ты не зберагла ні хату, ні сям’ю.

І тут воін адчуў дотык да свайго пляча. Побач стаяла незнаёмая жанчына ў дзіўным убранні.

— Ты хто?

— Маці-Зямля. Не крыўдуй, воін, што я не зберагла твой дом і сям’ю. Яны назаўсёды застануцца ў памяці людской, як і твой подзвіг. Бачыш беленькую кветачку з жоўтым сэрцайкам? Гэта ў памяць пра твайго прыёмнага сына Раманка. Потым людзі назавуць кветачку рамонкам. А гэтыя шырокія лісцікі, што сцелюцца пры дарозе, — у памяць твайго другога сына. І людзі завуць яго падарожнікам ці трыпутнікам. Гэтыя травы лечаць ад многіх хвароб. А твае хлопчыкі выходзілі на дарогу і, чым маглі, дапамагалі параненым воінам, многіх вылечвалі. На месцы хаты растуць круглыя вялікія лісты. Зверху — халодныя і бліскучыя, а знізу — мякенькія і цёплыя. Гэта адлюстраванне тваёй жонкі, бо яна была адначасова і маці, і мачаха. Раслінку так і завуць: «мать-и-мачеха» (рус.), ці падбел. І гэта трава лечыць, бо ў час непагадзі падарожныя знаходзілі ў гэтай хаце прытулак і цяпло. Ну, а цябе, Ян, нязломнага, моцнага целам і духам, будзе ўвасабляць вось гэты дуб, які я вырасціла на тваёй зямлі.

З таго часу мінулі стагоддзі. І воін Ян, і яго сям’я сцерліся з людской памяці. Але рамонак, трыпутнік і падбел па сённяшні дзень дапамагаюць людзям пазбавіцца ад хвароб. А дубы заварожваюць сваёй веліччу і непахіснасцю.

Зінаіда ШЫМАН, г. Паставы.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.