Навучыцца сёрфінгу

Общество

У пошуках адрэналіну хтосьці займаецца сноўбордам, хтосьці — парашутным спортам, іншыя — паркурам, мотагонкамі і шмат яшчэ чым. Мая 23-гадовая пляменніца Алеся Венгура гэтым летам была ў Партугаліі, дзе займалася сёрфінгам. Зразумела, калі яна, пасталелая і загарэлая, прыехала, я адразу засыпала яе пытаннямі.

— Што такое сёрфінг?

— Гэта катанне па хвалях на сёрфбордзе (дошцы, вырабленай са спецыяльнага матэрыялу). Шмат  сёрфінг-лагераў, у якіх навучаюць гэтаму віду спорту, ёсць у Партугаліі, таму я і паехала туды.

— Калі ўпершыню ў цябе з’явілася ідэя заняцца сёрфін­гам?

— У сакавіку мне патэлефанавала знаёмая і прапанавала паехаць разам у сёрфінг-лагер. Мы забраніравалі месцы ў сёрфінг-лагеры на ліпень (на адзін тыдзень), пражыванне ў гасцініцы і білеты на самалёт. Адзін дзень заняткаў з інструктарам каштаваў 50 еўра (заняткі праходзілі два разы ў дзень). Па еўрапейскіх мерках гэта зусім танна. Жыць у гасцініцы не абавязкова, можна зняць пакой або кватэру.

— Як ты рыхтавалася да паездкі?

— Калі афармлялі заяўку, на сайце сёрфінг-лагера было напісана, што да заняткаў сёрфінгам трэба падрыхтавацца: заняцца ёгай або плаваннем, бегаць, наведваць трэнажорную залу. Я бегала 2-3 разы ў тыдзень, хадзіла ў трэнажорную залу, плавала. Не ведаю, як вытрымала б вялізныя нагрузкі, калі б не рыхтавалася да сёрфінга. Мая знаёмая не рыхтавалася, таму вытрымала толькі тры заняткі — паўтара дня.

— З чаго пачаліся заняткі?

— Думала, што на першым мы  будзем толькі слухаць тэорыю. А інструктар нам усё растлумачыў за 15 хвілін — і наперад, у акіян.

У мяне і ў хлопца з Германіі атрымалася ўстаць на дошцы ўжо на першым занятку. На групу з пяці  чалавек прызначаўся адзін інструктар. Ён сачыў за кожным, выпраўляў памылкі. Пасля чацвёртага занятку інструктар мне сказаў, што ў мяне атрымліваецца сябе кантраляваць, таму ён будзе толькі назіраць за мной.

Таксама ў першы дзень мы знаёміліся. Усе заняткі праходзілі на англійскай мове. Селі ў круг, і кожны расказваў пра сябе.

— Які настрой у вас быў пры такіх фізічных нагрузках?

— Заўсёды радасны. Мне вельмі спадабалася атмасфера, якая панавала ў лагеры. Яго дэвіз: “Ваша ўсмешка — гэта наша мэта”. Там заўсёды хвалілі, нават калі ў каго не атрымлівалася. Мяне так хвалілі, што я адчувала сябе пераможцай. Раніцай прыхо­дзім — трэнеры ўсміхаюцца. Надвор’е пахмурнае, гідракасцюмы, у якія трэба апранацца толькі ў купальніку, мокрыя і халодныя (а на наступных занятках, да таго ж, у пяску і водарасцях). І хоць у ім мокра, холадна і непрыемна, ты адчуваеш пазітыў ад іншых, сам падбадзёрваешся. Хвілін 15 едзем на пляж пад супервясёлую музыку — і ты гатовы перамагчы ўсе цяжкасці. Перад заняткамі заўсёды разміналіся: гулялі ў футбол або даганялкі, або выконвалі практыкаванні, каб разагрэцца. Гэта таксама ўзнімала настрой.

— Твае адчуванні, эмоцыі?

— Спачатку было страшна, а потым вельмі цікава. Напачатку галоўнае — даплыць да берага. Не ўсе даплывалі, падалі ў ваду. І я падала не адзін раз, нават сінякі былі і вады з акіяна нахлёбалася.

— Хочаш зноў туды паехаць?

— Так, бо сёрфінг трэніруе не толькі фізічныя, але і маральныя якасці. Гэта занятак для моцных целам і духам. Я зразумела, што  многага магу дасягнуць. На першым занятку рабіла тое, што іншыя змаглі выканаць толькі на 4-5-ым. Інструктар гаварыў, што я другі лепшы сёрфінгіст з Беларусі з тых, хто ў яго займаўся. А яшчэ я змагла выйсці са сваёй зоны камфорту.

— Што гэта азначае?

— Я прывыкла жыць па раскладзе, наведваць тыя мясціны, якія люблю і ведаю, дзе мне ўтульна і добра. А тут — паехала ў краіну, дзе ніколі не была. Пазнаёмілася з сямейнай парай з Германіі, са швейцаркамі, партугальцамі. Размаўлялі толькі на англійскай мове, і мне гэта падабалася. Мару паехаць у лагер і ў наступным годзе.

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.