Махлярства чыстай вады


Камп’ютарнай тэхнікай сучасная моладзь карыстаецца прафесійна. Пры ўсіх яе магчымасцях можа скласціся ўражанне, што пры неабмежаваным доступе да любой інфармацыі ўдасца застацца невядомым і беспакараным. На гэта ў дадзеным выпадку і быў разлік.

Малады чалавек,         жыхар адной з вёсак раёна, праседжваў за маніторам начамі, а днём пераважна спаў. Паколькі нідзе не працаваў, то цікавіўся тым, што і як, каму і за колькі можна прадаць. А прыклад дробнага махлярства быў: знаёмы праз інтэрнэт прадаў няспраўны мабільны тэлефон, выдаўшы яго за рабочы. Узяў гэта на заметку. Сам жа зацікавіўся відэакартамі. Пакапаўся ў шматлікай інфармацыі і выбраў самую топавую.

Хоць такой і не меў, перш-наперш вырашыў размясціць на сайце ў адкрытым доступе і для ўсеагульнага азнаямлення аб’яву аб продажы неіснуючай карты. Неўзабаве адазваўся зацікаўлены пакупнік. Віртуальна пачалі абмяркоўваць тэхнічныя характарыстыкі карты, дэталі здзелкі. Малады прайдзісвет з дапамогай таго ж камп’ютара зрабіў копіі свайго пашпарта, але змяніў фотаздымак і пашпартныя даныя. Па электроннай пошце адправіў гэту падробку пакупніку. Сышліся на цане 4 900 000 (недэнамінаваных) рублёў. Дамовіліся, што раніцай пакупнік пералічыць грошы на банкаўскую картку прадаўца, а той вечарам адправіць відэакарту на міжгароднім аўтобусе па патрэбным адрасе. Грошы прыйшлі, а вось пакупкі чалавек не дачакаўся. Пачаў званіць, высвятляць і ўрэшце зразумеў, што яго падманулі. Давялося звярнуцца ў міліцыю.

Лёгкія грошы спадабаліся махляру. Вырашыў прадаць “тую ж самую відэакарту” яшчэ аднаму патэнцыяльнаму пакупніку, які знайшоўся ў віртуальнай рэальнасці. На гэты раз прасіў за яе 6 мільёнаў. Схему спрасціў: выслаў на ўказаны адрас паштовую пасылку, пасля атрымання якой у аддзяленні паштовай сувязі пакупнік абавязваўся паштовым пераводам выслаць грошы. Адрас і прозвішча адпраўшчык указаў не свае.

Пасылку, ацэненую ў 6 мільёнаў, чалавек атрымаў. Як і дамаўляліся, перавёў грошы на ўказаны яму рахунак. І ў самы апошні момант засумняваўся, ці сапраўды ў гэтай пасылцы тое, што яму трэба, бо яе вага аказалася вельмі лёгкай. Папрасіў сувязістаў у яго прысутнасці распячатаць паштовае адпраўленне. У канверце была каробка, а ў ёй… пакет семак. Чалавек схапіўся за сэрца: грошы збіраў не адзін месяц і застаўся ні з чым.

Устанавіць махляра супрацоўнікам праваахоўных органаў было даволі складана. Камп’ютар належаў аднаму з сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе працавала маці маладога чалавека. Па патрэбе (у рабочым кабінеце адключылі электрычнасць) прынесла дамоў. Яна пра сынавы справы нічога не ведала. Расследаванне справы ўскладняла не толькі падмена пашпартных даных, але і тое, што апошнюю пасылку махляр адпраўляў пад прозвішчам знаёмага. Яго ж прывёў на пошту атрымліваць грашовы перавод. Той таксама ні аб чым не здагадваўся. Аператар зверыла пашпартныя даныя — усё супала, але грошы не выдала, бо ў паштовым паведамленні значылася атрымальніку іх не выдаваць (пасля заявы пацярпелага аб падмане з семкамі грашовы перавод быў заблакіраваны).

Аператыўнікі правялі вялікую работу — выкарысталі шматлікія тэхнічныя магчымасці, каб вывесці махляра на чыстую ваду: праверылі сістэмны блок, з якога выходзілі ў глабальную сетку, архіў з файламі, раздрукоўкі адсочвання паштовых адпраўленняў, паведамленне з аўкцыёна аб набыцці лота, звесткі з сістэмнага блока і мабільнага тэлефона, звесткі гісторыі банкаўскай карткі, запісы камеры відэаназірання, устаноўленай на банкамаце, скрыншоты з данымі перапіскі і іншыя дэталі. І ўрэшце ўстанавілі віноўніка.

У судзе абвінавачваны сваю віну прызнаў поўнасцю. Крымінальны кодэкс па артыкуле “Махлярства” (ч. 1, арт. 209) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ ці штрафу, папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, арышту ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне яе на такі ж тэрмін. У дадзеным выпадку суд прыгаварыў маладога чалавека да штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 150 базавых велічынь на суму 31 500 000 (недэнамінаваных) рублёў.

Грошы, атрыманыя за “відэакарту”, перададзеную праз аўтобус, махляр вярнуў пацярпеламу яшчэ падчас следства. Судом таксама спагнана на яго карысць 7 200 000 (недэнамінаваных) рублёў у лік матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону, прычыненага злачынствам. Другому пацярпеламу вернуты яго грашовы перавод. Грамадзянскі іск у суд ён не заяўляў.

Н. ЖУКАВА, суддзя.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.