Не толькі клопат, але і аддушына


Праязджаючы праз аграгарадок Андроны, не звярнуць увагу на гэты дом проста немагчыма — мала таго, што фасоніцца белай цэглай, дык яшчэ і ў кветках патанае. Ну і як было мне, журналісту, не зайсці і не пазнаёміцца з гаспадарамі?

Але найперш раблю з дарогі здымкі сядзібы. Ніхто не выходзіць пацікавіцца, хто тут самавольнічае. Накіроўваюся да дзвярэй. Ля ўвахода ў дом дружалюбна сустракае… сабака. Дзверы падпёртыя мятлой (ах! Як знаёмы мне з вясковага дзяцінства гэты знак таго, што дома нікога няма). Але каб убачыць гэткае цяпер, калі ўсе СМІ стракацяць крымінальнай хронікай?! Здзівілася і адначасова парадавалася за андронаўцаў — значыць, тут усё спакойна.

Гаспадыню Ганну Валер’еўну Гінько застала дома толькі на зваротным шляху.

— Ведалі б вы, як мне не хацелася пераязджаць сюды з Палесся, як упарцілася я гэтаму, — вяртаецца жанчына ва ўспамінах у пяцігадовую даўнасць. — Настаяў муж, бо недалёкая адсюль вёска Дуброва — яго радзі­ма. А колькі ён працы ўклаў, каб давесці да толку куплены тут дом, гаспадарчыя пабудовы і тэрыторыю вакол, якія былі зусім запушчанымі. Прытым не маючы здароўя…

На жаль, Алегу Пятровічу не давялося пажыць там, куды так рвалася яго душа, парадавацца створанаму ўласнымі рукамі — у 2013 годзе ён дачасна адышоў у свет іншы. Ганна Валер’еўна засталася адна. Адзіны сын жыве ў Санкт-Пецярбургу, прыязджае да маці 2-3 разы ў год.

Жыць у вёсцы адзінокай жанчыне няпроста — шмат клопатаў і фізічных сіл патрабуюць дом, агарод, хатняя гаспадарка. Будучы на пенсіі, Ганна Валер’еўна спраўляецца з усім, а аддушыну для сябе знаходзіць у кветніку. З якой жа любоўю яна расказвае пра кожную раслінку, што “прапі­салася” ў агародчыку! Шмат якія прывезла сюды з Палесся, многімі падзялілася сястра Валя, якая жыве ў Парыжы, штосьці прыкуплівае, калі трапляе на рынак у Паставы, абменьваецца з суседзямі. Як толькі сыходзіць снег, у агародчыку распускаюцца пралескі, за імі — гіяцынты, і пайшло-паехала аж да восеньскіх замаразкаў. Гартэнзія, раннія і пазнейшыя рамонкі, бругмансія, каны, петуніі, вяргіні, флёксы, гладыёлусы, лілеі, календула, духмяны тытунь і шмат чаго іншага квітнее бесперапынна.

— Мінулым летам у мяне было прыгажэй, — расказвала Ганна Валер’еўна. — А сёлета не спрыяе надвор’е: вясной засушыла, цяпер залівае. Асабліва клопатна з аднагадовымі кветкамі, з “зімнікамі” прасцей, ды і падабаюцца яны мне больш, таму і буду прыбаўляць іх.

Дагледжанасць дома, кветкавае хараство ля яго ацэньваюць не толькі андронаўцы ды іх госці, але і мясцовая ўлада — Курапольскім сельвыканкамам двор Гінько неаднаразова прызнаваўся пераможцам конкурсу “Лепшы дворык”, а на будынку красуе шыльда “Дом узорнага парадку”. Усё па заслугах.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.