Пачэрпнулі карыснае, падзяліліся вопытам


Афіцыйныя делегацыі з Нарвегіі, Літвы і Беларусі з мэрам Рэзекне Монвідсам Шварцам.

З Рэзекненскай краявой думай Пастаўскі раён супрацоўнічае ўжо даўно. Латвійскі і беларускі рэгіёны звязваюць шматгадовае сяброўства і партнёрскія адносіны. Штогод адбываецца абмен афіцыйнымі візітамі, наладжана дастаткова цеснае ўзаемадзеянне ў сферы культуры і розных сацыяльных праектах. Так, афіцыйныя дэлегацыі і музычныя калектывы з Рэзекне рэгулярна ўдзельнічаюць у Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, падчас якога абмяркоўваецца і далейшае супрацоўніцтва. Сёлета латышы таксама прыязджалі на наш фестываль і запрасілі ў адказ пастаўчан прыняць удзел у Днях Рэзекненскага краю 22—23 ліпеня.

У краіну-суседку адправіліся намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская, дырэктар ААТ “Навасёлкі-Лучай” Ю. Ф. Шымчык, яго намеснік С. І. Каласёнак, а таксама народная эстрадная група “25 плюс-мінус”. Задачай артыстаў было прадставіць беларускую музычную культуру, у прыватнасці напрамак джазавай музыкі, які развіваецца ў нашым рэгіёне. Яны выступалі на дзвюх пляцоўках: у пятніцу, 22 ліпеня, — у гарадскім пасёлку Малта, дзе разам з мясцовымі калектывамі давалі канцэрт у новай школе, уведзенай у эксплуатацыю ў снежні 2015 года, а ў суботу — у Рэзекне.

Тым часам члены афіцыйнай дэлегацыі мелі магчымасць правесці перагаворы з латвійскімі партнёрамі па розных напрамках, у тым ліку па эканамічным узаемадзеянні і абмене вопытам.

— Мы наведалі буйную фермерскую гаспадарку і сустрэліся з яе кіраўніком, — расказваў пасля вяртання на Радзіму Ю. М. Кісялёў. — Прааналізавалі іх вопыт работы, карысны для нас, падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў плане развіцця сельскай гаспадаркі — што датычыць будаўніцтва робатызаваных малочнатаварных комплексаў, адзін з якіх узведзены ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Для латвійскіх фермераў гэта тэма вельмі актуальная. Яны таксама плануюць укараняць робатызаваныя тэхналогіі ў вытворчасці малака, таму папрасілі падчас свайго блі­жэйшага візіту на Пастаўшчыну паказаць, як працуе сучасная ферма ў Коўзанах. Акрамя таго, быў абмеркаваны шэраг сацыяльных праектаў. Мы азнаёміліся з вопытам латышоў па рэканструкцыі ўстаноў адукацыі, працоўным выхаванні падрастаючага пакалення. Цікава было даведацца, што ў плане працоўнага выхавання ў школе Малты выбраны напрамак па мастацкай апрацоўцы металу — дзеці сваімі рукамі ствараюць прыгожыя ювелірныя і іншыя вырабы.

Выступае народная эстрадная група “25 плюс-мінус”.

Кульмінацыя свята была ў суботу. Тады адбылося афіцыйнае адкрыццё Дзён Рэзекненскага краю. Падчас святочных мерапрыемстваў госці з Пастаў убачылі, што мясцовая ўлада ўдзяляе вялікую ўвагу прапагандзе сямейных каштоўнасцей. Па словах Ю. М. Кісялёва, значны блок праграмы быў прысвечаны ўшаноўванню мнагадзетных сем’яў і сямейных дынастый, розныя пакаленні якіх пражываюць у Рэзекненскім краі, паколькі ў Латвіі на сённяшні дзень востра стаіць праблема дэмаграфічнай сітуацыі і адтоку насельніцтва за мяжу.

— Калі гаварыць пра адносіны да Беларусі і беларусаў, адчувалася, што яны вельмі шчырыя, добразычлівыя і цёплыя, — адзначыў Юрый Мікалаевіч. — Латышы бачаць у нас не проста суседзяў, а сяброў і партнёраў. Вельмі цёпла сустракалі нашых музыкантаў. Ім быў прадастаўлены гонар адкрываць свята — першымі выйсці на сцэнічную пляцоўку ў суботу. Песні ў выкананні народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” спадабаліся гледачам, якія праводзілі калектыў бурнымі апладысментамі.

У ходзе афіцыйных сустрэч пастаўчане мелі магчымасць пазнаёміцца з дэлегацыяй з Малдовы, якая таксама была запрошана на свята. Мэр горада Едзінец прапанаваў разгле­дзець пытанне аб наладжванні дзелавых і сяброўскіх кантактаў з Пастаўскім раёнам. Таму плануецца ў бліжэйшай перспектыве прапрацаваць дагавор аб супрацоўніцтве з малдаванамі.

Разам з афіцыйнай дэлегацыяй у Рэзекне выязджалі і пастаўскія тэлежурналісты.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.