Наперакор дажджу гучалі песні


 

Сям’ю Галубёнак віншуе Андрэй Францавіч Аніськовіч.

Летась у філіяле “Нафтазаводмантаж-агра” з кожнага гектара атрымалі па 42,1 цэнтнера зерня, а валавы намалот склаў 5138 тон. Тры камбайнеры намалацілі  і адзін вадзіцель перавёз больш чым па тысячы тон збожжа кожны. Сёлета ўраджайнасць тут, як і ў цэлым па раёне, ніжэйшая,  складае на круг больш за 32 цэнтнеры. Па ўсім бачна, што камбайнерам не ўдасца паўтарыць мінулагодні поспех, бо зерневыя засталося ўбраць на 260 гектарах. Тым не менш дырэкцыя і прафсаюзная арганізацыя філіяла вырашылі не парушаць традыцыі ўшаноўвання першых тысячнікаў.

Сёлета на такі рубеж ужо выйшаў вадзіцель Канстанцін Галубёнак, а вось планку для камбайнераў зменшылі да 500 тон. З улікам усіх фактараў вырашана было адзначыць экіпаж у складзе камбайнера Уладзіміра Жойдзя і памочніка Максіма Зелянкевіча.

Канстанцін Міхай¬лавіч Каралёў уручае прэмію Ула¬дзіміру Жойдзю.

Іх дасягненні, а таксама дружная праца астатніх ­удзельнікаў уборачнага канвеера і сталі нагодай для ўрачыстасці, якая адбылася на машынным двары. Для яе правядзення кіраўніцтва сельгасфілі­яла і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Ляхаўшчыны і Валкоў выбралі час, калі з-за дажджу немагчыма было выехаць на хлебную ніву. А пра яе тут нагадвалі жніўныя песні, акуратныя снапы спелай збажыны, якія былі ўручаны намесніку генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і ідэалагічнай рабоце ААТ “Нафтазаводмантаж” Канстанціну Міхай­- лавічу Каралёву і дырэктару філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” Баляславу Францавічу Барэйку. Яны шчыра падзякавалі механізатарам, вадзіцелям, работнікам сушыльнай гаспадаркі, якія робяць усё для таго, каб наблізіць фініш уборкі, захаваць сабраны ўраджай. Грашовыя прэміі былі ўручаны Канстанціну Галубёнку, Уладзі­міру Жойдзю і Максіму Зелянкевічу.

— Сёлета, як ніколі ў папярэднія гады, надвор’е выпрабоўвае нас, — сказаў кіраўнік сельгасфіліяла Б. Ф. Барэйка. — Складана працаваць у такіх умовах, і толькі дзякуючы майстэрству камбайнераў мы ўжо ўбралі збажыну на большай частцы планавай плошчы, выканалі дзяржзаказ па продажы харчовага зерня. Нельга не адзначыць працу галоўнага агранома Марыны Мечыславаўны Галубёнак. Дзякуючы ёй і ўсяму калектыву механізатараў і спецыялістаў наш філіял на працягу апошніх гадоў атрымлівае стабільныя ўраджаі, значыцца ў ліку лепшых у раёне.

Удзельнікі жніва.

Для М. М. Галубёнак сёлетні год асаблівы. Яна прадстаўляла хлебаробаў Пастаўшчыны на пятым Усебеларускім народным сходзе. А нядаўна споўнілася 25 гадоў сумеснага жыцця Галубёнкаў. Чвэрць стагоддзя гэта дружная пара служыць прыкладам сямейных адносін, адданасці сваёй справе. З сярэбраным вяселлем і працоўнымі дасягненнямі Марыну і Канстанціна павіншавалі старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў ААТ “Нафтазаводмантаж” Андрэй Францавіч Аніськовіч, калегі. Атрымалі яны і музычны падарунак.

Культработнікі і ўдзель­нікі мастацкай самадзейнасці, госці з Наваполацка  прывезлі з сабой не толькі песні, весялосць, грашовыя прэміі, але і сонечнае надвор’е. Таму ўдзельнікі ўрачыстасці, атрымаўшы зарад бадзёрасці і добрага настрою, дзякавалі за ўвагу і добрыя пажаданні, спяшаліся да тэхнікі, каб хутчэй рушыць у поле.

Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Цяпер у сельгасфіліяле  ўвага сканцэнтравана не толькі на завяршэнні жніва. У Норыцы і Ляхаўшчыне вядуцца дапрацоўка збожжа і падрыхтоўка насення. Насеннем азімых гаспадарка забяспечана ўжо пад поў­ную патрэбнасць. Механізатары Мікалай Пруднячонак і Ян Губскі рулоняць салому. Аляксей Татун, Сяргей Янковіч, Андрэй Емяльянчык, Аляксандр Мядзведскі вядуць ворыва глебы і яе падрыхтоўку да сяўбы азімых. Механізатар Георгій Зелянкевіч на палове планавай плошчы заправіў у глебу насенне рапсу.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.