На Віцебшчыне будуць холдынгі


Рэарганізацыю прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу плануецца ажыццявіць у Віцебскай вобласці ў 2016—2017 гадах. Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 25 жніўня 2016 года  №320 “Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці”.

Дакумент прыняты ў мэтах павышэння эфектыўнасці гаспадарання, стварэння ўмоў для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці і прыцягнення інвестыцый. Указам прапануецца Віцебскаму аблвыканкаму сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ажыццявіць ва ўстаноўленым парадку ў 2016—2017 гадах рэарганізацыю адкрытых акцыянерных таварыстваў “Віцебскі мясакамбінат”, “Глыбоцкі камбікормавы завод”, “Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў” і “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” шляхам далучэння да іх 37 арганізацый у розных раёнах.

Указам таксама рэгулююцца пытанні ў частцы ўнясення адкрытымі акцыянернымі таварыствамі і тымі арганізацыямі, якія далучаюцца, у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты сум запазычанасці па пагашэнні некаторых плацяжоў; прадастаўлення ў шэрагу выпадкаў растэр­міноўкі пагашэння запазычанасці. У дакуменце пералічаны выпадкі, пры якіх адкрытыя акцыянерныя таварыствы маюць права на працягу наступных чатырох гадоў, пачынаючы з года, на які прыпадае дата іх рэарганізацыі, скарыстацца пэўнымі падатковымі паслабленнямі. Напрыклад, яны змогуць змяншаць падатковую базу падатку на прыбытак на суму грашовых сродкаў, накіраваную імі на набыццё сыравіны, сельгастэхнікі, спецыялізаваных капітальных збудаванняў сельгаспрызначэння пры бязвыплатнай перадачы гэтай маёмасці арганізацыям, якія далучаюцца, або створаным на іх базе філіялам. Аналагічная норма прадугледжана і адносна сродкаў, накіраваных на выкананне работ па будаўніцтве, уключаючы мадэрнізацыю і рэканструкцыю спецыялізаваных капітальных збудаванняў сельгаспрызначэння, мадэрнізацыю і рэканструкцыю сельгастэхнікі і абсталявання, для арганізацый, якія далучаюцца. Віцебскаму аблвыканкаму даручана да 1 верасня ажыццявіць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку эмісію эмісійных каштоўных папер, намінаваных у доларах ЗША, на суму запазычанасці адкрытых акцыянерных таварыстваў і арганізацый, якія далучаюцца, па асноўным доўгу і нявыплачаных працэнтах па крэдытах, выдадзеных Белаграпрамбанкам і Беларусбанкам на бягучую дзейнасць, што ўтварылася на 1 ліпеня 2016 года, але не больш за памер, эквівалентны Br369,0472 млн па ўсіх відах валют па афіцыйным курсе на 1 ліпеня 2016 года. У далейшым за кошт атрыманых сродкаў аблвыканкам павінен будзе набыць сфарміраваныя на 1 ліпеня актывы па крэдытах і адпаведныя правы. «Набыццё Віцебскім аблвыканкамам актываў ажыццяўляецца на падставе распрацаваных адкрытымі акцыянернымі таварыствамі і арганізацыямі, якія далучаюцца, бізнес-планаў іх развіцця на тэрмін поўнага выканання абавязацельстваў па крэдытных дагаворах», — удакладняецца ва указе. У сваю чаргу ААТ і арганізацыі, якія далучаюцца, па актывах якіх адбылася ўступка патрабавання Віцебскаму аблвыканкаму, павінны будуць адкрыць у банках спецыяльныя рахункі для акумулявання сродкаў у беларускіх рублях, на якія абавязаны накіроўваць грошы з выручкі ад рэалізацыі імі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў пасля выплаты падаткаў, збораў (пошлін), іншых абавязковых плацяжоў у памеры, неабходным для пагашэння запазычанасці перад абласным бюджэтам Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі ўступкі патрабавання. Персанальная адказнасць за рэалізацыю норм указа ўскладзена на старшыню Віцебскага аблвыканкама.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.