Паўстагоддзя ў згодзе


Нашы дарагія  бацькі Ванда Іосіфаўна і Леанард Баляслававіч Тарасевіч жывуць у Вольсі. 8 жніўня ў іх была значная падзея — залатое вяселле. Так, пяцьдзясят гадоў таму пачалася гісторыя іх сумеснага жыцця, напоўненага радаснымі момантамі, стараннай працай, клопатамі і ўвагай адно да аднаго, нягодамі, праз якія ім удалося годна прайсці разам.

Бацькі заўсёды саромеюцца вялікай увагі да сябе, кажуць, што жылі як усе, нічым не адметныя, няхай лепш чужыя людзі добрае слова скажуць, чым сам хваліцца бу­дзеш. Вучылі і нас жыць і працаваць так, каб ніколі не было сорамна перад суседзямі і знаёмымі. Але ж я лічу, што гісторыя нашай сям’і заслугоўвае ўвагі.

Мама нарадзілася на хутары каля Вольсі. Закончыла Ярэўскую сямігодку. З 15 гадоў пайшла працаваць. Рана захварэў яе тата, таму вучыцца далей не было магчымасці. Усё жыццё яна цяжка працавала: свінаркай, паляводам, даглядчыцай цялят, даяркай… А яшчэ трэба было ўпраўляцца з уласнай гаспадаркай. Добра, што дапамагала бабуля Зоня, якая жыла з маладой ­сям’ёй. Мама проста гарэла на рабоце. Чаго толькі варты адзін выпадак. Неяк днём мама працавала на ўборцы льну, укладвала на машыне снапы, а вечарам тата адвёз яе ў бальніцу, і нарадзілася трэцяе дзіця — гэта я. Калгасная праца была ў маіх бацькоў на першым месцы.

Тата родам з вёскі Норкавічы. Скончыў мясцовую школу, потым атрымаў пасведчанні вадзіцеля, трактарыста. Амаль уся калгасная тэхніка была яму падуладная: працаваў на розных трактарах, шмат гадоў — на грузавіку. Колькі ў яго было далёкіх камандзіровак па былым СССР! Шмат часу праводзіў за рулём, а гэта патрабуе вялікай пільнасці і ўвагі, таму зараз у таты праблемы са зрокам, перанёс некалькі аперацый.

На адной вясковай вечарыне гэтыя двое маладых людзей сустрэліся: невысокая спрытная прыгажуня Ванда і статны Леанід. Прыглянуліся адно аднаму, пазнаёміліся. У хуткім часе згулялі вяселле. Сям’я пачала жыць у Вольсі разам з мамінымі бацькамі. Пайшлі дзеці: Ірына, Валерый і малодшая Алена. Вось так і жылі: старанна і рупліва працавалі, вучылі працаваць нас, выхоў­валі годнымі людзьмі. І ім гэта ўдалося: бацькам ніколі не было сорамна за сваіх дзяцей. Ірына атрымала прафесію цырульніка, працавала па спецыяльнасці, а зараз сезонна працуе поварам у калгаснай сталовай. Валерый служыў у пагранічных войсках, у 45 гадоў выйшаў у запас, зараз працуе вадзіцелем аўтобуса. А я настаўнічаю ў роднай Ярэўскай школе. Кожны дзень па дарозе на работу наведваю бацькоў. Багатыя нашы юбіляры і на ўнукаў, іх чацвёра: Крысціна, Павел, Уладзімір, Дар’я. Ёсць маленькая пястушачка — праўнучка Евачка.

Вось так і жывуць два чалавекі, радуюцца поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў, хвалююцца, калі штосьці ў іх не атрымліваецца. Жывуць для сям’і, для дзяцей. Праз паўстагоддзя яны пранеслі павагу адно да аднаго, сталі адным цэлым. Няхай жа ім і надалей спадарожнічае шчасце, будзе моцным здароўе. Жывіце доўга-доўга, любыя. Нізка кланяемся вам.

Алена ЛАШУК, ад імя ўсіх дзяцей, унукаў і праўнучкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.