“Музыка — мой валадар”

Общество

Яна з’яўляецца ўладальніцай прыгожага, пявучага прозвішча, якое абсалютна адпавядае таму, чым займаецца ў прафесійным плане. І сама па натуры падобная на маленькую птушачку: такая ж галасістая, імклівая, непаседлівая. Сённяшняя гераіня нашай пастаяннай рубрыкі — “Чалавек года Пастаўшчыны-2015”, загадчыца Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Міхайлаўна САЛАВЕЙ.

— Алена Міхайлаўна, нямногія носяць прозвішча, якое адлюстроў­вае іх род заняткаў. У вас гэта атрымалася выпадкова?

— Хутчэй, тут можна прасачыць заканамернасць. Салавей — прозвішча па мужы. Але маё дзявочае таксама было гучным і гаворачым — Царонак. Яно адпавядала той кіруючай ролі, якую я цяпер выконваю як загадчыца філіяла школы мастацтваў. Прызнацца, выйшаўшы замуж і стаўшы Салавей, спачатку я не любіла сваё новае прозвішча: нягледзячы на яго распаўсюджанасць, у тым ліку на Пастаўшчыне, яно здавалася мне мянушкай. Але паступова, чуючы меркаванні іншых людзей, прывыкла. Некаторыя наогул гаварылі, як мне пашанцавала насіць яго пры тым, што займаюся музыкай і спевамі.

— А калі яны ўвайшлі ў ваша жыццё?

— Вельмі рана, яшчэ ў маленстве. Мой дзядуля граў на скрыпцы і цымбалах, тата ўсё жыццё і да цяперашняга часу — на гармоніку. Думаю, калі б у іх была магчымасць дзесьці прадоўжыць навучанне, сталі б добрымі музыкантамі. Таму мне здольнасці да музыкі перадаліся ў спадчыну. Разам з агульнаадукацыйнай школай у Чашніках, адкуль родам, я закончыла музычную па класе баяна, потым — Наваполацкае музычнае вучылішча.

— Выбар прафесіі быў усвядомленым?

— Не, я з дзяцінства хацела быць следчым. Сама не ведаю, чаму з’явілася такая мара, бо мае шматлікія заняткі і захапленні былі далёкія ад юрыдычнай сферы. Хадзіла на танцы, хор, аркестр, замежныя мовы, гімнастыку, у фота- і іншыя гурткі. Шчыра кажучы, музычную школу наведвала з-пад палкі, хоць і нядрэнна там вучылася. І калі надышоў час паступлення, мама сказала: “Ніякіх следчых! Пойдзеш у музыку”. Яна ж настаяла на тым, каб я працягвала займацца на баяне, а не паступала на харавое ад­дзяленне, куды мяне хацелі ўзяць. Зараз вельмі ўдзячна ёй за тое, што ўсё так атрымалася. Мама ўжо тады бачыла ўва мне музыканта.

Ад яе мне таксама шмат чаго перадалося па спадчыне. Мамачка была добрай рукадзельніцай, цудоўна шыла. І я цяпер з задавальненнем шыю вучням касцюмы для выступленняў.

— Дзе рабілі першыя крокі ў прафесіі?

— Пасля заканчэння вучылішча, у 1983 годзе, разам з яшчэ трыма выпускніцамі па размеркаванні трапіла ў Навасёлкі, дзе так і засталася, выйшаўшы замуж. Мы, маладыя і зялёныя, адкрывалі тут музычную школу. Калі прыехалі, памяшканне школы ўяўляла сабой голыя сцены, у якіх яшчэ ішоў рамонт. Давялося самім ствараць з нуля ўсю базу: набываць музычныя інструменты, афармляць дакументацыю, набіраць дзяцей. А тут яшчэ канцэрты на нас навалілі… Першы год было вельмі цяжка, але справіліся. Спачатку працавала выкладчыкам па класе баяна, а ў 1991 го­дзе назначылі дырэктарам школы. І вось ужо чвэрць стагоддзя з’яўляюся яе кіраўніком.

— У адрозненне ад іншых школ мастацтваў у вашай няма праблемы набору вучняў.

— Так, усе дзеці, якія вучацца ў агульнаадукацыйнай школе, займаюцца і ў нас. Мы прывабліваем іх магчымасцю навучыцца граць не толькі на баяне або фартэпіяна, але і на гітары, танцаваць. Таксама дзецям падабаецца ез­дзіць выступаць. Сёлета, напрыклад, я вазіла нашых танцораў на конкурс харэаграфіі ў Мінск. Дарэчы, занялі на ім першае месца і прывезлі Кубак. Увогуле, стараемся, каб вучням было весела жыць. Праводзім для іх усемагчымыя вечары, канцэрты, забаўляльныя музычныя праграмы. Пашанцавала, што агульнаадукацыйная і музычная школы побач, не трэба нават вуліцу пераходзіць. Таму кожнае дзіця, як і настаўнікі, на вачах.

— Безумоўна, у тым, што дзеці актыўна наведваюць музычную школу, вялікая заслуга педагогаў. Што можаце сказаць пра сваіх калег?

— Наш педагагічны калектыў невялікі — усяго сем чалавек, і мы даўно ведаем адно аднаго. З выкладчыкаў, якія адкрывалі школу, засталіся толькі я і Алена Пятроўна Шапель. Трое — выпускнікі Навасёлкаўскай ДМШ, мае былыя вучаніцы. А Святлана Валянцінаўна Кулік прыехала да нас з Расіі, дзе закончыла Хабараўскае музычнае вучылішча. Так атрымалася, што ўсе педагогі розныя ў плане творчага развіцця: нехта моцны ў інструментале, нехта — у вакале. Ірына Сяргееўна Счасная піша вершы, я — музыку. На гэтай глебе і нарадзіўся ансамбль “Маладзіца”.

— Калі ён быў створаны і якую музыку выконвае?

— Калектыў стварылі ў 1997 годзе, а ў 2002-ім ён атрымаў званне “народны”. За 19 гадоў існавання ансамбля назапасіўся вялікі рэпертуар. Значную яго частку складаюць песні, напісаныя мной на словы Ірыны Сяргееўны. У нас ёсць нават уласны гімн — “Песня пра “Маладзіцу”, якой адкрываем усе свае канцэрты. Таксама выконваем народныя песні ў эстраднай апрацоўцы. Усе аранжыроўкі раблю я: бяру які-небудзь стары вядомы музычны твор і надаю яму сучаснае гучанне.

— Дзе даводзілася выступаць “Маладзіцы”?

— Не скажу, што мы шмат дзе пабывалі. Самая далёкая і запамінальная паездка была гады чатыры назад у Курск, на аптова-гандлёвы кірмаш. Гэта грандыёзнае мерапрыемства, на якое штогод з’язджаецца ўся Расія, у тым ліку шмат вядомых музычных калектываў, такіх, напрыклад, як хор данскіх казакоў. Адправіліся туды па запрашэнні работнікаў культуры з Курска, якія ў складзе афіцыйнай дэлегацыі прыязджаюць на наш фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”. Таксама ездзілі з канцэртамі ў Латвію — Рэзекне, Літву — Шырвінтас, Рокішкіс, Купішкіс. Прымалі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю “Беларусь — мая песня” ў Віцебску. Але ў асноўным выступаем у сваім раёне, дзе нас добра ведаюць і многія любяць.

— А якія дзіцячыя музычныя калектывы існуюць у вашай школе?

— Іх шмат, бо і вучняў у нас нямала: у самім філіяле і яго класах у Старым Двары займаюцца ажно 60 дзяцей. Непасрэдна ў Навасёлках дзейнічаюць ансамбль танца “Дзяцінства”, які мае тры ўзроставыя групы, аркестр баянаў, дзіцячы хор “Павятруля”, ансамблі барабаншчыкаў і гітар. У Старым Двары, куды тройчы ў тыдзень ездзяць праводзіць урокі нашы выкладчыкі, — два дзіцячыя танцавальныя калектывы, народны аркестр і ансамбль лыжкароў. Няцяжка падлічыць, што кожны выкладчык вядзе адзін або некалькі калектываў. У мяне іх тры — гэта ансамбль танца, аркестр баянаў і ансамбль барабаншчыкаў. Нашы выхаванцы прымаюць удзел ва ўсіх абласных конкурсах аркестравых калектываў і займаюць на іх прызавыя месцы. Таксама станавіўся прызёрам у вобласці хор. А ансамбль танца “Дзяцінства” — пастаянны ўдзельнік разнастайных раённых мерапрыемстваў і конкурсаў. Вельмі добра выступіў у Мінску, на конкурсе харэаграфіі “Мы — разам”, пра які гаварыла вышэй.

— Што для вас значыць музыка?

— Гэта больш, чым проста прафесійны занятак і захапленне. Яна з’яўляецца маім валадаром. Бывае, не хачу пісаць песню — няма часу ці лянуюся. А мяне як быццам штосьці штурхае знутры: “Трэба, давай!” І я падпарадкоўваюся ўнутранаму голасу. Сядаю працаваць — і не заўважаю, як пралятае час. Тое ж самае адбываецца, калі шыю касцюмы для дзяцей.

— Цікава, што слухаеце для душы? Якім выканаўцам і музычным стылям аддаяце перавагу?

— Вельмі падабаюцца шансон і Стас Міхайлаў. У Кіркорава ёсць прыгожыя павольныя кампазіцыі, якія па сваім стылі блізкія да шансона. А ўвогуле, дома, адпрацаваўшы дзень з дзецьмі, люблю паслухаць цішыню. Пасля школы для мяне гэта найлепшая музыка.

— У вас музыкальная сям’я?

— Можна сказаць так. Дачка з зяцем закончылі акадэмію музыкі. Зяць працуе ў школе мастацтваў у Мінску, сам піша сімфанічныя творы для школьнага аркестра. Нядаўна ўдзельнічаў у конкусе ў Англіі, атрымаў дыплом. Дачка — музычны кіраўнік у дзіцячым садку, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Сын таксама вучыўся ў музычнай школе па класе баяна, займаўся там танцамі і меў да гэтага нядрэнныя здольнасці, але выбраў прафесію вайскоўца — стаў пагранічнікам. У маладосці непасрэдна сябраваў з музыкай і муж. Калі я прыехала працаваць у Навасёлкі, тут існаваў свой вакальна-інструментальны ансамбль, і муж іграў у ім на ўдарных інструментах. Быў найлепшым ударнікам у раёне, хоць і не мае музычнай адукацыі — ён па прафесіі вадзіцель.

— Чым яшчэ захапляецеся? Як звычайна праводзіце вольны час?

— Люблю падарожнічаць. Кожнае лета кудысьці выязджаю — у горы, на мора. Нядаўна вярнулася з Крыма. Была там з жонкай мужавага брата. Разам мы падарожнічаем ужо гадоў сем-восем. Купляем недарагі аўтобусны тур у мінскай фірме, а астатнія грошы трацім на экскурсіі па мясцовасці. За гэты час аб’ехалі амаль усё крымскае ўзбярэжжа і абследавалі ўсе горы. Сёлета, напрыклад, былі на Белай Скале, дзе здымаўся фільм “Дзявятая рота”.

Калі ж знаходжуся дома, то, як і іншыя вяскоўцы, займаюся агародам, парнікамі. Дапамагаю дзецям даглядаць унукаў. Іх у мяне трое: старэйшай пяць гадоў, меншым няма яшчэ і двух.

— Ці ёсць у вашай сям’і традыцыі, якіх прытрымліваецеся?

— Так. Стараемся ўсёй сям’ёй адзначаць Новы год. Святкуем яго ў Навасёлках. Прыязджаюць дзеці і ўнукі. Яшчэ адна традыцыя — на Радаўніцу ездзіць на могілкі да дарагіх нам людзей.

— Алена Міхайлаўна, у чым для вас заключаецца шчасце?

— У тым, што мае дзеці ва ўсім пераўзышлі мяне: у адукацыі, дасягненні пастаўленай мэты… Яны больш актыўныя, умеюць дабівацца задуманага і стараюцца забяспечыць для сваіх дзяцей вышэйшы, чым быў у саміх, узровень жыцця. Я ганаруся імі, а яны, таксама як і ўнукі, любяць і паважаюць мяне. Нядаўна пяцігадовая ўнучка падпісала мне паштоўку: “я т б л ю” і, калі дарыла, расшыфравала свой надпіс: “Бабушка, я тебя люблю!” Была вельмі расчулена, нават у рамку тую паштоўку паставіла. Вось гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.