Падарункі ад філіяла Белтэлекама


Мікалай Дзмітрыевіч Венікаў віншуе камбайнера Сяргея Ула-дзіміравіча Гіля і вадзіцеля Аляксандра Мікалаевіча Альхімёнка.

У аўторак, атрымаўшы заданне ехаць на ўборку ячменю, камбайнеры і вадзіцелі навасёлкаўскага сельгасаддзялення  так і не рушылі ў поле — з самага ранку пайшоў моцны дождж. І хаця механізатары не засталіся без справы, яшчэ адзін дзень жніва аказаўся змарнаваным.

— За 44 гады работы не магу прыгадаць такой цяжкай уборкі, — гаварыла галоўны аграном ААТ “Навасёлкі-Лучай” Вера Васільеўна Мукель. — Нават пры нашым добрым укамплектаванні машынна-трактарнага парка, наяўнасці моцнай сушыльнай гаспадаркі няўбранымі застаюцца яшчэ 500 гектараў зерневых. З  гектара намалочваем  у сярэднім да 38 цэнтнераў збажыны, але якой цаной?

Азімыя і яравыя ў гаспадарцы ўбраны на 2011 гектарах. Гэта самы высокі паказчык у раёне і складае  80,9% планавай пло­шчы. З улікам кліматычных умоў тэмпы жніва быццам бы і нядрэнныя. Але яны не задавальняюць як кі­раўніцтва і спецыялістаў, так і саміх механізатараў. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык адзначыў, што абстаноўка сёлета вельмі складаная. Даўно не было такога, каб жніво завяршалі незадоўга да пачатку сяўбы азімых, уборкі бульбы. Для заканчэння абмалоту збожжавых патрэбны не больш за 4-5 дзён. Але бяда ў тым, што ўз’ехаць на поле немагчыма.

А камбайнеры рвуцца на хлебную ніву. У вышэйшых намалотах зацікаўлены ўсе 11 экіпажаў. На камбайне “КЗС-1218” лідзіруе Сяргей Уладзіміравіч Гіль. Ён першым у гаспадарцы намалаціў ужо больш за 800 тон зерня і не губляе надзеі, што выйдзе на тысячны рубеж. З такім намерам працуюць таксама Уладзімір Пятровіч Праліч, Андрэй Антонавіч Жалейка, Аляксандр Часлававіч Курдо, Святаслаў  Іосіфавіч Зарэцкі і іншыя.

А вось для вадзіцеля Аляксандра Мікалаевіча Альхімёнка, здаецца, не існуе ніякіх цяжкасцей. Як і ў папярэднія гады, ён і сёлета ўзначальвае раённае спаборніцтва, перавёз ужо больш за 1300 тон зерня. 1088 тон на рахунку Аляксандра Святаслававіча Зарэцкага.

Таму невыпадкова, што на гэтым тыдні ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” завіталі  старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, галоўны тэхнічны інспектар працы тэхнічнай інспекцыі працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Анатолій Лявонцьевіч Сцяпанаў і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” Мікалай Дзмітрыевіч Венікаў. Мікалай Дзмітрыевіч патлумачыў, што  рашэннем абласнога аб’яднання прафсаюзаў іх арганізацыю  замацавалі за Пастаўскім раёнам, каб разам з ін­шымі ведамства­мі матэрыяльна заахвоціць перадавых ­удзель­нікаў жніва. Такі гонар выпаў навасёлкаўцам — камбайнеру Сяргею Уладзіміравічу Гілю і вадзіцелю Аляксандру Мікалаевічу Альхімёнку. Ім былі ўручаны наборы для выканання слясарна-мантажных работ. А Аляксандр Мікалаевіч (ён першы ў раёне перавёз тысячу тон зерня) атрымаў яшчэ і грашовую прэмію, а таксама  дыплом раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

Госці пажадалі ўзнагаро­джаным і кіраўніцтву гаспадаркі хутчэйшага фінішу на жніве, арганізаванага правядзення ўсяго комплексу асенніх палявых работ.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.