Новыя ўражанні і ўмацаванне веры

Духовность

Падчас водпуску мела магчымасць пабываць у польскім Памор’і. Пілігрымку арганізаваў пробашч новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Андрэй Бульчак. Мы наведалі польскае трохграддзе — Гданьск, Гдыню, Сопат, — а таксама Вейхерова, Ліхень, Варшаву. Кожны дзень быў напоўнены малітвамі, падзеямі і ўражаннямі,  якія не пакідаюць да сённяшняга дня. Імі хачу падзяліцца з чытачамі.

Марская сталіца

Гданьск — марская сталіца Польшчы. Горад цікавы сваімі славутасцямі, гісторыяй і непаўторным еўрапейскім стылем. Дарога ў мінулае пачынаецца з Каралеўскага тракта — свое­асаблівага турыстычнага праспекта. На яго трапляеш праз ратушы, якія называюцца варотамі горада.

Залатыя — самыя прыгожыя. Трыўмфальную арку з двума ўзроўнямі калон абрамляюць фігуры, якія сімвалізуюць свабоду, славу, шчасце (заходні бок) і набожнасць, справядлівасць, згоду (усходні). На фасадзе выгравіраваны надпіс на латыні: “У згодзе малыя рэспублікі растуць, з-за рознагалоссяў вялікія распадаюцца”. На малой вежы ратушы знаходзіцца сонечны гадзін­нік з філасофскім выказваннем: “Дні нашага жыцця — толькі цень”.  Залатыя вароты ад пачатку былі найбольш прадстаўнічымі, праз іх трыўмфальна ўязджалі высокія госці, тут сустракалі польскіх каралёў і ўручалі ім ключы ад горада.

На васьмідзесяціметровай вежы ратушы Галоўнага горада ўстаноўлена пазалачоная фігура караля Зыгмунта Аўгуста. Гданьск адзіны ў Польшчы горад, дзе на Галоўнай ратушы (а яшчэ на касцёле Святой Кацярыны) ёсць карыльён — механічны музычны інструмент з 37 званоў, які дзякуючы часавому механізму штогадзіну выконвае якую-небудзь мелодыю.

З Галоўнай ратушы трапляем на цэнтральную плошчу горада — Рыначную. Яна па перыметры акружана непаўторнымі яркімі будынкамі з размаляванымі фасадамі эпохі Рэнесансу. На першых паверхах знахо­дзяцца невялікія рэстаранчыкі, кафэ, сувенірныя лаўкі, магазінчыкі, дзе прадаецца бурштын (балтыйскае ўзбярэжжа багата яго залежамі).

У цэнтры плошчы зіхаціць на сонцы непераўзыдзены ўзор мастацтва — фантан Няптуна, які напамінае пра непарыўную сувязь горада з морам. На плошчы сваё майстэрства дэманструюць вольныя мастакі і вулічныя артысты.

Адразу за плошчай — Зялёныя вароты. Тут размешчаны Нацыянальны музей Польшчы, рэзідэнцыя былога прэзідэнта краіны Леха Валенсы. Адсюль выходзім на старажытны мост на канале ракі Матлавы. Увагу прыцягвае ўнікальны “журавель” — гэта даўнейшыя драўляныя гарадскія вароты з жураўлём на даху, абсталяваныя пад’ёмным механізмам. Ён прыводзіўся ў рух сілай ног чалавека і падымаў грузы вагой да 4 тон на вышыню да 11 метраў.  “Журавель” — своеасаблівы сімвал горада, адзін з ары­гінальных помнікаў архітэктуры, пабудаваны ў 1360 годзе.  Жыццё ў порце тады віравала, і абысціся без пад’­ёмнага крана было немагчыма. Ён выконваў і абарончую функцыю. Гэта самы вялікі кран у Еўропе.

У горадзе шмат старажытных касцёлаў, кожны з якіх унікальны і багаты сваёй гісторыяй, мае арыгінальнае знешняе ўбранства. А над усімі ўзвышаецца гатычная базіліка Марыяцкага касцёла — гэта карона горада, аздобленая вялікім астранамічным гадзіннікам.

Сустрэчы з землякамі

Хэлена Марцінкевіч (у цэнтры) з Аленай Фадзеевай і Таццянай Зібаравай.

Кожны дзень мы ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую разам з мясцовымі святарамі канцэлебраваў і ксёндз Андрэй. Яго прадстаўлялі як земляка і місіянера ў Беларусі, які прыехаў на сваю Радзіму разам з парафіянамі. Падчас службы мы спявалі песні на беларускай мове. А пасля заканчэння да нас падыходзілі тыя, чые карані засталіся ў Заходняй Беларусі. Былі нават ураджэнцы Пастаўшчыны. Хэлена Марцінкевіч да 11 гадоў жыла ў нашым горадзе. На могілках па вуліцы Ціхай пахаваны яе бацька. Жанчына яго не памятае, бо мела ўсяго тры гады, калі той памёр. Разам з маці пакінула Паставы ў 1950-ым. У нас цікавілася, ці стаіць дом, у якім нарадзілася (па вуліцы 17 Верасня), што змянілася ў райцэнтры за гэты час. Апошні раз яна была на Радзіме ў 1999 годзе. Наведацца яшчэ раз, на жаль, ужо не дазваляюць узрост і стан здароўя. Таму жанчына звярнулася да пілігрымаў з просьбай добраўпарадкаваць магілу бацькі. Таццяна Зібарава ўзялася за гэту справу. Як я нядаўна даведалася, парадак наведзены, а ў Гданьск адпраўлены фота­здымкі прыбранай магілы.

Кашубскі Ерусалім

Паморскі горад Вейхерова — пабрацім Пастаў. Утульны, прыгожы. Многія турысты прыязджаюць туды для таго, каб прайсці сімвалічнай дарогай Езуса Хрыста, якая прывяла яго на Галгофу. Вейхероўская кальварыя — Кашубскі Ерусалім — у многім падобная да кальварыі Мядзельскай. Прыпынкі Хрыста (стацыі) раскіданы па лясных узгорках і з’яднаны адной сцяжынкай. Пад кожную стацыю прывезена крыху зямлі з Ерусаліма. З’явілася кальварыя дзякуючы вяльможу Якубу Вейхеру, які ў XVII стагоддзі быў уладальнікам гэтых зямель. Падчас ваенных дзеянняў ён атрымаў раненне і паабяцаў Богу, што, калі застанецца жывым, пабудуе ля сваёй сядзібы копію Крыжовай дарогі. Вейхер выжыў і ўзвёў касцёл Святой Тройцы, манастыр для францысканскіх манахаў і заснаваў кальварыю. Некаторыя стацыі з’явіліся пры жыцці Вейхера, астатнія — пазней, дзякуючы яго сябрам, духавенству і нашчадкам.

Як у нас на Брэстчыне жывуць беларусы-палешукі, так у Паморскім ваяводстве — палякі-кашубы. Гэта адна з самых яркіх на сённяшні дзень этнічных груп Польшчы. У іх ёсць свае гімн, герб, прэса, радыё і тэлепраграма. Кашубская мова — адзіная ў Польшчы, якая мае статус рэгіянальнай. За час пілігрымкі мы вывучылі песню пра Маці Божую на кашубскай мове.

Ксёндз Андрэй Бульчак — кашуб з невялікага горада Рэда. Прыемна было пазнаёміцца з яго бацькамі — ветлівымі, гасціннымі людзьмі, якія выхавалі годнага сына. Ён так шмат зрабіў і робіць для Беларусі: у Чашніках пабудаваў новы касцёл, цяпер гэтым займаецца ў мікрараёне пятага гарадка нашага райцэнтра.

Экзатычнае месца — паўвостраў Хель. Туды дабіраліся марскім трамвайчыкам. І хоць імгліў дождж і дзьмуў халодны вецер, мора было непаўторным. Паўвостраў — пясчаная палоска даўжынёй 34 метры, шырынёй — каля 250-ці. Аднак яе мініяцюрнасць не адчуваецца. Рыбацкая вёсачка нешматлюдная, яна з усіх бакоў акружана вадой. Паветра чыстае, халаднаватае. Галоўная забава для турыстаў — наведванне гадавальніка для марскіх коцікаў. За гэтымі разумнымі жывёлінамі можна назіраць, здаецца, бясконца.

І ў Сопаце мы Бога праслаўлялі

Сопат — горад музычных фестываляў і забаў. На сцэне сопацкага амфітэатра, які ўражвае памерамі і зайсці ў які можа кожны жадаючы, мы песнямі праслаўлялі Божую Маці, дзякавалі яе Сыну за міласэрнасць, за магчымасць пабываць у такім знакамітым месцы.

На адной з вуліц позірк затрымліваецца на Крывым доміку. У яго архітэктуры няма ні адной прамой лініі. Глядзіш на пабудову — і такое адчуванне, што бачыш адлюстраванне ў крывым люстэрку. Пабудаваны ў 2004 го­дзе, ён удала ўпісаўся ў старажытную архітэктуру вуліцы.

Не перадаць словамі ўражанні ад наведвання галоўнай славутасці Гдыні — марскога акварыума, у якім жывуць каля 1600 відаў жывёлін з розных куточкаў свету: рыбы, амфібіі, беспазваночныя. Тут можна паназіраць за драпежнымі піраннямі і мурэнамі, палюбавацца цудоўнымі залатымі рыбкамі, убачыць гіганцкіх марскіх чарапах і маленькіх кракадзільчыкаў, іншых стварэнняў.

 

Ліхень, Непакалянава, Варшава

Месца яднання Божай волі, руплівай чалавечай працы і сапраўднай глыбокай веры — санктуарый Маці Божай у Ліхені. Пабываўшы там шэсць гадоў таму, не спадзявалася, што Божы провід дазволіць мне зноў любавацца самай вялікай святыняй Польшчы, якую, дзякуючы ахвяраванням палякаў з усяго свету, пабудавалі за 10 гадоў, узысці на гару, якая сімвалізуе Галгофу. У базіліцы Балеснай Каралевы Ліхеня 52 дзвярэй і 365 вокнаў з прыгожымі вітражамі. Тры тысячы чалавек могуць адначасова сядзець у лаўках і сем тысяч — стаяць. Гонарам ліхеньскай святыні з’яўляюцца 151-галосны арган і амаль 15-тонны звон “Багародзіца”.

У сёлетні Год міласэрнасці пры санктуарыі адкрылася Брама міласэрнасці. Лічыцца, што, прайшоўшы праз яе, вернікі вызваляюцца ад пакарання за грахі.

Цікава было наведаць санктуарый Нараджэння і Хрышчэння сястры Фаўстыны. Сёстры з ордэна Маці Божай Міласэрнасці, які заснавала гэта маладая манашка, служаць і ў пастаўскай парафіі. Мы пабывалі ў доміку, дзе нарадзілася і жыла святая.

У Непакалянаве маліліся аб заступніцтве Максіміліяна Кольбэ — святара, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў канцэнтрацыйным лагеры «Асвенцім» пайшоў на смерць замест бацькі адной сям’і. Гэты святар родам з Польшчы, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя жыў і працаваў у Гродне.

І яшчэ аднаму пакутніку за веру, праўду, справядлівасць і Айчыну мы пакланіліся ў Варшаве — ксяндзу Ежы Папялушку. У кастрычніку 1984 года ён быў замучаны і ўтоплены ў Вісле. Пахаваны каля касцёла Святога Станіслава Косткі ў Варшаве.

Пілігрымка прынесла не толькі мноства ўражанняў, яна вельмі важная ў духоўным сэнсе: яшчэ больш умацавала веру, дапамагла глыбей зразумець сэнс жыцця, адчуць прысутнасць Бога ў ім. Малітвы, размовы, якія вяліся ў аўтобусе, падчас адпачынку ў Дамах пілігрыма, прымушалі разважаць і задумвацца над сваімі паводзінамі і ўчынкамі. Яднала прыязная, сяброўская атмасфера. Дзякуй Таццяне Зібаравай, Алене Малько за прыгожыя спевы, кожнаму — за добразычлівасць і падтрымку. Асаблівая ўдзячнасць ксяндзу Андрэю Бульчаку, які да драбніц прадумаў маршрут пілігрымкі і ўвесь час апекаваўся намі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.