Ні дня без дажджу


Сямейны экіпаж Яркоўскіх.

У ААТ “Камайскі-агра” самая вялікая ў раёне плошча ўборкі зерневых і зернебабовых — 2999 гектараў. На 9 жніўня азімыя і яравыя былі абмалочаны на 1091-ым (36,4%). Сярэдняя ўраджайнасць — 31,8 цэнтнера з гектара.

Сярод сельгаспрадпрыемстваў Пастаўшчыны па аб’ёме выкананай работы на хлебнай ніве “Камайскі-агра” займае першае месца, але ў працэнтных суадносінах па тэмпах жніва адстае ад пераважнай большасці гаспадарак.

— У нас 13 збожжаўборачных камбайнаў, сярэдняя нагрузка на кожны — 230 гектараў, — расказваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Віктаравіч Сарапененка. — Пры цяперашняй ураджайнасці і спрыяльных кліматычных умовах за дзень маглі б убіраць  да 250 гектараў збажыны. На жаль, на такую выпрацоўку пакуль не ўдалося выйсці — перашкаджаюць дажджы. Глеба на палях пераўвільготнена. У многіх месцах МАЗы са збожжам не праходзяць. Таму пры камбайнах пастаянна дзяжураць  энерганасычаныя трактары, а яны вельмі патрэбны на ворыве глебы, выкананні іншых неадкладных работ.

“Камайскі-агра” — самая вялікая ў раёне па плошчы гаспадарка. Тут ёсць дзе разгарнуцца тэхніцы. Але сёлета рэдка выпадалі дні, калі б не было дажджу.  Вось і ў мінулую суботу непагадзь зноў унесла свае карэктывы ў работу. Напрыклад, у дварчанскім ад­дзяленні камбайнеры Казімір Чапскі, Аляксандр Вяр­біцкі і сямейны экіпаж у складзе Івана і Аляксея Яркоўскіх змаглі выехаць на ўборку трыцікале толькі а адзінаццатай гадзіне дня. Калі з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргеем Васільевічам Чэпікам завіталі да іх, то механізатары набіралі толькі па першым бункеры. Усе наракалі на надвор’е і з надзеяй паглядвалі на неба. Старэйшы з іх і па ўзросце, і па стажы работы Казімір Чапскі прыгадаў: калі параўноўваць з апошнімі гадамі, то сёлетняя ўборка самая цяжкая.

Вадзіцелі Віктар Хведзевіч і Валерый Кірплюк.

А ўраджай вырас нядрэнны. З гектара выходзіць у сярэднім па 33 цэнтнеры збожжа, кожны з камбайнераў намалаціў ужо больш чым па 220 тон. У той дзень дварчанцам пашанцавала — на іх тэрыторыі абышлося без дажджу.

А тым часам у сакунскім ад­дзяленні, дзе з дапамогай сусе­дзяў выкананы найбольшы аб’ём работы,  ён уліў, і ўся тэхніка спынілася.  Можна было зразумець хваляванне начальніка аддзялення Мікалая Мікалаевіча Савука. Не лепшы настрой быў і ў механізатараў Вадзіма Дуброўскага і Андрэя Сакалова. Яны хаця і намалацілі  ўжо адпаведна 400 і 390 тон зерня, але вы­нікамі не  задаволены, бо шмат часу марнуецца.

У такой абстаноўцы дапамагаюць майстэрства і высокая адказнасць за свой участак работы. Дзякуючы гэтаму ў ліку лепшых на жніве 2016 года камбайнер Анатолій Смільгін, вадзіцелі Павел Кеўліч, Валерый Кірплюк, Уладзімір Яцэвіч. Каля дзвюх тысяч тон зерня высушылі на КЗСВ-30Г аператары Анатолій Кундра, Юрый Вербіловіч і Дзмітрый Косараў.

Увогуле, трэба сказаць, што непагадзь не адзінае, што перашкаджае ўдзельнікам жніва дабівацца высокіх намалотаў, паскараць тэмпы. Для таго каб у полі зладжана дзейнічаў увесь уборачны канвеер, працавала сушыльная гаспадарка, вяліся работы па падрыхтоўцы да сяўбы азімых, гаспадарцы штодня патрабуецца 10-11 тон паліва. Яго прыходзіцца эканоміць, выдзяляць у першую чаргу на самыя неадкладныя патрэбы. Здараюцца і перабоі. А зерневыя і зернебабовыя чакаюць у гаспадарцы камбайнаў яшчэ амаль на 2000 гектараў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.