“Не магу не займацца музыкай”

Общество

Імя Валерыя Кетрыса вядомае многім пастаўчанам: хтосьці разам з ім вучыўся ў школе, хтосьці чуў яго выступленне на канцэртах арганнай музыкі ў касцёле Святога Антонія Падуанскага. Цяпер хлопец жыве і працуе ў Кітаі. Падчас знаходжання Валерыя ў водпуску карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч мела з ім гутарку.

— Прадстаў, калі ласка, сябе чытачам газеты.

— Нарадзіўся і вырас у Паставах. Тут жыве мама Валянціна Іосіфаўна, якая ўсё жыццё прысвяціла медыцыне, працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы. Тата Багуслаў Канстанцінавіч быў электрыкам-мантажнікам, апошнім часам працаваў у дарожнай арганізацыі. На жаль, памёр у 41 год. Я закончыў СШ № 3. У Паставах у мяне шмат сяброў. Калі прыязджаю ў родны горад, абавязкова з імі сустракаюся.

— Ад каго перадалася любоў да музыкі?

— Музыку любіў заўсёды. У дзяцінстве слухаў песні на касетах і ўяўляў, як выступаю на сцэне. На трубе граў бацька (быў самавучкам). Таму і мяне запісаў у музычную школу па класе трубы. Мама аднеслася негатыўна (яна ў захапленні ад паэзіі, але далёкая ад музыкі). Паставіла перада мной умову: абавязкова добра вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе. І аплачвала курсы ігры на гітары, на якіх я займаўся пры раённым Доме культуры. Мне падабалася граць на любых духавых інструментах, а таксама на гітары, бас-гітары, фартэпіяна, барабанах. Удзячны сваім педагогам Віктару Іосіфа­вічу Жуку па класе трубы, Галіне Іосіфаўне Пісарчык (тэорыя музыкі), Алене Пятроўне Квач (сальфеджыо), светлай памяці Ірыны Генадзьеўны Макоўскай (яна кіравала хорам, у якім я спяваў).

— З педагогамі, значыць, пашанцавала?

— Несумненна. І ў музычнай школе, і ў Наваполацкім музычным вучылішчы, куды я паступіў пасля заканчэння 9-ці класаў, і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі былі апантаныя абранай справай людзі, сапраўдныя прафесіяналы. Ведаю выпадкі, калі педагогі празмернымі патрабаваннямі адбіваюць у дзіцяці любоў да музыкі і жаданне ёй займацца. Пасля такіх заняткаў вучні па некалькі гадоў не бяруць у рукі інструмент. Мне пашанцавала на цярплівых педагогаў, якія падтрымлівалі, развівалі мой талент.

— Першы канцэрт памятаеш?

— У музычнай школе выступаў з аркестрам баяністаў, іграў сола з кінафільма “17 імгненняў вясны”.

— Труба, мне здаецца, адзін з самых складаных інструментаў.

— Так. Для ігры на ёй патрэбны каардынацыя пальцаў, дыхальных мышцаў, вуха і пастаянная канцэнтрацыя. Тым не менш гэта мой любімы інструмент. У духавым аркестры трубе адводзіцца галоўная роля. Каб дасягнуць чагосьці ў музыцы, неабходны як мінімум добры слых і працавітасць, а яшчэ вялікае захапленне абранай справай. Каб навучыцца штосьці рабіць добра, трэба штодня аддаваць гэтаму шмат часу. І абавязкова любіць тое, чым займаешся. Без любові ўсё хутка надакучыць. Я не магу не займацца музыкай.

— Ці даводзілася выступаць з вядомымі музыкантамі?

— У 2011 годзе я трапіў у міжнародны еўрапейскі аркестр на стажыроўку, якая праходзіла ў польскім горадзе Шчэцін. З намі займаўся саліст лонданскага сімфанічнага аркестра Рон Фергюсон. Менавіта яго труба гучыць у застаўках да фільмаў “Звёздные войны”, “Реквием по мечте”, “Пираты Корибского моря”, “Титаник”, “Гарри Поттер” і многіх іншых. Урокі і ўражанні незабыўныя.

— Сваю групу не спрабаваў стварыць?

— Я граў у розных калектывах. Многія з іх цяпер бачу па тэлебачанні, на афішах. Адна з самых яркіх — група “CherryVata”. Мы выступалі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Магнітагорску, Кіеве і іншых гарадах Украіны, Літвы, Беларусі.

Найбольш яркія ўражанні засталіся ад выступленняў на адным з буйнейшых джазавых фестываляў “Кактэбель-джаз фестываль” у 2009 і 2010 гадах. На сцэне гэтага фестывалю сустракаюцца зоркі расійскай і сусветнай сцэны.

На бас-гітары граў у кавер-бэн­дзе “Фортиссимо”. Першыя пробы рабілі ў мінскіх рэстаранах. Затым нашы таленты сталі раскрывацца больш ярка. Маладыя, з творчай іскрынкай, пачалі, як кажуць, «раскручвацца», удзельнічалі ў многіх конкурсах і выходзілі ў фінал. Лічу, што ў “Фортиссимо” перспектыўнае будучае.

— Як апынуўся ў Кітаі?

— Калі яшчэ вучыўся ў акадэміі музыкі, пазнаёміўся са студэнтам з гэтай краіны. Дапамагаў яму асвойваць спецыяльнасць, вучыў рускай мове. Ён аказаўся здольным вучнем, усё хутка схопліваў і засвойваў. Дарэчы, кітайцаў шмат у гэтай навучальнай установе. У іх краіне вельмі каціруецца еўрапейскі дыплом. А вось выканальніцкі ўзровень слабаваты. Мой знаёмы, закончыўшы магістратуру, вярнуўся да сябе на радзіму і стаў выкладчыкам. У мінулым годзе прапанаваў мне перабрацца да іх, бо патрэбна была дапамога ў арганізацыі сімфанічнага аркестра з ліку педагогаў. Я пакінуў тры работы ў Мінску і цяпер працую ў Сычуаньскім універсітэце культуры і мастацтва горада Мяньян. Іграю ў аркестры, вяду ўрокі ў адсутнасць педагогаў і курсы рускай мовы (на англійскай і кітайскай) для тых, хто хоча паехаць вучыцца ў Беларусь. Працую з некалькімі ансамблямі (брас-квартэт і джазавы). Для еўрапейскага музыканта ў Кітаі вялікія перспектывы росту. Адзіная перашкода — моўны бар’ер. Кітайская мова вельмі складаная, асабліва граматыка. Але паступова авалодваю ёй усё больш дасканала.

— Уражанні ад чужой краіны?

— Мне заўсёды хацелася пабываць за мяжой. Прычым не як турысту, а каб унікнуць у жыццё іншых народаў. Такая магчымасць надарылася. Кітай — краіна са сваімі старажытнымі традыцыямі, краіна кантрастаў і маштабаў. Народ дружалюбны. Жыву ў Цэнтральным Кітаі, падабаюцца клімат, прырода. З новымі сябрамі давялося крыху пападарожнічаць па суседніх правінцыях. Кітайцы вельмі беражліва адносяцца да навакольнага свету, да ўсяго, што іх акружае.

— Калі выдаецца вольная ча­сіна, чым займаешся, дзе адпачываеш?

— Найлепшы адпачынак — у Паставах у мамы, разам з сябрамі. Люблю плаванне, лазню, прыроду, шмат чытаю і ніколі не забываю пра трубу. А яшчэ гуляю ў покер і катаюся на матацыкле. Хочацца на мора, на якім даўно не быў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.